Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Пуцін лічыць пагрозай адзінства Эўропы і спрабуе яго падарваць — Абама


Уладзімер Пуцін і Барак Абама, архіўнае фота

Уладзімер Пуцін і Барак Абама, архіўнае фота

Прэзыдэнт ЗША Барак Абама перакананы, што расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін лічыць эўрапейскае адзінства пагрозай і спрабуе яго падарваць. Пра гэта ён сказаў у інтэрвію CBS News, завяршаючы візыт у Нямеччыну падчас свайго замежнага турнэ.

«Ціск, які аказваецца на палітыку Эўропы шляхам прасоўваньня вельмі правага нацыяналізму, які заклікае да распаду эўрапейскага адзінства, у некаторых выпадках эксплюатуецца кімсьці, як спадар Пуцін», — сказаў Абама.

Амэрыканскі лідэр заявіў, што спрабаваў пераканаць расейскага лідэра, што НАТО і ЭЗ не зьяўляюцца пагрозамі для Расеі.

«Думаю, ён памыляецца. Я сказаў яму, што на самай справе моцная, адзіная Эўропа, якая працуе з моцнай, арыентаванай на зьнешні сьвет Расеяй, — гэта правільны рэцэпт. Да гэтага часу ён (Пуцін — РС) ня быў абсалютна перакананы ў гэтым», — дадаў Абама.

У канцы свайго візыту ў Эўропу Барак Абама заявіў пра «вызначальны час» для Эўропы празь цяперашні міграцыйны крызіс і пагрозу ісламісцкага тэрарызму. Таму, як адзначыў прэзыдэнт ЗША, Эўропе неабходна прадэманстраваць большае адзінства.

Візыт у Нямеччыну стаў апошнім прыпынкам у шасьцідзённым замежным турнэ Барака Абамы, падчас якога ён імкнуўся ўмацаваць сувязі з саюзьнікамі ЗША для барацьбы з баевікамі-ісламістамі, спыненьня агрэсіі Расеі ў дачыненьні да Ўкраіны, а таксама стымуляваньня міжнароднага гандлю.

XS
SM
MD
LG