Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Адвакат Аватарава Крысьціна Марчук: Апэратыўныя дзеяньні з падсьледным праводзіліся незаконна


Крысьціна Марчук

Крысьціна Марчук

Фрунзенскі суд Менску пакараў добраахвотніка «Правага сэктару» Тараса Аватарава 5 гадамі зьняволеньня за тое, што той прывёз у Беларусь самаробнае выбуховае прыстасаваньне, сабранае з зараду для падствольнага гранатамёта і запалу.

У судзе Аватараў называў гранату «сыгнальнай» і казаў, што пацярпець ад яе «амаль ніхто ня мог». На гэта сьледзтва прадставіла запіс гутаркі Тараса Аватарава з опэрупаўнаважанымі ў камэры сьледчага ізалятара, дзе добраахвотнік казаў, што прывёз гранату дзеля магчымага самападрыву на выпадак затрыманьня яго расейскім ФСБ.

Адвакат Аватарава Крысьціна Марчук мяркуе, што гэтыя словы суд не павінен быў класьці ў аснову прысуду, паколькі запіс быў зроблены са шматлікімі парушэньнямі закону.

«Найперш, на гэтым запісы няма ніводнага пазначэньня даты, а мы ведаем, што Аватараў не аднойчы выяжджаў ва Ўкраіну і вяртаўся ў Беларусь. Калі гэта маглі запісаць, незразумела. Але няма доказу, што пасьля 26 лістапада 2015 году, калі яго затрымалі.

Акрамя таго, на той момант Аватараў не даваў паказаньняў, апэратыўныя супрацоўнікі ня мелі законнага права зь ім размаўляць у межах сьледзтва, тым больш прымаць ад яго нейкія зьвесткі, якія будуць сьведчыць пра ягоную віну.

Таксама абарона прадставіла дакладныя зьвесткі, што частка таго, што тады казаў Аватараў, не адпавядае сапраўднасьці.

Мяркую, калі ён парушыў нейкія нормы закону, дык яго трэба прыцягнуць да адказнасьці праз дакладныя дапушчальныя доказы віны. Але, паводле абароны, ніводнага дапушчальнага дакладнага доказу віны прадстаўлена не было, таму я і прасіла суд Аватарава апраўдаць.

А што да працэсу, дык відавочна, што парушэньні ў яго межах былі ня толькі з боку Аватарава», — сказала Крысьціна Марчук.

Паводле абаронцы, цягам 10 дзён будзе пададзеная скарга на прысуд Фрунзенскага суду.

XS
SM
MD
LG