Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падатак на даданую вартасьць паслуг электрасувязі, якія аказваюцца абанэнтам у Беларусі, падвышаецца да 25%. Такая норма зьмяшчаецца ва ўказе ад 25 сакавіка 2016 г. № 111 «Аб падаткаабкладаньні і зацьвярджэньні бюджэту пражыткавага мінімуму», паведамляе БЕЛТА.

Міністар фінансаў Уладзімер Амарын ня выключыў, што дадзеная мера ў канчатковым выніку паўплывае на кошт для спажыўцоў паслуг мабільнай або інтэрнэт-сувязі. «Так, гэта крыху падвысіць кошт гэтых паслуг, але ўсё можна рэгуляваць аб’ёмам спажываньня», — цытуе міністра БЕЛТА. Указам прадугледжана, што дадзеная норма ўступае ў сілу з 1 красавіка 2016 году.

Указам № 111 таксама прадугледжана, што падаткам на даданую вартасьць у памеры 20% абкладаюцца ў Беларусі паслугі па перавозцы пасажыраў гарадзкім і прыгарадным аўтамабільным транспартам — у тым ліку электрычкамі, мэтро, параходамі, чыгункай.

Амарын заявіў, што гэтая мера не пацягне павышэньня тарыфаў на гэтыя паслугі. «Адбудзецца зьніжэньне і аптымізацыя выдаткаў транспартных арганізацый», — адзначыў ён.

Норма ўступае ў сілу пасьля афіцыйнага апублікаваньня ўказу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG