Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія наступствы будзе мець утварэньне стала дзейнай нарады дэмакратычных арганізацыяў? Ці стане яна заменай кангрэсу дэмакратычных сілаў?

Абмяркоўваюць Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч і Віталь Цыганкоў.

Дракахруст: На мінулым тыдні была створаная стала дзейная нарада дэмакратычных арганізацыяў Беларусі — у яе ўвайшлі прадстаўнікі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная Грамада», АГП, БНФ, аргкамітэта па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя», руху «За свабоду», Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада», руху «Разам», «Беларускага руху», Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады, «Маладога Фронту», рух «За дзяржаўнасьць і незалежнасьць», грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь». Калі на ўзроўні пэрсаналіяў — то гэта А. Лябедзька, А. Мілінкевіч, П.Севярынец, С. Шушкевіч, У. Някляеў, М. Статкевіч, А. Саньнікаў, В. Сіўчык.

Іншымі словамі, гэта практычна ўся апазыцыя, акрамя Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ і кампаніі «Гавары праўду». Як патлумачыў Лябедзька, апошніх не запрасілі, бо яны выказалі гатоўнасьць да кулюарных перамоваў з уладай.

Узьнікла праблема — шмат арганізацый плянуюць вылучаць кандыдатаў у адны і тыя ж акругі. Дык вось нарада і ствараецца найперш для таго, каб падзяліць акругі, узгадніць дзеяньні

Ініцыятыву амаль усёй апазыцыі можна толькі вітаць, прычым падаецца, што абраны дакладны фармат, адпаведны актуальным задачам — нарада. Набліжаецца выбарчая кампанія. Ацэньваюць яе пэрспэктывы па-рознаму, але амаль уся апазыцыя зьбіраецца ў іх удзельнічаць. Узьнікла праблема — шмат арганізацый плянуюць вылучаць кандыдатаў у адны і тыя ж акругі. Дык вось нарада і ствараецца найперш для таго, каб падзяліць акругі, узгадніць дзеяньні. Так можна зразумець, што адкладзеная ў даўгую скрыню ці наагул забытая ідэя кангрэсу дэмакратычных сілаў. Значная частка тых самых сілаў ня выказала жаданьня ў ім удзельнічаць. Кангрэс — гэта трата рэсурсаў і часу, рызыка для палітычных лідэраў згубіць статусы.

Што мог вырашыць кангрэс? Абраць «старшога» па апазыцыі, перафразуючы Кісінджэра, абраць чалавека, якому можна патэлефанаваць, калі трэба пагаварыць з усёй беларускай апазыцыяй? На гэта іншыя лідэры не пагадзіліся б. А сапраўды актуальная, надзённая задача разьмеркаваньня акругаў на кангрэсах не вырашаецца. А на нарадзе яе вырашыць можна. Не ідэальна, але неяк, як яно ў палітыцы і вырашаецца як правіла.

Мы з вамі памятаем шматлікія аб’яднаньні апазыцыі — КРДС, Пяцёрка+ і іншыя. Гэтыя ўтварэньні па сутнасьці і былі такімі ж нарадамі, якая стварылася зараз, гэткім міжпартыйным «ААН» ці «СНД» у межах адной краіны. Узаемных абавязкаў няшмат, але пляцоўка для перамоваў і ўзгадненьня пазыцыяў. Дык лепш іх узгадняць, чым не ўзгадняць. Хаця спадзявацца, што гэта стане залатым ключыкам палітычнага посьпеху, не выпадае.

Варта сказаць, што такой пляцоўкі не было ўжо шмат гадоў. Апазыцыя падзялілася на блёкі. Зараз падобны «дах» узьнік, што ёсьць зьява станоўчая.

У што нарада трансфармуецца далей, ці стане яна сапраўды саюзам, аб’яднаньнем? Досьвед падказвае, што хутчэй за ўсё не, хаця ў сьвеце заўсёды ёсьць месца цудам.

Аднак калі дзякуючы нарадзе атрымаецца на восеньскіх выбарах зьменшыць колькасьць апазыцыйных кандыдатаў, якія канкуравалі б паміж сабой, прынамсі першасную задачу нарады можна будзе лічыць выкананай.

Карбалевіч: На мой погляд, зьяўленьне гэтай пляцоўкі стала альтэрнатывай правядзеньню Кангрэсу дэмакратычных сілаў (КДС). Ініцыятары кангрэсу матывавалі неабходнасьць яго правядзеньня патрэбай у аб’яднаньні, кансалідацыі апазыцыі. Маўляў, хто супраць правядзеньня КДС — той супраць адзінства. Паколькі ідэя адзінства даволі папулярная ў дэмакратычным асяродзьдзі, то лідэры партыяў, якія ня хочуць удзельнічаць у кангрэсе, траплялі ў няёмкую сытуацыю.

