Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуса-добраахвотніка «Правага сэктару» асудзілі на 5 гадоў узмоцненага рэжыму


Тарас Аватараў

Тарас Аватараў

Судзьдзя Фрунзенскага раённага суду Менску Жана Жукоўская прызнала вінаватым у незаконных дзеяньнях са зброяй і правозе празь мяжу выбуховага прыстасаваньня беларускага добраахвотніка «Правага сэктару» Тараса Аватарава і асудзіла яго на 5 гадоў узмоцненага рэжыму.

Напярэдадні ў судовых спрэчках пракурор Аляксандар Мірончык прасіў суд пакараць Тараса Аватарава зьняволеньнем на 5 гадоў без канфіскацыі маёмасьці. Адвакат Крысьціна Марчук прасіла суд апраўдаць Аватарава, паколькі ня лічыць, што ягоная віна ў судзе была даказаная.

Адвакат Крысьціна Марчук

Адвакат Крысьціна Марчук


Пасьля прысуду Аватараў спрабаваў зрабіць заяву. Ён пасьпеў толькі сказаць, што супрацоўнікі Сьледчага камітэту парушалі ягоныя правы, але не закончыў фразу, бо міліцыянты запатрабавалі «ачысьціць залю». На пытаньне Свабоды, ці будзе ён абскарджваць вырак, Тарас Аватараў крыкнуў: «Канешне».

Жыхар Наваполацка Тарас Аватараў быў затрыманы 26 лістапада 2015 году на менскім чыгуначным вакзале. У Аватарава міліцыянты забралі самаробную гранату, сыгнальны пісталет Макарава, бронекамізэльку, пасьведчаньне добраахвотніка «Правага сэктару» з Украіны.

Аватараў на судзе казаў, што здаў выбуховае прыстасаваньне міліцыі добраахвотна, а знайшоў гранату на сваіх рэчах ў аўтамабілі, якім прыехаў у Гомель з Украіны. На працэсе Тарас Аватараў неаднаразова называў сябе ваеннапалонным, а віну прызнаваў часткова, толькі ў незаконных дзеяньнях з выбуховым прыстасаваньнем.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG