Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Першая лыжка зь Вінцуковай кніжкі 


Кніжка сьвежая, толькі-толькі пачытаная, яшчэ й ня ўся дачытаная, пасмакаваная, моцна ўпадабаная ды іншым гурманам рэкамэндаваная.

Bravo, Вінцук!

Ірына Дубянецкая

Ірына Дубянецкая

Кніга — сьвята. Уся, колькі яе ёсьць, ад ідэі да выкананьня, ад арганізацыі кніжнай прасторы да яе запаўненьня вялікімі і малымі зьместамі, сэнсамі, карцінкамі, графікамі, цытатамі, гумарам, гістарычнымі экскурсамі, імёнамі, мясьцінамі, гісторыямі й показкамі — і ўсё гэта зіхаціць, пырскае, зьліваецца й пераліваецца ў адзіным фантане энтузіязму, любові, ведаў, досьведу ды аграмаднай эрудыцыі аўтара. Я яе чытаю, і мне раз-пораз хочацца фруктовых лёдаў ці поп-корну, а самой кнігі хочацца яшчэ і яшчэ.

Кніга — небясьпека. Для ўсіх, хто ня любіць неспадзевак і хоча ўсё трымаць пад кантролем. Яна не пакіне вас тым/там (лішняе закрэсьліць), кім/дзе (патрэбнае падкрэсьліць) вы былі ў вашых дачыненьнях з моваю. Яна штосьці скране і ў вашых дачыненьнях з Краінаю, яе культурай, гісторыяй, ідэнтычнасьцю, змусіць вас палюбіць і прыўласьніць нешта, пра існаваньне чаго вы яшчэ ўчора маглі не здагадвацца, — і гэтае нешта пашырыць вас, і вашыя ракаўкі-панцыры могуць трэснуць. І Беларусь прыме вас абноўленага — ці то вы яе, наноў адкрытую або проста нейкую іншую, ну хоць трошкі. І Мова загучыць хоць трошкі па-новаму, ці то больш урачыста й глыбока, ці то больш цёпла, знаёма і па-свойску.

Кніга — суразмоўца. Тон нязмушаны, часта вясёлы, і гэта дазваляе сотням кіляграмаў інфармацыі абрынацца на вас далікатна, нібыта вы й самі пра нешта такое заўсёды думалі, і вам хочацца сказаць: «Чакай, а вось у нас казалі... а я вось ведаю... і зусім нават ня так было...» І тыя сотні кіляграмаў асядаюць у вас і робяцца вашым здабыткам. І тое, што аўтар жанглюе рознымі мовамі, гістарычнымі фактамі, імёнамі ды ідэямі дасьледчыкаў розных эпох і культур, літаратурнымі пэрламі, фальклёрна-этнаграфічнымі скарбамі — у паветры адначасова можа лётаць тузін-другі шарыкаў — вас не напружвае, не палохае, а наадварот, здаецца зусім нармальным (маўляў, і я так змагу, калі захачу і калі таго-сяго падвучуся) і нават прывабным. Сваю немалую навуку кніга прапаноўвае проста, лёгка, даступна. А хочаш спрачацца — калі ласка. Ведаеш лепей? — малойца. Сам не заўважыш, як для сябе ж нешта важнае сфармулюеш.

Кніга — падручнік. Так, і гэта праўда. Не занудны, зусім не акадэмічны, але падручнік, поўны сыстэматызаванай інфармацыі пра розныя аспэкты беларускай мовы згодна з традыцыямі лінгвістычнай навукі. Падручнік, да якога можна ў любы час вярнуцца па нейкія зьвесткі, правілы, тлумачэньні. Падручнік, які перагукваецца зm іншымі падручнікамі па мове, абапіраецца на іх, працягвае іх, аднак застаючыся адметным і пазнавальным.

Добрай чытанкі ўсім, хто дабярэцца да гэтай кнігі, і добрай навукі.

19 траўня ў менскай галерэі «Ў» адбудзецца прэзэнтацыя ўнікальнае кнігі — «Па-беларуску зь Вінцуком Вячоркам». Яе склалі выбраныя праграмы з аднайменнага цыклю, якія аўтар цягам апошніх двух гадоў рыхтаваў для Радыё Свабода.

Пачатак а 18.30.

XS
SM
MD
LG