Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінцы і грузіны могуць дачакацца адмены шэнгенскіх віз ужо сёлета


Пра гэта заявіў прадстаўнік Эўрапейскага зьвязу па пытаньнях пашырэньня Ёганэс Хан у гутарцы з карэспандэнтам Радыё Свабода Рыкардам Юзьвякам у Празе. Спадар Хан абмеркаваў пэрспэктывы бязьвізавага рэжыму для ўсходніх суседзяў ЭЗ і пляны пашырэньня ЭЗ у кантэксьце міграцыйнага крызысу.

Украіне трэба будзе прайсьці вялікі шлях, каб ня толькі прыняць неабходнае заканадаўства для асацыяцыі з Эўразьвязам, але і выканаць яго.

Па словах Хана, выкананьне заканадаўства зьяўляецца найважнейшай умовай для далейшага прасоўваньня Ўкраіны ў збліжэньні з Эўропай. «Мне добра вядома пра тыя выклікі, перад якімі апынулася Ўкраіна — ідзе ўзброены канфлікт, паўтара мільёна перамешчаных асоб, вялікія эканамічныя праблемы. Усё гэта вялікі выклік для ўраду Ўкраіны,» — падкрэсьліў ён.

Прадстаўнік ЭЗ тым ня менш адзначыў, што Ўкраіна выканала свае абавязацельствы, якія даюць яе грамадзянам права на бязьвізавы ўезд у Эўрапейскі зьвяз. Ён нагадаў, што Кіеў, як і Тбілісі, атрымалі станоўчыя рэкамэндацыі гэтай вясной.

Хан выказаў надзею, што грузіны, украінцы і касавары змогуць езьдзіць у Эўразьвяз бяз візаў ужо сёлета, таму што, як ён выказаўся, «яны зрабілі сваю працу.» «Вядома ж, яшчэ спатрэбіцца палітычнае рашэньне. Але з пункту гледжаньня адпаведнасьці стандартам яны зрабілі тое, што неабходна,» — заявіў ён. Цяпер Рада Эўропы і Эўрапейскі парлямэнт павінны ўхваліць бязьвізавы ўезд для Украіны, Грузіі і Косава. Ён не выключае, што на чарзе можа быць і Турэччына.

Гаворачы пра пэрспэктывы Ўсходняга партнэрства, Ёганэс Хан адзначыў, што Беларусь падае першыя сыгналы магчымага паглыбленьня стасункаў у рамках гэтай праграмы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG