Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік сайту «Крым.Рэаліі» заявіў, што забароны ня спыняць яго працы


Кіраўнік сайту «Крым.Рэаліі», праекту ўкраінскай рэдакцыі Радыё Свабода, Уладзімер Прытула заявіў, што забароны з боку Расеі ня спыняць яго працы.

Журналіст адзначыў, што расейскія органы не папярэджвалі афіцыйна ні сайт, ні Радыё Свабодная Эўропа — Радыё Свабода ўвогуле, што ёсьць прэтэнзіі да зьместу публікацыяў, перш чым у сераду пачалі блякаваць доступ да яго і ў Крыме, і ў Расеі.

Раней у чацьвер з асуджэньнем блякаваньня сайту «Крым.Рэаліі» ў акупаваным Крыме і ў Расеі выступіла кіраўніцтва Радыё Свабодная Эўропа — Радыё Свабода. «Гэта акт агрэсіі, выкарыстаны пад абуральнай падставай экстрэмізму для ўвядзеньня цэнзуры супраць Радыё Свабодная Эўропа — Радыё Свабода і немагчымасьці доступу аўдыторыі ў Расеі і ў Крыме да атрыманьня праўды аб анэксіі... Мы асуджаем гэта як замах на працу Радыё Свабодная Эўропа — Радыё Свабода і права грамадзян на атрыманьне свабоднага доступу да інфармацыі», — заявіў віцэ-прэзыдэнт Радыё Свабодная Эўропа — Радыё Свабода Ненад Пеіч.

У гэты ж дзень усталяваная ў Крыме Расеяй пракуратура заявіла, што прызнала «Крым.Рэаліі» сайтам, які «сыстэматычна зьмяшчае публікацыі экстрэмісцкага толку, накіраваныя на распальваньне міжнацыянальнай і міжэтнічнай варожасьці», і, у прыватнасьці, «ажыцьцяўляе інфармацыйнае суправаджэньне дзеяньняў, накіраваных на парушэньне тэрытарыяльнай цэласнасьці Расеі, прапаганду правядзеньня так званай «грамадзянскай блякады Крыму».

Генэральная пракуратура Расеі падтрымала пазыцыю расейскай пракуратуры Крыму і падрыхтавала патрабаваньне да расейскай Фэдэральнай службы па наглядзе ў сфэры сувязі, інфармацыйных тэхналёгіяў і масавых камунікацыяў абмежаваць доступ да сайту, і ў цяперашні час доступ да сайту заблякаваны, гаворыцца ў заяве.

Пра блякаваньне доступу да сайту «Крым.Рэаліі» і ў Крыме, і ў Расеі карыстальнікі паведамлялі яшчэ 11 траўня. Пры гэтым блякаваньне было няпоўным: у некаторых мясцовасьцях або ў некаторых правайдэраў сайт заставаўся даступным.

На сайце Раскамнагляду гаворыцца, што рашэньне заблякаваць доступ да сайту «Крым.Рэаліі» было прынятае яшчэ ў верасьні 2015 году. Пакуль невядома, чаму яго пачалі выконваць толькі цяпер.

Сайт «Крым.Рэаліі» зьяўляецца адным зь нямногіх крыніц незалежнай незаангажаванай інфармацыі пра падзеі ў акупаваным Расеяй Крыме. Ён вэрсіі на ўкраінскай, рускай і крымскататарскай мовах. На працягу апошняга году ён меў у сярэднім па 2 мільёны 200 тысяч наведваньняў.

У Крыме, які з пачатку 2014 году незаконна акупаваны Расеяй, паводле рашэньня «Раскамнагляду» ужо заблякавалі шэраг інфармацыйных рэсурсаў. Расейскае ведамства рэгулярна выступае з патрабаваньнем да інтэрнэт-правайдэраў абмежаваць доступ да рэсурсаў з нагоды процідзеяньня «распальваньня міжнацыянальнай і рэлігійнай варожасьці» і наяўнасьці «экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG