Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БАЖ высьвятляе, як улада зьбіраецца дадаткова рэгуляваць Байнэт


Грамадзкая арганізацыя «Беларуская асацыяцыя журналістаў» накіравала ў Міністэрства інфармацыі афіцыйны запыт наконт учорашняй заявы Аляксандра Лукашэнкі пра падрыхтоўку законапраекту аб рэгуляваньні нацыянальнага сэгмэнту інтэрнэту.

«Трэба адрэгуляваць гэтую сфэру. І мы гэта пачалі і зробім — як па інтэрнэце, так і па сродках масавай інфармацыі», — заявіў учора Лукашэнка ў штогадовым пасланьні да народа і Нацыянальнага сходу.

У сувязі з заявай Лукашэнкі старшыня БАЖ Андрэй Бастунец просіць Міністэрства інфармацыі паведаміць, пра якія заканадаўчыя ініцыятывы канкрэтна ідзе гаворка, а таксама якія нормы, што рэгулююць функцыянаваньне нацыянальнага сэгмэнта сеткі Інтэрнэт, падлягаюць зьмене.

«Насамрэч улады зьвярнуліся да гэтага пытаньня ня зараз, гэта пачалося з 2009 году, калі зьявіліся першыя вэрсіі ўказу прэзыдэнта аб рэгуляваньні нацыянальнага сэгмэнту інтэрнэту. Мы бачылі сам гэты ўказ, мы бачылі зьмены ў закон аб СМІ, якія былі напрыканцы 2014 году. І, дарэчы, гэтыя зьмены ўвайшлі ў пэўны канфлікт з прэзыдэнцкім указам, бо ў іх закладалася адказнасьць сродкаў масавай інфармацыі, якія зьяўляюцца на іх старонках у інтэрнэце (ва ўказе гэтага не было, там гаворка ішла пра адказнасьць таго, хто разьмясьціў гэтыя камэнтары). Дык вось, магчыма, пра гэта і ідзе гаворка: адказнасьць за камэнтары будуць усё ж такі несьці ўладальнікі інтэрнэт-мэдыяў. Бо я ня думаю, што гэты канфлікт паміж дзьвюма нормамі будзе вырашаны ў бок больш лібэральнай. Уся лёгіка беларускага заканадаўства паказвае, што ўсё будзе вырашана ў бок больш жорсткай нормы. Але гэта толькі мае думкі на гэты конт, а пра што ідзе гаворка насамрэч, мы і спрабуем высьветліць», — сказаў у інтэрвію Свабодзе старшыня БАЖ.

Бастунец кажа, што насамрэч у Беларусі і так ужо шмат абмежаваньняў уведзена ў гэтай сфэры:

«У нас ужо закладзена база для вельмі сур’ёзнага кантролю ня толькі за інтэрнэт-рэсурсамі, але і за іх карыстальнікамі. Таму паглядзім, што будзе. На жаль, яшчэ раз скажу: уся лёгіка беларускай заканатворчасьці ў гэтым кірунку зьвязаная з больш жорсткім кантролем за інтэрнэт-прасторай і наагул інфармацыйнай прасторай краіны».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG