Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гуркоў: «Я сам сышоў зь Міністэрства спорту»


Віталь Гуркоў
Віталь Гуркоў

«Народны чэмпіён» сам вырашыў разарваць кантракт зь Мінспорту, але працягне займацца спортам. Як і музыкай.

У аўторак, 12 красавіка, стала вядома, што дзесяціразовы чэмпіён сьвету і чэмпіён Беларусі па муай-тай Віталь Гуркоў сышоў зь Міністэрства спорту і турызму. Калі стала вядома, што дзяржава, хутчэй за ўсё, ня стане фінансаваць ягоны ўдзел у міжнародных спаборніцтвах у Швэцыі, у інтэрнэце пачаўся збор грошай пад дэвізам «Народны чэмпіён» — і пасьпяхова завяршыўся за лічаныя гадзіны. Міністэрства назвала гэта «піяр-ходам».

Сам Гуркоў прымае віншаваньні з рэкордна хуткім народным зборам грошай, але падкрэсьлівае карэспандэнту Свабоды, што збор быў не ягонай ініцыятывай. У чым прычына такога посьпеху — у музычнай дзейнасьці ці падтрымцы менавіта спорту — Гуркоў казаць не бярэцца. Але, на яго думку, гэты выпадак паказвае, што беларусы не такія абыякавыя, як пра іх часам кажуць.

Спартовец не бярэцца казаць, як будуць фінансавацца далейшыя спаборніцтвы, бо «да іх яшчэ дажыць трэба». Але са спорту сыходзіць не зьбіраецца, хоча выступаць на міжнародных спаборніцтвах і далей.

«Ёсьць такі фармат адбору, як Чэмпіянат рэспублікі: калі перамагаеш — трапляеш у склад зборнай, маеш права ехаць на міжнародныя чэмпіянаты. Там усё сур’ёзна, ты павінен быць у складзе зборнай, быць на зборах перад спаборніцтвамі, каб трэнэрскі склад глядзеў, як ты трэніруесься і ў якой ты форме, усё такое. Трэба рыхтавацца, аднаму так нельга заявіцца, бо едзе каманда, усё робіцца цэнтралізавана».

Віталь Гуркоў
Віталь Гуркоў

Раней Гуркоў распавядаў, як пасьля зьмены старшыні Фэдэрацыі муай-тай і кікбоксінгу (новы старшыня — генэрал-маёр унутраных войскаў МУС Юры Караеў) нядобразычліўцы сталі яго выстаўляць ледзьве ня ворагам зборнай, экстрэмістам і апазыцыянэрам — празь ягоны ўдзел у гурце Brutto. Ці значыць гэта, што дзяржава будзе чыніць перашкоды ўдзелу ў спаборніцтвах? Паводле афіцыйнай вэрсіі, Гуркоў сышоў па «згодзе бакоў», і цяпер ён падкрэсьлівае, што яго ня «выкінулі»:

«Мяне ніхто не звальняў, я сышоў сам. Сышоў, бо зразумеў, што жыцьцё стала трошкі шырэйшае за заняткі спортам. А там атрымлівалася, што ёсьць нейкія абмежаваньні, якія перашкаджалі б мне адчуваць сябе вольным. То бок проста скончыўся кантракт і я сам яго не працягнуў. Мне прапанавалі яго працягнуць, але я сказаў, што сыходжу. З боку Міністэрства спорту ніякіх перашкодаў ніколі не было, бо я спартовец, у якога ёсьць вынік».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG