Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экс-сэнатару Ганьне Шарэйцы не далі пабрацца шлюбам за кратамі


Ганна Шарэйка на лаве падсудных (у цэнтры) падчас аднаго зь мінулых паседжаньняў суду, 22 лютага 2016 году

У Вярхоўным судзе Беларусі пасьля перапынку аднавіўся працэс па справе экс-сэнатара, былой дырэктаркі Віцебскай птушкафабрыкі Ганны Шарэйкі і яшчэ 6 абвінавачаных, у тым ліку грамадзяніна Літвы Вальдэмараса Норкуса.

Ганну Шарэйку абвінавачваюць у службовых злоўжываньнях з нанясеньнем вялікіх стратаў дзяржаве. Але журналістаў на працэсе цікавяць і некаторыя акалічнасьці асабістага жыцьця экс-сэнатаркі.

У першыя дні працэсу стала вядома, што Ганну Шарэйку падчас яе дырэктарства зьвязалі блізкія адносіны з партнэрам па птушыным бізнэсе, літоўцам Вальдэмарасам Норкусам. Яны разам ня толькі працавалі, але і праводзілі адпачынкі за мяжой. Напярэдадні перапынку ў судзе стала вядома, што Ганна Шарэйка і Вальдэмарас Норкус зьвярнуліся з хадайніцтвам, каб ім дазволілі ў сьледчым ізалятары пабрацца шлюбам. Журналісты не выключалі, што сёньня, пасьля перапынку, Ганна Шарэйка і Вальдэмарас Норкус будуць ужо ў якасьці жонкі і мужа. Але ў сераду заручальных пярсьцёнкаў на руках у Ганны Шарэйкі і Вальдэмараса Норкуса не заўважылі. Абаронца аднаго з падсудных патлумачыў карэспандэнту Свабоды, што гэта ня першая спроба Шарэйкі і Норкуса пажаніцца.

«Ім зноў адмовілі ў шлюбе. Гэта ўжо ня першы раз. Яны ўпарта спрабуюць атрымаць такі дазвол, бо гэта іх права, але дазволу гэтак жа ўпарта не даюць. Хоць закон не забараняе шлюбы ня толькі ў турме, але і ў сьледчым ізалятары, яшчэ да заканчэньня працэсу. Чаму гэтак робяць? Магчыма, гэта зьвязана зь лініяй абвінавачаньня, якое лічыць, што паміж імі ўтварыліся блізкія адносіны і яны нібыта з-за гэтага дзейнічалі ў пэўным кірунку. Але я лічу такое стаўленьне недакладным. Гэта ж шлюб, блізкасьць, як гэта можна не дазваляць...»

Працэс па справе Ганны Шарэйкі пачаўся 22 лютага. Экс-сэнатар і большасьць абвінавачаных, у тым ліку Норкус, віны не прызнаюць. Паводле зьвестак з суду, працэс ідзе хутка. З 80 сьведак ужо апыталі больш за 70, паралельна суд вывучае матэрыялы справы, у якой больш за 100 тамоў. 27 красавіка ў судзе гучалі тэлефонныя размовы абвінавачаных, у тым ліку Вальдэмараса Норкуса з партнэрамі па бізнэсе і падначаленымі Ганны Шарэйкі. Гэтыя размовы таемна запісваліся падчас апэратыўнага праслухоўваньня пачынаючы з 2012 году. Абвінавачаньне мяркуе, што запісы даводзяць існаваньне злачынных схем у дзейнасьці кіраўнікоў Віцебскай птушкафабрыкі. А таксама — што справы на фабрыцы ішлі не зусім гэтак, як прадстаўлялася ў афіцыйных справаздачах. У прыватнасьці, у адной з размоў намесьнік дырэктара называе птушкафабрыку банкрутам. Да суду над Ганнай Шарэйкай лічылася, што падчас яе дырэктарства Віцебская птушкафабрыка разьвівалася пасьпяхова і была ў лідэрах паводле прыбытку.

Сёньня суд адмовіў пракурору Мяцельскаму ў агалошваньні тэлефоннай размовы з удзелам Ганны Шарэйкі. «Гэта асабістае», — патлумачыў судзьдзя Ўладзімер Давыдаў і забараніў агучваць запіс. Паводле абароны экс-сэнатара, гэты запіс увогуле не павінен быў трапіць у справу, бо тычыцца толькі асабістага жыцьця падсуднай. «На жаль, гэткая лінія сьледзтва. Добра, што суд гэта абмяжоўвае», — сказаў пра запіс тэлефоннай размовы Ганны Шарэйкі яе адвакат.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG