Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падтрымаць Ганну Шарэйку ў суд прыехалі працаўнікі птушкафабрыкі: «Яна дырэктар ад бога!»


Ганна Шарэйка (справа)

Ганна Шарэйка (справа)

У другой палове першага дня суду над былой «сэнатаркай» і экс-гендырэктарам Віцебскай бройлернай птушкафабрыкі Ганнай Шарэйкай у суд прыехала больш за 20 супрацоўнікаў фабрыкі.

У перапынку карэспандэнт Свабоды назіраў рэдкую для беларускага суду сытуацыю: шкляны «акварыюм», у якім трымаюць абвінавачаных, акружылі людзі, якія прысутнічалі ў судзе, і замест таго каб выканаць загад канваіраў «Ачысьціць памяшканьне!», пачалі актыўна размаўляць з Ганнай Шарэйкай. Аказалася, гэта ў асноўным працаўнікі Віцебскай бройлернай птушкафабрыкі. На адрас «сэнатаркі» гучала: «Трымайцеся!», «Мы вас не забылі», «Прыехалі, каб на вас паглядзець». Ганна Шарэйка дзякавала за падтрымку і ажно сьвяцілася, пасылаючы людзям усьмешкі і знакі рукой. У гэты момант міліцыянты-канваіры ня сталі перашкаджаць яе кантактам з былымі падначаленымі і стаялі моўчкі.

Пазьней у калідоры я спытаў у тых, хто кантактаваў з Ганнай Шарэйкай, чаму яе гэтак падтрымліваюць. Адказы былі такія: «Бо яна сапраўды выдатны кіраўнік, дырэктар ад бога, нездарма яе прызнавалі дырэктарам году».

А што цяпер? Як цяпер справы на Віцебскай птушкафабрыцы? Сваячка аднаго з абвінавачаных, якая не пажадала сябе называць, каб, як сказала, «не нашкодзіць»:

«Глядзіце самі. У той год, калі Ганну арыштавалі, фабрыка мела 120 мільярдаў рублёў прыбытку. Цяпер мае 45 мільярдаў стратаў, нават з выплатай заробку пачаліся праблемы».

Другі прысутны на працэсе таксама сказаў пра цяжкасьці з заробкам і згадаў такія лічбы:

«Калі Ганна Шарэйка прыйшла на гендырэктара, у год фабрыка давала 5 тысяч тон птушынага мяса, калі яе арыштавалі — давала ўжо 50 тон. А цяпер ледзь зарплату могуць плаціць, справы пагоршыліся, кіраўніцтву ўсім на ўсё пляваць».

Сваякі Ганны Шарэйкі, якія таксама прыехалі ў суд, каб яе падтрымаць, былі больш катэгарычныя.

Пляменьніца абвінавачанай Надзея прыехала яе падтрымаць

Пляменьніца абвінавачанай Надзея прыехала яе падтрымаць

«Ганна не прызнае сябе вінаватай, і мы верым, што яна нічога ня крала. Яна жыла гэтай фабрыкай і ўсё для яе рабіла. А што дом сабе пабудавала, дык яна ж дырэктарам была, добра зарабляла. Але і вынікі яе працы выдатныя — фабрыка стала адной з найлепшых у галіне. Мы ня верым у тое, што на яе прыдумалі сьледчыя, і будзем яе да канца падтрымліваць. А я як ганарылася, гэтак і ганаруся ёю», — заявіла карэспандэнту Свабоды пляменьніца Ганны Шарэйкі Надзея.

Паводле сваякоў, цягам 1 году і 7 месяцаў з дня арышту Ганьне Шарэйцы не далі ніводнага спатканьня са сваякамі. Трымаюць яе на «Валадарцы», за гэты час яна зьмяніла некалькі камэраў.

У чым жа абвінавачваюць Ганну Шарэйку і яшчэ 6 яе падзельнікаў, у тым ліку грамадзяніна Літвы Вальдэмараса Норкуса?

Пракурор Мяцельскі, які пачаў зачытваць абвінаваўчае заключэньне, шмат разоў казаў пра «арганізаваную злачынную групу», якую, паводле сьледзтва, стварыла Шарэйка разам з Норкусам.

У злачынную групу, паводле сьледзтва, паступова былі ўцягнутыя іншыя абвінавачаныя, у тым ліку тры з чатырох намесьнікаў гендырэктара. Рабілася ўсё, каб на розных этапах забясьпечыць выкананьне злачыннай задумы аб незаконным узбагачэньні, казаў пракурор Мяцельскі. Адносна спадара Норкуса з вуснаў пракурора нават прагучаў выраз часоў камуністычнай прапаганды — аказваецца, ім кіравала «прага нажывы». Таксама пра Шарэйку і Норкуса было паведамлена, што яны шмат разоў езьдзілі за мяжу на адпачынак. Пракурор называў больш за 10 краінаў і вядомых курортаў, у тым ліку Канарскія выспы, Балі, Тайлянд, Італію ды іншыя месцы. Фактычна пра кожнага зь іншых абвінавачаных пракурорам былі агалошаныя зьвесткі, што на фабрыцы ў іх працавалі сваякі. У каго сястра, у каго жонка або цётка. (Дарэчы, у пасёлку Вярхоўе пад Віцебскам бройлерная птушкафабрыка — фактычна адзінае прадпрыемства, з 1200 працаўнікоў там большасьць мясцовых, шмат, як казалі за тым жа камуністычным часам, працоўных дынастыяў).

Ганна Шарэйка ў судзе

Ганна Шарэйка ў судзе

Як, паводле пракурора, праводзілі свае «схемы незаконнага ўзбагачэньня» Ганна Шарэйка і яе падначаленыя? Аказваецца, фірма «Роском-Р», якая рэгулярна прадавала камбікармы Віцебскай птушкафабрыцы, фактычна была пад кантролем Вальдэмараса Норкуса, а Ганна Шарэйка ды іншыя абвінавачаныя стваралі штучныя ўмовы для перамогі гэтай фірмы ў тэндэры на пастаўку кармоў. Дзеля гэтага нібыта «штучна заніжаліся кошты перавозкі кармоў» ды рабіліся іншыя захады, каб забясьпечыць перамогу фірмы на конкурсе.

Адзін з былых працаўнікоў птушкафабрыкі ў размове з карэспандэнтам Свабоды назваў гэтыя абвінавачаньні «неаб’ектыўнымі». Паводле яго, спэцыялісты фабрыкі знайшлі ў асобе фірмы «Роском-Р» пастаўшчыка якасных кармоў з дабаўкамі, якія давалі значныя перавагі ў параўнаньні з кармамі айчыннай вытворчасьці. «Для адмыслоўцаў перавага замежных кармоў над нашымі была відавочная, і гэтым тлумачыцца ня толькі посьпех Ганны Шарэйкі ў бізнэсе, але і тое, што ў яе зьявіліся нядобразычліўцы на айчынным рынку», — мяркуе суразмоўца.

22 лютага пракурор Мяцельскі зачытаў толькі адну з частак абвінаваўчага заключэньня. Паводле папярэдніх зьвестак, зачытваньне заключэньня зойме яшчэ ня менш як дзень.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG