Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці сьведчыць жорсткае затрыманьне Вячаслава Сіўчыка і суд над ім пра канец лібэралізацыі? Ці сапраўды з Данбасу ў Беларусь ідзе паток зброі, як пра тое кажа Аляксандар Лукашэнка?


Дракахруст: Сёньня ўначы ў пад’езьдзе свайго дому быў моцна зьбіты міліцыяй і затрыманы лідэр Руху салідарнасьці «Разам» Вячаслаў Сіўчык. На яго надзелі кайданкі, зьвезьлі ў Цэнтральны РУУС Менску і склалі два пратаколы — за хуліганства і непадпарадкаваньне міліцыі. Міліцыя абвінавачвае яго ў тым, што ён быў п’яны і нецэнзурна лаяўся.

Адначасна сёньня ў Фрунзенскім судзе Менску працягваецца працэс над Тарасам Аватаравым, жыхаром Наваполацку, які ваяваў у Данбасе ў складзе добраахвотніцкага корпусу «Правага сэктару». Хаця нядаўна ў Беларусі быў прыняты закон, які разглядае як злачынства сам па сабе самачынны ўдзел у баявых дзеяньнях за мяжой, Аватарава судзяць за кантрабанду зброі і незаконны абарот зброі.

Праваабаронца Наста Лойка сказала ў інтэрвію Свабодзе, што зьбіцьцё і арышт Сіўчыка — гэта канец палітыкі лібэралізацыі. Варта прыгадаць, што «аксаміт» новай палітыкі стаў «шурпатым» ня ўчора. Нагадаю, што ўдзельнікаў масавых акцыяў сапраўды з восені мінулага году не затрымліваюць, але арганізатарам штрафы выпісваюць акуратна. Іх памер стаў ужо абсалютна не пад’ёмным, палітыкі іх ня плацяць і супраць іх ужываюцца санкцыі, ім адключаюць тэлефоны, канфіскуюць іх маёмасьць.

Справы Сіўчыка і Аватарава — розныя, але іх аб’ядноўвае тое, што дзяржава дзяржава супрацьдзейнічае юрыдычнымі рэпрэсіямі грамадзянскай актыўнасьці ў самых розных формах

Зьбіцьцё Сіўчыка — хутчэй наступны крок у гэтым падцісканьні, гульні ўлады з грамадзянскай супольнасьцю ў кошкі-мышкі. Я мяркую, што Сіўчыку дадуць альбо штраф альбо адміністрацыйны арышт, каб ён ня мог узяць удзел у Чарнобыльскім шляху. Вячаслаў — адзін з самых эфэктыўных арганізатараў у апазыцыі, такі арганізатар на Чарнобыльскім шляху ўладам непатрэбны. Але мне падаецца, што ягоны арышт — наўрад ці зьмена сцэнару дзеяньняў уладаў у цэлым, ягоны арышт не азначае, што зараз пачнуць арыштоўваць усіх.

Справа Аватарава — таксама вельмі паказальная зьява. Пэўны час таму Аляксандар Лукашэнка падчас гутаркі з прадстаўніком Пэнтагону Майклам Карпэнтэрам заявіў, што найбольшая практычная небясьпека для Беларусі ад вайны ў Данбасе — гэта паток зброі адтуль у Беларусі. Паток не паток, але своеасаблівым адказам ці ілюстрацыяй да словаў кіраўніка дзяржавы стаў працэс над былым удзельнікам баявых дзеяньняў у Данбасе на ўкраінскім баку.

Аватараў быў затрыманы яшчэ ў лістападзе летась. І інкрымінуецца яму менавіта тое, пра што казаў Лукашэнка — незаконны абарот зброі.

Справы Сіўчыка і Аватарава — розныя, але іх аб’ядноўвае тое, што дзяржава дзяржава супрацьдзейнічае юрыдычнымі рэпрэсіямі грамадзянскай актыўнасьці ў самых розных формах. Прычым, гэтыя рэпрэсіі сэлектыўныя, выбарачныя. Сіўчыка сілай затрымалі, іншых лідэраў апазыцыі — не. Міністар унутраных справаў Шуневіч нядаўна казаў пра 28 справаў, па якіх праходзяць 130 чалавек, якія ваявалі на ўсходзе Ўкраіны, судзяць пакуль аднаго Аватарава і фармальна — не за ўдзел у вайне.

Але гэтыя справы — папярэджаньне іншым.

