Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Электронная бібліятэка Google зноў мае зялёнае сьвятло


Вярхоўны Суд ЗША адмовіўся сёньня разглядаць пазоў амэрыканскай Аўтарскай гільдыі да інтэрнэт-кампаніі Google, якая займаецца стварэньнем глябальнай электроннай бібліятэкі Google Books.

Аўтарская гільдыя і шэраг асобных пісьменьнікаў скардзіліся, што лічбавае капіяваньне кніг, якое распачаў Google, пазбаўляе іх даходаў і парушае аўтарскія правы. Амэрыканская юстыцыя аднак прыйшла да высновы, што дзейнасьць кампаніі не парушае заканадаўства краіны. Тым самым была пакінутая ў сіле пастанова апэляцыйнага суду ў Нью-Ёрку, які ў кастрычніку летась ужо вырашыў справу на карысьць інтэрнэт-гіганта.

Суд па гэтай справе пачаўся яшчэ ў 2005 годзе. На баку гільдыі выступалі таксама найбуйнейшыя прадаўцы электронных кніг як у ЗША, так і Эўропе. У 2008 годзе бакі заключылі пазасудовае пагадненьне, паводле якога Google пагаджаўся выплаціць гільдыі 125 млн. даляраў. Гэтыя грошы павінны былі пайсьці на выплату кампэнсацый пісьменьнікам, кнігі якіх ужо былі адсканаваныя бязь іх згоды.

У 2011 годзе суд аднак не ўхваліў гэтую зьдзелку, а праз два гады ўвогуле адхіліў пазоў гільдыі, заявіўшы, што сканаваньне кніг не зьяўляецца парушэньнем закону, а Google «дзейнічае ў інтарэсах грамадзтва». Як лічаць судзьдзі, электронная бібліятэка дазволіць студэнтам, настаўнікам, дасьледчыкам і іншым людзям зь лёгкасьцю знаходзіць патрэбныя кнігі, не парушаючы пры гэтым аўтарскія правы пісьменьнікаў.

Як адзначаецца ў судовых дакумэнтах, кампанія адсканавала ўжо больш за 20 мільёнаў кніг для сваёй бібліятэкі. Творы, адсканаваныя ў рамках праекту Google Books, не выкладваюцца ў інтэрнэт цалкам. Калі кніга абароненая аўтарскім правам, то для прагляду даступны толькі ўрывак зь некалькіх абзацаў, у якім сустракаюцца ключавыя словы, зададзеныя карыстальнікам. Google сьцьвярджае, што яго праект прывядзе толькі да росту продажаў кніг, бо спросьціць іх пошук для чытачоў.

XS
SM
MD
LG