Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Malta Today: жонка Пефціева заснавала афшоры падчас санкцыяў ЭЗ супраць мужавага бізнэсу


Мальтыйскае выданьне Malta Today піша, што жонка беларускага алігарха Ўладзіміра Пефціева, Вольга Макарава, заснавала як найменей 12 афшорных кампаній на Брытанскіх Віргінскіх выспах і на Сэйшэлах, у той час як кампаніі яе мужа трапілі пад санкцыі Эўразьвязу.

Выданьне спасылаецца на новую порцыю гэтак званых «панамскіх папераў», апублікаваных Міжнародным кансорцыюмам журналісцкіх расьсьледаваньняў. Паводле гэтых дакумэнтаў, Макарава зьяўляецца акцыянэрам і бэнэфіцыярам 14 кампаніяў: Barchetta Ltd, Maestrale Ltd, Stenmore Management Limited, Segal Investment Limited, Cardel Group Inc, Rocchetta Ltd, Sfera Ltd, Strathford Holding Ltd, Cadwall International SA, Milden Holdings, Sarles Investments, Kelly Bay Pacific Overseas Co., Isely Investments Ltd, і Unifin Consultancy Limited.

Большасьць з гэтых кампаніяў былі заснаваныя паміж 2007 і 2013 гадамі.

Паводле Malta Today, Макараву з гэтымі кампаніямі зьвязвае адрас у сталіцы Мальты, горадзе Валета, дзе Пефціеў з жонкай жылі ад сярэдзіны 2000-х гадоў. У 2005 годзе на старонках Malta Today нават была абвестка зь віншаваньнем Пефціева і Макаравай з нараджэньнем пятага дзіцяці.

Уладзімер Пефціеў першым сярод беларускіх бізнэсоўцаў трапіў пад эўрапейскія санкцыі. За фінансавую падтрымку рэжыму Лукашэнкі ў ліпені 2011 году Рада Эўразьвязу забараніла яму наведваць тэрыторыю ЭЗ, а ягоным прадпрыемствам — весьці там бізнэс. Тамтэйшыя рахункі алігарха былі замарожаныя. У 2014 годзе Пефціеў, а таксама частка яго прадпрыемстваў былі выключаныя з санкцыйнага сьпісу Эўразьвязу. Канчаткова санкцыі былі зьнятыя сёлета, пасьля вызваленьня палітвязьняў у 2015 годзе.

Уладзімір Пефціеў — былы старшыня сходу акцыянэраў «Белтэхэкспарту» і былы саўладальнік «Белтэх Холдынгу» — кампаніяў, якія займаюцца продажамі зброі. Акрамя зброі, Пефціеў займаўся тэлекамунікацыямі (правайдэр «Дзелавая сетка»), лятарэямі («Спорт-пары»), алькаголем («Аквадзіў»).

«БТ Тэлекамунікацыі» спансаваў Прэзыдэнцкі спартовы клюб, а кіраўнік гэтага клюбу Дзьмітры Лукашэнка — саўладальнік «Спорт-пары». У 2009–2012 гадах Пефціеў быў кіраўніком Беларускай тэніснай фэдэрацыі.

У топ-200 пасьпяховых і ўплывовых бізнэсоўцаў за 2016 год інтэрнэт-выданьня «Ежедневник» Пефціеў займае 11 месца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG