Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экс-кандыдат у прэзыдэнты патрабуе ўзмацніць кантроль на беларуска-расейскай мяжы. Зь ім ня згодныя


Галоўнае ўпраўленьне наркакантролю і процідзеяньня гандлю людзьмі крымінальнай міліцыі Міністэрства ўнутраных спраў ня бачыць неабходнасьці ва ўзмацненьні кантролю на беларуска-расейскай мяжы.

Гэта вынікае з адказу на зварот намесьніка старшыні партыі БНФ Рыгора Кастусёва. Палітык настойваў, што такі кантроль мусіць быць узмоцнены, бо наркотыкі і зброя амаль без перашкодаў трапляюць у Беларусь праз «адкрытасьць мяжы з Расейскай Фэдэрацыяй».

«Супрадзеяньне незаконнаму абароту наркотыкаў ва ўсходнім кірунку ажыцьцяўляецца на пастаяннай аснове ўсімі праваахоўнымі арганамі, у тым ліку, у рамках удзелу ў дзейнасьці АДКБ», — сьцьвярджаецца ў адказе за подпісам кіраўніка ведамства Васіля Лосіча.

Паводле міліцыянта, «Беларусь зьяўляецца актыўным удзельнікам міжнароднай антынаркатычнай апэрацыі „Канал“ па перакрыцьці каналаў кантрабанды наркотыкаў».

У адказе згадваецца і дэкрэт Аляксандра Лукашэнкі «Аб неадкладных мерах па процідзеяньні незаконнаму абароту наркотыкаў», паводле якога была ўведзеная крымінальная адказнасьць за незаконнае перамяшчэньне праз дзяржаўную мяжу Беларусі наркотыкаў у рамках Эўразійскага эканамічнага саюзу.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, у Беларусі на ўліку больш за 6 тысяч наркаманаў, між тым незалежныя экспэрты мяркуюць, што насамрэч трывала залежаць ад ужываньня наркотыкаў ня менш за 50 тысяч беларусаў.

Якія наркотыкі і адкуль трапляюць у Беларусь?

Як зазначаюць экспэрты, з Расеі ў Беларусь пранікаюць у асноўным гашыш і гераін, з Украіны опіюмныя наркотыкі і марыхуана. Нямала традыцыйных наркотыкаў завозяць таксама з дальняга замежжа транзытам у краіны Эўразьвязу.

Што да сынтэтычных наркотыкаў, якія сталі асабліва папулярнымі ў апошнія гады, яны патрапляюць звычайна альбо праз краіны Эўропы, альбо з Кітая праз Расею.

Другі месяц у Менскім гарадзкім судзе праходзіць працэс над 17 грамадзянамі, якіх абвінавачваюць у распаўсюдзе псыхатропаў, дастаўленых з Расеі. На лаве падсудных у тым ліку былы супрацоўнік КДБ, былы міліцыянт і былы журналіст.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG