Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рада Эўропы выказала шкадаваньне з нагоды чарговага сьмяротнага прысуду ў Беларусі


Адпаведную дэклярацыю Камітэт міністраў Рады Эўропы прыняў 25 траўня пасьля вынясеньня сьмяротнага прысуду ў дачыненьні да жыхара Гомеля Сяргея Вострыкава.

Камітэт міністраў Рады Эўропы глыбока шкадуе з нагоды вынясеньня ў Беларусі трэцяга з пачатку 2016 году сьмяротнага прысуду.

Як паведамілі агенцтву БелаПАН у прэс-службе Рады Эўропы, у дакумэнце падкрэсьліваецца, што сьмяротнае пакараньне парушае прынцыпы, выкладзеныя ў Сусьветнай дэклярацыі правоў чалавека і ў Эўрапейскай канвэнцыі па правах чалавека.

Камітэт міністраў рады Эўропы просіць беларускія ўлады ўвесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне ў якасьці першага кроку на шляху да яго поўнай адмены.

19 траўня Гомельскі абласны суд прыгаварыў да выключнай меры пакараньня — расстрэлу — жыхара Гомеля 1982 году нараджэньня. Мужчына абвінавачваўся адразу па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэксу: ч. 1, 2 арт. 166 (згвалтаваньне), ч. 2 арт. 167 (гвалтоўныя дзеяньні сэксуальнага характару), ч. 1 арт. 182 (выкраданьне чалавека), п. 6, 8, 16 ч. 2 арт. 139 (забойства, учыненае з асаблівай жорсткасьцю з мэтай схааць іншае злачынства асобай, якая раней учынiла забойства), ч. 1, 2 арт. 205 (крадзеж).

Слуханьне рэзананснай справы праходзіла ў закрытым рэжыме.

З асуджэньнем чарговага сьмяротнага прысуду раней выступіў Эўразьвяз. У заяве прэс-сакратара Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў Маі Качыянчыч адзначалася, што рост колькасьці новых і пакінутых у сіле сьмяротных прысудаў у Беларусі ў апошнія некалькі месяцаў супярэчыць заяўленай гатоўнасьці краіны ўзаемадзейнічаць зь міжнароднай супольнасьцю, у тым ліку з Эўразьвязам, па гэтай праблеме, а таксама разгледзець пытаньне ўвядзеньня мараторыю на прымяненьне сьмяротнай кары. «Апошняе таксама зьяўляецца абавязаньнем, узятым на сябе Беларусьсю ў адказ на рэкамэндацыі Рады ААН па правах чалавека ў рамках Унівэрсальнага пэрыядычнага агляду», — адзначыла Качыянчыч.

Маy Качыянчыч

Маy Качыянчыч

«Сусьветны вопыт паказаў, што сьмяротнае пакараньне не зьяўляецца фактарам, які стрымлівае злачыннасьць, і менавіта таму многія краіны адмовіліся ад яго прымяненьня. Больш за тое, выкананьне сьмяротнага прысуду ў дачыненьні да чалавека, незалежна ад таго, за што ён асуджаны, зьяўляецца жорсткім і непрымальным адмаўленьнем яго годнасьці і недатыкальнасьці», — гаварылася ў заяве Качыянчыч.

З 1991 году ў Беларусі прыгавораны да расстрэлу больш за 400 чалавек. Толькі адзін асуджаны быў памілаваны кіраўніком дзяржавы.

XS
SM
MD
LG