Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дынько пра «Клюб рэдактараў»: Гэта перадача, каб прыніжаць і дыскрэдытаваць


Андрэй Дынько

Андрэй Дынько

Галоўны рэдактар газэты «Наша Ніва» Андрэй Дынько ў нядзелю ўзяў удзел у тэлеперадачы «Клюб рэдактараў», якая выходзіць на тэлеканале «Беларусь 1».

Разам з Андрэем Дынько ў выпуску ўдзельнічалі кіраўнік інфармацыйнага агенцтва «БелТА» Дзьмітры Жук, галоўныя рэдактары газэтаў «СБ-Беларусь сегодня» Павал Якубовіч і «Звязда» — Алесь Карлюкевіч. Вёў перадачу кіраўнік «Белтэлерадыёкампаніі» Генадзь Давыдзька.

Гэтым разам абмяркоўвалі вызваленьне ўкраінкай лётчыцы Надзеі Саўчанкі, парлямэнцкія выбары ў Беларусі, паездку лідэраў апазыцыі ў Брусэль з патрабаваньнем не прызнаваць вынікі парлямэнцкіх выбараў, калі ў іх будзе ўдзельнічаць Тацяна Караткевіч. Не абмінуў увагу рэдактараў і зроблены ў Брусэлі фатаздымак, на якім Юры Губарэвіч, Анатоль Лябедзька, Аляксей Янукевіч і Сяргей Калякін заўзята спаборнічаюць у настольны футбол.

У камэнтары для Свабоды Андрэй Дынько сказаў, што нічога зь яго выказваньняў падчас мантажу ня выкінула, але адзначыў:

— Удзельнікі своеасабліва ацанілі вызваленьне Надзі Саўчанкі. Было сказана, што Расея «падкінула вожыка» Ўкраіне. Маўляў, Саўчанка са сваімі прэзыдэнцкімі амбіцыямі заблытае і без таго заблытаную палітычную сытуацыю. Як вы гэта ацэньваеце?

Цынізм некаторых выказваньняў пра Саўчанку вельмі паказальны. І ён адлюстроўвае цынізм гэтых людзей і дзяржаўных СМІ ўвогуле.

— Цынізм некаторых выказваньняў пра Саўчанку вельмі паказальны. І ён адлюстроўвае цынізм гэтых людзей і дзяржаўных СМІ ўвогуле. Разам з тым, я лічу, што якімі б не былі цяжкімі ўмовы для дыялёгу, вельмі важна, што хаця б у нейкіх формах ён адбываецца. Давайце не перабольшваць аўдыторыю «Клюбу рэдактараў» — аўдыторыя «Нашай Нівы» нашмат большая — нават у такіх умовах хай дыялёг ідзе, хай Давыдзька пабачыць Дынька ўжывую і пачуе яго меркаваньне не празь іншыя СМІ, а асабіста.

— Ці адчуваецца супрацьстаяньне паміж «запрошаным госьцем» і штатнымі ўдзельнікамі, рэдактарамі дзяржаўных СМІ?

— Сама праграма збудаваная такім чынам, што ўдзельнічаць у ёй вельмі цяжка. Сядзяць чатыры чалавекі з пэўнага лягеру, які перасьледуе пэўныя мэты, і адзін чалавек зь незалежнага выданьня. Праграма робіцца для таго, каб у такі хітры езуіцкі спосаб прыніжаць, уносіць раскол, дыскрэдытаваць недзяржаўныя выданьні і апазыцыйных палітыкаў. Таму задача перад запрошаным чалавекам стаіць вельмі складаная. Я ня ведаў, як усё атрымаецца. Але цяпер чытаю водгукі на інтэрнэт-форумах і сацыяльных сетках — людзі дзякуюць мне і хваляць тое, якім чынам я адказваў, і тыя думкі, якія я там выказаў. Людзі разумеюць, што гэта тое самае, як гуляць у футбол аднаму супраць чатырох.

Праграма робіцца для таго, каб у такі хітры езуіцкі спосаб прыніжаць, уносіць раскол, дыскрэдытаваць недзяржаўныя выданьні і апазыцыйных палітыкаў.

— Як вы ацэньваеце свой удзел?

— Здаецца, мне ўдалося забіць пару прыгожых галоў.

— Што вы параіце тым, каго «Клюб рэдактараў» будзе далей запрашаць у якасьці «хлопчыка для біцьця»? Можа лепш адмаўляцца ад такіх перадачаў?

— Перад тым, як прыняць рашэньне, трэба ўзважыць усе «за» і «супраць» у канкрэтнай сытуацыі. Калі гэта жывы эфір, то ісьці трэба. Калі гэта запіс, то трэба думаць і ўзважваць. Калі гэта запрашэньне на перадачу Вадзіма Гігіна, дзе ёсьць абсалютная маніпуляцыя грамадзкай думкай, ганебныя для любога СМІ фальшывыя лічбы галасаваньня па тэме. Калі АНТ настолькі сябе не паважае, што дае гэтыя фальшывыя вынікі апытанак, то хадзіць туды ня трэба. Бо ўдзелам у такіх перадачах чалавек удзельнічае ў маніпуляцыі. У «Клюбе рэдактараў», прынамсі, гэтага сродку няма.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG