Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Выпраўлена В. Вячоркам», або Авантуры ягонага жыцьця


Надзя Старавойтава

Надзя Старавойтава

Водгук на кнігу «Па-беларуску зь Вінцуком Вячоркам», якая выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе», ад мэдыявісткі, мовазнаўцы, літаратаркі Надзі Старавойтавай.

«Выпраўлена В. Вячоркам»... Гэты авантурны брэнд зьявіўся ў калідорах менскіх установаў дзесьці на мяжы 80–90-х гадоў ХХ стагодзьдзя. Як апавядаў нам, тады яшчэ студэнтам філфаку БДУ, сам аўтар, прыроджаны філёляг ня можа спакойна прайсьці паўз памылку.

Пагатоў — такі віртуозны лінгвіст, як Вінцук Вячорка. І ён не праходзіў: выпраўляў, ставіў двойкі й дзе-нідзе падпісваўся згаданым выразам. Вось маем мы, настаўнікі мовы, маленькую слабінку: выпраўляць чырвонай асадкаю абʼявы ды лісты каханых, вычытваць-рэдагаваць камэнтары ў сеціве!

З такой жа адказнасьцю перад гісторыяй і будучыняй, высокім прафэсіяналізмам і тонкім досьціпам падышоў ён да ўкладаньня свае новае кнігі «Па-беларуску зь Вінцуком Вячоркам». Як зазначае сам у прадмове, яму МАЛА, каб чытач «любіў і паважаў» беларускую мову — такі сабе кансэрватыўны штамп, што так любяць паўтараць у нашых школках. Тут згадваюцца словы звычайнае гардэробшчыцы: «Няхай мова шануе й любіць вас!» Так мудра й проста акрэсьліла жанчына тое, над чым стагодзьдзямі бʼюцца філёлягі: сувязь мовы й маўленьня.

Маўленьне кожнага з нас афарбаванае багатай палітрай несьвядомых пачуцьцёвых імпульсаў, непасрэдных волевыяўленчых рэакцыяў, якія пры зносінах выяўляюцца розным чынам. Мы можам размаўляць па-беларуску ці па-расейску, да хрыпкі спрачацца пра клясычны й савецкі правапісы (дарэчы, харватам чамусьці не замінаюць іхныя тры правапісы, кожным зь якіх можна надрукаваць акадэмічны артыкул), але Мова ў нас Адна, як Сонца (казаў сьв. пам. Зьміцер Саўка — выбітны беларускі лінгвіст, паплечнік Вінцука Вячоркі).

А вось мове насамрэч «фіялетава» — любіш ты яе ці не, пагарджаеш ці не... калі «хто выплюнуў цыцку маці або злосна ўкусіў яе» (як пісаў Уладзімер Караткевіч) — без такіх яна перажыла стагодзьдзі навалы й жыцьме надалей. Галоўнае, каб яна, Адзіная, была да цябе прыхільнаю. І тады словы ліюцца з вуснаў песьняю.

Вось да такога сяброўства-любасьці з матчынай моваю, вычуваньня яе сітавінкамі скуры, да «моўнага ўчынку», да пошуку неадкрытых скарбаў мовы заахвочвае Вінцук Вячорка свайго чытача.

Ягоная кніга празрыстая й зручная ў выкарыстаньні, укладзеная паводле «прынцыпу нізкі» папулярных нататак пра мову, якія раней паасобна гучалі на Радыё Свабода. Гэтым яна нагадвае пасьмяротнае выданьне Юрася Бушлякова — рыцара беларускага слова — «Жывая мова», якое ўжо пасьпела стацца настольнай кнігаю кожнага ўдумлівага філёляга. У прэзэнтаванай 19 траўня кнізе кожны лёгка адшукае сабе штосьці да душы — вычытае якое правіла, што зразумела й тонка тлумачыцца, пабачыць паралелі зь іншымі мовамі й гістарычныя камэнтары, адчуе самавітасьць моўнае жарынкі.

Вось пабачыла ў кнізе, што можна будаваць — дом, што наладжваць — дачыненьні (ці стасункі), што шыхтаваць — войска, а што строіць — вочкі, дурня й жарты. І да апошняга значэньня адразу ж згадалася вышуканае калісьці ў розных крыніцах, надзвычай сымпатычнае — вочкі казеліць, дурня клеіць і кепікамі паабкладаць. Гэта, бадай, і ёсьць той самы моўны пошук, да якога заклікае аўтар у сваёй прадмове, калі ідэя спараджае ідэю, як ланцужковая рэакцыя. Багатая нашая мова на дэталізаваныя сынонімы, на сэмантычныя нюансаваньні, якія трэба адкрываць і рэстаўраваць носьбітам мовы.

Вінцук Вячорка бярэ пэўную моўную зьяву, слова ці выраз — і архітэктурна разгортвае перад намі карункавую тканіну, якая, быццам сакральнае павуціньне ці драўняныя колцы, нясе ў сабе код крывіцкае гісторыі.

Вывучайма мову зь Вінцуком Вячоркам! Гэта цікава. Гэткім выстаім!

19 траўня ў менскай галерэі «Ў» адбудзецца прэзэнтацыя ўнікальнае кнігі — «Па-беларуску зь Вінцуком Вячоркам». Яе склалі выбраныя праграмы з аднайменнага цыклю, якія аўтар цягам апошніх двух гадоў рыхтаваў для Радыё Свабода.

XS
SM
MD
LG