І вось старшыня АГП Лябедзька, лідэр партыі, якая ўваходзіць у кааліцыю правых арганізацыяў, абвясьціў, што фактычна створаная дзейная нарада дэмакратычных арганізацыяў. То бок, партыі, якія скептычна ставяцца да ідэі правядзеньня КДС, заяўляюць, што тая задача, дзеля якой нібыта прапануецца правесьці кангрэс, вырашаная. Такім чынам, абвінавачваньні з боку ініцыятараў правядзеньня КДС нэўтралізаваныя. І цяпер кангрэс непатрэбны.

Гэта вялікі кампраміс з боку «буйных» партыяў. І ўсё дзеля таго, каб зьняць з парадку дня пытаньне пра КДС. Ня думаю, што наступствы гэтага рашэньня выйдуць за межы апазыцыйнай тусоўкі

І тут важныя акалічнасьць. Звычайна пры стварэньні нейкіх міжпартыйных аб’яднаньняў, лідэры партыяў, якія маюць адносна значныя структуры у рэгіёнах, вельмі неахвотна аб’ядноўваліся з дробнымі арганізацыямі, якія мелі толькі лідэраў. Цяпер жа ўсе «лідэрскія» структуры, якія як раз і выступаюць за правядзеньне КДС, уваходзяць паўнапраўнымі чальцамі ў дзейную нараду дэмакратычных арганізацыяў. Гэта вялікі кампраміс з боку «буйных» партыяў. І ўсё дзеля таго, каб зьняць з парадку дня пытаньне пра КДС. Ня думаю, што наступствы гэтага рашэньня выйдуць за межы апазыцыйнай тусоўкі.

Цыганкоў: У гэтую сталую нараду ўвайшлі і Статкевіч, і Някляеў — асноўныя «рухавікі» ідэі Кангрэсу. Ці вы лічыце, што, пагадзіўшыся ўвайсьці ў нараду, яны адмовяцца ад ідэі кангрэсу?

Карбалевіч: Яны не адмовяцца, як казаў Статкевіч, кангрэс адбудзецца «пры любым надвор’і», але цяпер, калі зьявілася гэтая нарада, усе абвінавачваньні іх у адрас тых партыяў, якія не хочуць удзельнічаць у кангрэсе, трацяць свой імпэт.

Цыганкоў: Я не зусім згодны з тым, што сталая нарада створаная каб пагасіць крытыку ў бок арганізатараў Кангрэсу. Па-першае, таму што яны туды ўвайшлі, па-другое, таму што гэта дзьве паралельныя задачы, наўрад ці адна другую адмяняе. Той жа Статкевіч ці Някляеў, увайшоўшы ў дзейную нараду, ня зьменяць сваю актыўнасьць па падрыхтоўцы кангрэсу і нават крытыку тых, хто манкіруе ідэяй кангрэсу і хоча яе абагнуць, пазьбегнуць.

Цяпер і агульны настрой грамадзтва, і сёньняшні стан апазыцыі не патрабуюць такіх вялікіх грандыёзных стратэгічных задачаў, як «аб’яднаньне апазыцыі»

Зь іншага боку, максымум, чаго можна чакаць — гэта разьмеркаваньне акругаў на выбарчай кампаніі. Цяпер і агульны настрой грамадзтва, і сёньняшні стан апазыцыі не патрабуюць такіх вялікіх грандыёзных стратэгічных задачаў, як «аб’яднаньне апазыцыі». Да таго ж, парлямэнцкая кампанія не такая вялікая стаўка, каб адбылося нейкае кардынальнае аб’яднаньне.

Таму гэта безумоўна пазытыўны крок. Але ў сацыяльных сетках і ў камэнтарах незадавальненьне і іронія: чарговы раз вы аб’ядноўваецеся невядома для чаго. Сярод палітычна актыўнай публікі часам скепсіс, а астатняя публіка гэта не заўважыць. З пункту гледжаньня сытуацыі ўнутры палітычнага апазыцыйнага руху, дзе мы назіралі тэндэнцыі драматычнага разлому, разыходжаньня па асноўных пытаньнях, то гэтая навіна зьяўляецца дастаткова пазытыўнай. Гэта не псуе карціну, а дадае надзею на пэрспэктыву, што на гэтых парлямэнцкіх выбарах апазыцыя здолее ў той ці іншай ступені паміж сабой дамовіцца.

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG