Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Песьня году — «Родны край». У Менску далі прэмію Rock Profi 2016


Пераможцы ў намінацыі «Альбом году» і «Артыст году» — Re1ikt і іх «Лекавыя травы». Дэбют году — Super Besse.

Увечары 26 траўня ў менскім клюбе ili прайшла цырымонія ўручэньня чацьвёртай беларускай прафэсійнай музычнай прэміі Rock Profi. У цемры невялікага падвалу сабраліся з сотню прыхільнікаў гуртоў і журналістаў, перад імі выступілі гурты Intelligency, True Litwin Beat, Unhuman Remains, Slowner і «Сестричкин луч».

Ад іншых прэміяў Rock Profi адрозьніваецца тым, што пераможцаў абіраюць самі музыкі, пры чым тыя, хто выдаў хоць нешта за апошнія тры гады. Сёлета журы сабралася рэкордна вялікае — 66 артыстаў. Прэмія выдаецца гуртам, якія граюць рок, інды і альтэрнатыўную музыку, за запісы і выступы ў мінулым, 2015 годзе. Арганізатарамі прэміі выступілі Павал Юрцэвіч са студыі «Осмас» і Дзьмітры Безкаравайны з парталу Experty.by. Яны абяцалі максымальную празрыстасьць прэміі — і на наступны пасьля прэміі дзень выклалі пратаколы, у якіх зафіксаваныя ўсе галасы журы.

Дэбютам году спэцыялісты назвалі менскі пост-панк-гурт Super Besse, які ўжо пасьпеў «засьвяціцца» ў Эўропе. Яны атрымалі ўзнагароду з рук пераможцаў у гэтай намінацыі ў мінулым годзе — TonqiXod.

Super Besse

Super Besse

Прыз за найлепшы запіс атрымаў гукарэжысэр Аляксандар Геліх за альбом «Музыка — всё!» гурту «Серебряная свадьба».

Аляксандар Геліх

Аляксандар Геліх

Ганаровую статуэтку за ўнёсак у беларускую музыку атрымала этна-трыё «Троіца». Папярэднія ўладальнікі такіх статуэтак — «Ляпіс Трубяцкі», «Крама» і N.R.M.

«Троіца»

«Троіца»

Песьняй году стала «Родны край» гурту Brutto. Яе аўтары не змаглі наведаць цырымонію, ды й выступаць камандзе Сяргея Міхалка ў Беларусі пакуль не выпадала (аднойчы ім перашкодзіў нават этыленгліколь). У іншых намінацыях пераможцу называў пераможца адпаведнай намінацыі мінулай прэміі, ды на мінулай прэміі перамог гурт «Ляпіс Трубяцкі» зь песьняй «Воины света». Таму пераможцу назваў беларускі музыка Сяргей Пукст — які і забраў узнагароду, каб, магчыма, перадаць яе пераможцам.

І адразу дзьве прэміі атрымаў гурт Re1ikt: адну за альбом «Лекавыя травы» як альбом году, другую — як артыст году. Першую статуэтку яны атрымалі з рук Лявона Вольскага, які летась перамог з альбомам «Грамадазнаўства», другую — ад ранейшага ляўрэата прэміі за ўнёсак у беларускую музыку Ігара Варашкевіча.

Re1ikt

Re1ikt

XS
SM
MD
LG