Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мэдыкі заклікаюць перанесьці Алімпіяду-2016. Арганізацыя аховы здароўя ня бачыць сэнсу


Сусьветная арганізацыя аховы здароўя заявіла, што ня бачыць сэнсу адкладаць Алімпійскія гульні ў Рыё-дэ-Жанейра або пераносіць іх у іншае месца з-за эпідэміі ліхаманкі Зіка ў Бразіліі.

«Ці можа перанос Гульняў неяк спыніць распаўсюд віруса Зіка? Адказ: не. Мяркуючы па тым, як людзі падарожнічаюць і як перамяшчаюцца камары [пераносчыкі хваробы], Зіка будзе вельмі павольна распаўсюджвацца па сьвеце ад тых мясьцін, дзе жывуць камары роду кусак», — заявіла прадстаўніца СААЗ Ніка Александэр.

Больш за сто аўтарытэтных мэдыкаў і іншых прафэсіяналаў у галіне мэдыцыны зьвярнуліся напярэдадні з адкрытым лістом да кіраўніка Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ), у якім утрымліваецца заклік перанесьці або адмяніць летнія Алімпійскія гульні ў Рыё-дэ-Жанейра з-за сур’ёзнай пагрозы здароўю людзей, які ўяўляе вірус Зіка.

Навукоўцы адзначаюць, што праводзіць Алімпіяду падчас ўспышкі эпідэміі неэтычна, і заклікаюць СААЗ перагледзець правілы і абмежаваньні, зьвязаныя з Зікай.

«Мы выступаем з такім заклікам, нягледзячы на шырока распаўсюджаныя фаталістычныя настроі: маўляў Гульні ў Рыё непазьбежныя, гэтае мерапрыемства занадта значнае, каб ад яго адмовіцца, — напісана ў лісьце. — Бразыльская разнавіднасьць віруса Зіка наносіць шкоду здароўю чалавека спосабамі, якія раней не былі аб’ектам навуковага назіраньня. Ствараецца непатрэбная рызыка, калі каля 500 тысяч замежных турыстаў аказваюцца пад пагрозай заражэньня і распаўсюджваньня гэтага віруса па ўсім сьвеце». Браць на сябе падобную рызыку, пішуць мэдыкі, неэтычна, асабліва, калі ёсьць магчымасьць адкласьці спартовыя спаборніцтвы або перанесьці іх у іншую краіну.

Эпідэмія ліхаманкі пачалася летась у Бразіліі, на сёньняшні дзень яна ахапіла больш за 60 краінаў. Алімпійскія гульні ў Рыё-дэ-Жанейра пройдуць з 5 па 21 жніўня. Горад зьяўляецца адным з эпіцэнтраў распаўсюджваньня віруса Зіка, які, як лічыцца, выклікае мікрацэфалію — значнае памяншэньне памеру чэрапа і недаразьвітасьць дзіцяці, — калі жанчына падчас цяжарнасьці была заражаная гэтым вірусам.

XS
SM
MD
LG