Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Першы Эўхарыстычны кангрэс адбываецца ў Горадні


Паседжаньне першага Нацыянальнага эўхарыстычнага кангрэсу ў Горадні ў памяшканьні каталіцкай сэмінарыі

Паседжаньне першага Нацыянальнага эўхарыстычнага кангрэсу ў Горадні ў памяшканьні каталіцкай сэмінарыі

У Горадні на працягу трох дзён адбываецца Нацыянальны эўхарыстычны кангрэс. Рэлігійны форум у гонар Божай Міласэрнасьці прысьвечаны 25-годзьдзю заснаваньня Гарадзенскай дыяцэзіі і праводзіцца ў Беларусі ўпершыню.

Мерапрыемства такога кшталту ў Беларусі адбываецца ўпершыню. У ім бяруць удзел, акрамя шматлікіх сьвятароў, манахаў і вернікаў, усе біскупы Беларусі на чале зь мітрапалітам Менска-Магілёўскім арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам. Сярод ганаровых гасьцей Кангрэсу — папскі легат кардынал Зянон Грахалеўскі, прэфэкт-эмэрыт Кангрэгацыі Каталіцкай Адукацыі.

Гаворачы пра свае ўражаньні ад кангрэсу, кардынал Грахалеўскі сказаў Свабодзе: ён вельмі ўсьцешаны тым, што падобнае мерапрыемства адбываецца ў Беларусі. Кардынал пабачыў на кангрэсе шмат людзей, зацікаўленых тэмай Эўхарыстыі, праслухаў мноства дакладаў, адказваў на розныя пытаньні.

Ганаровы госьць кангрэсу — папскі легат кардынал Зянон Грахалеўскі, прэфэкт-эмэрыт Кангрэгацыі Каталіцкай Адукацыі

Ганаровы госьць кангрэсу — папскі легат кардынал Зянон Грахалеўскі, прэфэкт-эмэрыт Кангрэгацыі Каталіцкай Адукацыі

— Я яшчэ вельмі цешуся, што кангрэс прысьвечаны 25-годзьдзю заснаваньня Гарадзенскай дыяцэзіі, паколькі для касьцёла Эўхарыстыя ёсьць крыніцай і вяршыняй усяго хрысьціянскага жыцьця. Вельмі важны аспэкт у гэтым — міласэрнасьць, і найбольшую міласэрнасьць Бог аказаў менавіта праз Эўхарыстыю.

Біскуп Гарадзенскай дыяцэзіі Аляксандар Кашкевіч сказаў у інтэрвію Свабодзе: вельмі сымбалічна, што 25-годзьдзе заснаваньня Гарадзенскай дыяцэзіі прыпадае на абвешчаны ў каталіцкім Касьцёле Год Божай Міласэрнасьці. Ён таксама ўзгадаў, як 25 гадоў таму, 13 траўня 2001 году, былі адноўленыя структуры Каталіцкага касьцёла ў Беларусі: Менска-Магілеўская дыяцэзія, Пінская дыяцэзія ў новых межах, і зьявілася цалкам новая Гарадзенская дыяцэзія, якая на 85% раней належала да Віленскай архідыяцэзіі.

Біскуп Гарадзенскай дыяцэзіі Аляксандар Кашкевіч

Біскуп Гарадзенскай дыяцэзіі Аляксандар Кашкевіч

— Я быў прызначаны першым біскупам Гарадзенскай дыяцэзіі, і напачатку было вельмі няпроста. Я прыехаў сюды зь Літвы, дзе служыў раней у Панявежысе, і сытуацыя з касьцёлам тут значна розьнілася. Калі ў Літве ў савецкія часы касьцёл перасьледаваўся ўладамі, то тут у некаторых выпадках ён быў папросту зьнішчаны. За гэтыя 25 гадоў касьцёл паволі адраджаецца дзякуючы Богу, ёсьць вялікія зьмены: паўстаюць новыя храмы, рамантуюцца старыя, і ўсё гэта адбываецца таксама няпроста. Але мне б хацелася сказаць пра той жывы касьцёл — куды прыходзяць людзі і моляцца. І мы прыкладаем дзеля гэтага ўсе свае намаганьні, і хацелася б, каб не стаміліся на шляху эвангелізацыі, катэхізацыі, навучаньня. Каб моладзь, дзеці і люд Божы быў сьвядомы, меў праўдзівую дарогу да Божага збавеньня.

У залі кангрэсу

У залі кангрэсу

Біскуп Кашкевіч дадаў, што за гэтыя 25 гадоў касьцёл на Гарадзеншчыне набыў беларускія рысы.

— У гэтай справе шмат зроблена. У нас паўсюль вядзецца імша сьвятая па-беларуску, выдаюцца кнігі, газэта і розныя іншыя матэрыялы на беларускай мове, робім пераклады. Паволі, паволі адраджаецца гэтае жыцьцё і мова разам зь ім. Думаю, што касьцёл і надалей будзе рабіць усё, каб сьвятар зьвяртаўся да сваіх парафіянаў так, каб яго разумелі.

Афіша кангрэсу

Афіша кангрэсу

Па заканчэньні кангрэсу ягоныя ўдзельнікі пройдуць ва ўрачыстай працэсіі Божага цела, якая адбудзецца ўвечары ў Горадні. Штогод традыцыйная працэсія зьбірае па некалькі тысяч вернікаў.

Бэрнардынскі касьцёл у Горадні

Бэрнардынскі касьцёл у Горадні

XS
SM
MD
LG