Карбалевіч: Я б падзяліў гэтыя два суды. І калі гэта пасланьне, то гэта рознае пасланьне розным адрасатам. Больш зразумелая сытуацыя з Аватаравым. Гэта працяг палітычнай лініі на прыцягненьне ўвагі грамадзтва да нібыта пагрозы з Украіны. Апошнія два гады гэта асноўны ідэалягічны канструкт рэжыму. На ім была пабудаваная прэзыдэнцкая кампанія Лукашэнкі, маўляў, ва ўсім сьвеце жахі, войны, канфлікты, паглядзіце, што робіцца ва Ўкраіне. А ў Беларусі — парадак, мір і пакой. Таму не заробкі галоўнае.

Але вайна там заціхла, дык трэба штучна раздзьмуць пагрозу. І адбываецца штучнае нагнятаньне пагрозы з Украіны. Лукашэнка кажа, што мы масава ловім людзей з зброяй, якія імкнуцца прайсьці праз беларуска-украінскую мяжу. І гэта выглядае дзіўным. Думаю, гэта яўнае перабольшваньне. Які нармальны чалавек будзе пераяжджаць праз ахоўваемую мяжу са зброяй.

вайна там заціхла, дык трэба штучна раздзьмуць пагрозу

Дэманстратыўна прынятыя былі папраўкі у Крымінальны кодэкс, якія крыміналізуюць удзел у любых ваенных дзеяньнях беларусаў за мяжой.
Калі вярнуцца да суду над Аватаравым, варта прыгадаць, што вакол ягонага затрыманьня на вакзале была разгорнутая вялікая кампанія ў дзяржаўных СМІ. І суд над ім ідзе ў рэчышчы палітычнай кампаніі пра, нібыта, пагрозу з Украіны, якая цягнецца два гады. Дарэчы, вэрсія самога Аватарава не агучаная, таму што там насамрэч адбылося на вакзале Менску 26 лістапада, да канца незразумела.

Цяпер пра суд над Сіўчыкам. Можна меркаваць, што яго не ўдавалася прыцягнуць у суд за удзел у шматлікіх вулічных акцыях. Ён не адказваў на пазовы. Таму такое брутальнае затрыманьне.

Цыганкоў: Справа Аватарава даволі дзіўная. Паводле сьледзтва ў яго на чыгуначным вакзале міліцыянты знайшлі гранату з запалам, сабранае самаробнае выбуховае прыстасаваньне, сыгнальны пісталет, бронекамізэльку, пасьведчаньне байца «Правага сэктару», два пашпарты. І на судзе пра гранату Аватараў кажа, што знайшоў яе на зямлі, а пра пісталет — што набыў яго, калі быў у Маскве. Дзіўная сытуацыя, калі чалавек ведае, што ўдзел у ваенных дзеяньнях ў Данбасе прасьледуецца беларускімі ўладамі, і ён так адвольна гуляе з клункамі са зброяй па менскім вакзале. Карацей, гэта ці то неабачлівасьць, ці нешта іншае, пра што вэрсіі ўсялякія зьяўляюцца ў сацсетках. У любым выпадку справа нетыповая. Большасьць добраахвотнікаў як найменей асьцерагаюцца беларускіх уладаў, некаторыя баяцца вяртацца, некаторыя робяць гэта паўпадпольна. А тут на вакзале такі падарунак беларускім праваахоўным органам.

Улады ўжо неаднаразова рабілі два крокі назад, адзін наперад, каб паказаць, што лібэралізацыя лібэралізацыяй, але і парадак трэба ведаць

Так, гэтая справа цудоўна выкарыстоўваецца ў рэчышчы афіцыйнай прапаганды. Я б аддзяляў яе ад справы Сіўчыка. Ёсьць традыцыя ва ўладаў перад нейкімі прыкметнымі акцыямі апазыцыі, нават калі яны не ўяўляюць пагрозы, затрымаць пару ўдзельнікаў і арганізатараў. Нават нягледзячы на так званую лібэралізацыю, такой традыцыі праваахоўныя органы не могуць пазьбегнуць і вырашылі затрымаць Сіўчыка. Ці можа гэта азначаць канец лібэралізацыі? Мне здаецца, адзін гэты выпадак ні ў якім разе не можа сьведчыць пра зьмену генэральнай лініі. Улады ўжо неаднаразова рабілі два крокі назад, адзін наперад, каб паказаць, што лібэралізацыя лібэралізацыяй, але і парадак трэба ведаць — мы ад сваіх агульных прынцыпаў стаўленьня да грамадзкай супольнасьці не зьбіраемся адмаўляцца.

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG