Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грузінскі прэм’ер заявіў пра гатовасьць да дыялёгу з Масквой


Георгі Квірыкашвілі

Георгі Квірыкашвілі

Пры гэтым, як сказаў прэм’ер Квірыкашвілі, дыялёг магчымы «толькі пры пэўных умовах».

Адразу пасьля абраньня ў суботу старшынём кіруючай кааліцыі «Грузінская мара» прэм’ер-міністар Грузіі Георгі Квірыкашвілі, які валодае, паводле канстытуцыі, усёй паўнатою ўлады ў краіне, заявіў у інтэрвію тэлекампаніі «Імэды», што гатовы да прамога дыялёгу з кіраўніцтвам Расеі.

Адказваючы на пытаньне журналіста, ці гатовы ён сустрэнецца з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным, грузінскі прэм’ер адказаў станоўча, але падкрэсьліў, што такая сустрэча магчымая толькі «пры пэўных умовах, неабходных для дыялёгу».

«У мяне ёсьць вялізнае жаданьне весьці дыялёг з расейскім кіраўніцтвам. Але, на жаль, цяпер няма такой магчымасьці», — зазначыў Квірыкашвілі, назваўшы ў якасьці прыкладу «негатовасьці расейскага боку да дыялёгу» закрыцьцё грузінскіх школ у Гальскім раёне Абхазіі і арышт супрацоўнікамі КДБ Паўднёвай Асэтыі дзевяці жыхароў грузінскіх сёлаў Сачхерскага раёнау паводле абвінавачаньня ў «незаконным пераходзе мяжы Паўднёвай Асэтыі».

Кіраўнік грузінскага ўраду перакананы, што ў абодвух выпадках улады Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі дзейнічалі не самастойна, а «пад уплывам Расеі». Праўда, доказаў на карысьць такога сьцьвярджэньня старшыня грузінскага ўраду не прывёў.

Георгі Квірыкашвілі паабяцаў «працягнуць працу па вывадзе грузіна-расейскіх дачыненьняў з тупіку». Пры гэтым, паводле яго, аднаўленьне дачыненьняў «ня можа адбывацца за кошт незалежнасьці, сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласьці Грузіі».

XS
SM
MD
LG