Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пальмавы алей: шкодны для здароўя чалавека і плянэты


Пальмавы алей — самы танны. Але на самай справе мы ўсе расплачваемся за яго ўласным здароўем і здароўем нашай плянэты.

Шампунь і памада, маргарын і марозіва ўтрымліваюць пальмавы алей. Попыт на пальмавы алей працягвае расьці, як і колькасьць плянтацый алейных пальмаў.

Пальмавы алей (ня блытаць з какосавым) паступае ў асноўным з Інданэзіі і Малайзіі. Ён вырабляецца з пладоў пальмы. Ёсьць два тыпу пальмавага алею. Першы вырабляецца з мякаці пладоў. Ён мае чырвоны колер з-за высокага ўтрыманьня бэта-каратыну. Другі робяць зь зерня. Тое, што засталося пасьля выпрацоўкі абедзьвюх гатункаў алею, выкарыстоўваецца ў якасьці корму для жывёлаў.

Плады пальмы аранжава-чырвоныя, часта з жоўтай ніжняй часткай і амаль чорным верхам. Яны даўгаватыя і яйкападобныя і дасягаюць памеру 5 сантымэтраў. Яны сабраныя ў гронкі. Гронкі гэтыя вялізарныя, могуць дасягаць вагі 25 кг. З аднаго гектару зьбіраюць прыкладна тры з паловай тоны пладоў. Гэтага дастаткова для вытворчасьці 4000 літраў алею. Выхад на гектар пальмавага алею значна вышэйшы, чым у іншых алейных культур. Пальмавы алей значна таньнейшы, чым іншыя гатункі алею. Менавіта гэта і робіць яго занадта прывабным для вытворцаў прадуктаў харчаваньня.

Жыцьцёвы цыкл пальмы — ад 25 да 30 гадоў. Пачынаючы ад трэцяга году пальма дае плады. Яна плоданосіць круглы год. Не пазьней за 24 гадзіны пасьля ўборкі плады прэсуюцца спэцыяльнымі машынамі для выцісканьня алею. Гэты сыры алей транспартуецца на перапрацоўчы завод. Тут наладжаны працэсы ачышчэньня, пазбаўленьня колеру і дэзадарыраваньня. Завод прадае алей аптовым пакупнікам, напрыклад, вытворцам маргарыну або кулінарнага тлушчу. Сусьветны попыт на пальмавае алей расьце.

Узьдзеяньне на здароўе чалавека


Пальмавы алей утрымлівае больш насычаных (чытай: шкодных ) тлушчаў, чым усе іншыя вядомыя гатункі алею. Насычаныя тлушчы павышаюць узровень халестэрыну ў крыві і павялічваюць рызыку сардэчна-сасудзістых захворваньняў. Рэкамэндавана, каб максымальнае спажываньне насычаных тлушчаў было ня болей за 10% ад усёй энэргіі за дзень. У пераліку на грамы гэта каля 28 грамаў для мужчын і 22 для жанчын на дзень. Адна сталовая лыжка пальмавага алею ўтрымлівае больш за палову ад максымальнай сутачнай рэкамэндаванай нормы. У Эўропе і ЗША вытворцы абавязаны паказваць колькасьць насычаных тлушчаў на этыкетцы. На жаль, у Беларусі заканадаўства да гэтага не абавязвае.



Кулінарныя вырабы, на этыкетках каторых напісана «утрымлівае алей» могуць утрымліваць пальмавы алей. Такія прадукты як печыва, крэкеры, слоенае цеста, соўсы, шакалядныя вырабы і арахісавае масла, часта ўтрымліваюць пальмавы алей.

У апошнія гады ў крамах здаровага харчаваньня пальмавы алей зьявіўся ў чыстым выглядзе. Алей гэты мае этыкетку «экалягічна чысты» і падаецца як карысны прадукт. Пальмавы алей з арганічных крамаў павінен паходзіць з плянтацый, дзе не ўжываюць штучныя ўгнаеньні. Магчыма, што работнікі, якія працуюць на арганічных плянтацыях, атрымліваюць чэсны заробак. Таму і цана гэтага алею таксама больш высокая. Але карысьці для здароўя ад гэтага ні кроплі не прыбаўляецца.

Узьдзеяньне на здароўе плянэты

Попыт на пальмавы алей расьце і прыводзіць да пашырэньня пасяўных плошчаў пальмаў у краінах-вытворцах. Гэта ў некаторых выпадках адбываецца за кошт трапічных лясоў і трапічных тарфянікаў. Агульная плошча пасеву пальмаў у Інданэзіі складае каля 7,4 мільёна гектараў, а ў Малайзіі — каля 4,5 млн. У Інданэзіі 70% пальмавых плянтацый заклалі ў тых месцах, дзе выкарчавалі трапічны лес.
Але гэта — не адзіная небясьпека.

На пальмавых плянтацыях шырока выкарыстоўваюцца пэстыцыды супраць пацукоў, жукоў і грыбковых захворваньняў.

Працэс вытворчасьці пальмавага алею стварае шмат адходаў. Вадкія адходы і здробненыя рэшткі пладоў пальмы часта скідаюцца ў рэкі, дзе яны паглынаюць кісларод з вады. Гэта прыводзіць да сьмерці рыбы. Гэта ў сваю чаргу мае нэгатыўныя наступствы для мясцовага харчовага забесьпячэньня.

Як дыетоляг я па магчымасьці рэкамэндую пазьбягаць прадуктаў з утрыманьнем пальмавага алею. А як чалавек, якому ня ўсё роўна, што адбываецца са здароўем нашай плянэты, я ўвогуле раю ўсім сьвядома адмовіцца ад прадуктаў з гэтым алеем. Чаму? Вось некалькі шакуючых фактаў.

· Лясная плошча, параўнальная з 300 футбольнымі палямі, ачышчаецца кожную гадзіну, каб вызваліць месца для пальмавых плянтацый.

· На працягу апошніх 10 гадоў папуляцыя арангутана скарацілася напалову ў выніку страты месцаў пражываньня ад вырубкі лесу для пальмавых плянтацый.

· У Інданэзіі прамысловасьць пальмавага алею выклікала як мінімум 5000 зямельных канфліктаў і выпадкаў парушэньня правоў чалавека.

· Паводле Дэпартамэнту ЗША вытворчасьць пальмавага алею ўваходзіць у чацьвёрку вядучых горшых галін прамысловасьці з пункту гледжаньня прымусовай і дзіцячай працы.

· Разьвіцьцё вытворчасьці пальмавага алею забясьпечвае лёгкі доступ для браканьераў у трапічныя лякацыі, якія былі ачышчаны для плянтацый. У выніку, паводле ацэнак, суматранскі тыгр вымрэ на працягу менш трох гадоў, калі нічога не будзе зроблена для абароны тропікаў ад браканьераў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG