Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Бясплатны «Добры ровар» вернецца на менскія вуліцы


Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Байк-кросінг ня зьменіць фармат, але абяцае хутчэй рамантаваць ровары, папсаваныя карыстальнікамі.

Бясплатны пракат ровараў (байк-кросінг) «Добры ровар» зноў запусьціцца ў Менску гэтым летам. Як і раней, адзін з двух дзясяткаў ровараў можна будзе ўзяць на 12 гадзін на тузіну стаянак у цэнтры горада, папярэдне замовіўшы яго на сайце dobrovar.by.

«Так, праект дакладна будзе, недзе на першых тыднях чэрвеня, — кажа Свабодзе адзін з кіраўнікоў праекту Кірыла Кудравец. — Адначасова ў пракаце ровараў, як і раней, будзе 20-25, а парковак — 10-25. Але нам хацелася б палепшыць саму якасьць пракату, каб ровары больш апэратыўна рамантаваліся, бо часам атрымлівалася, што ровары ламаліся і надоўга выходзілі з сыстэмы».

Кірыла Кудравец

Кірыла Кудравец

Ён адзначае, што летась пракат карыстаўся вялікім попытам: у сыстэме зарэгістраваліся 2500 чалавек, і на ровары быў сталы попыт. Праект прыцягнуў з паўсотні валянтэраў, а калі ровары зьнікалі, шукалі «вялікай талакой». І практычна ўсім стваральнікі праекту задаволеныя:

«Толькі агулам хацелася б падвышаць культуру саміх карыстальнікаў, каб было больш беражлівае стаўленьне да ровараў», — дадае Кудравец.

Праект рэалізуецца цалкам як грамадзкая ініцыятыва без удзелу дзяржавы — што талакой праз збор грошай на MaeSens, што сіламі добраахвотнікаў, што пры падтрымцы няўрадавых арганізацыяў, як «Зялёная сетка». Аднойчы праекту падарункамі дапамог і «Прыёрбанк». Такі валянтэрскі праект Кудравец лічыць добрай перадумовай для таго, каб горад займеў грамадзкі пракат ровараў, які можна пабачыць у эўрапейскіх гарадах, а таксама добрай дэманстрацыяй таго, што ровар «можа зьяўляцца транспартам», якім можна скарыстацца па дарозе на працу і вучобу.

Як скарыстацца «Добрым Роварам»:

  • Дачакацца запуску праекту. Паведамленьні пра запуск зьявяцца на сайце dobrovar.by і ў сацсетках.
  • Зарэгістравацца на сайце.
  • Выслаць на reg.bikecrossing@gmail.com свой лагін, пад якім рэгістраваліся, і скан альбо якаснае фота апошняй старонкі пашпарту. І дачакацца адказу пра ўзгадненьне рэгістрацыі.
  • Пасьля ўзгадненьня ўвайсьці на сайт пад сваім лагінам і паролем.
  • Абраць сярод незанятых любы ровар і націснуць «Забраніраваць». Альбо абраць найбліжэйшую стаянку і забраніраваць на ёй ровар, калі ён незаняты.
  • Запісаць пароль ад замка, якім ровар прычэплены да стаянкі.
  • Карыстацца роварам цягам 12 гадзінаў з моманту браніраваньня.
  • Па заканчэньні вярнуць ровар на адну са стаянак праекту і прычапіць яго замком.
  • Зайсьці на сайт і націснуць кнопку «Вярнуць ровар», пазначыўшы стаянку, на якой пакідаеце ровар.
XS
SM
MD
LG