Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Краіны «вялікай сямёркі» заклікалі Маскву паўплываць на данбаскіх сэпаратыстаў


Верагодна, у кулюарах закрануць тэму вяртаньня да «вялікай васьмёркі» з удзелам Расеі.

Міністры замежных спраў краінаў «вялікай сямёркі» (G7) на сустрэчы ў японскай Хірасіме ў панядзелак, 11 красавіка, заклікалі Расею прыкласьці больш высілкаў для ўрэгуляваньня канфлікту ва Ўкраіне, перадае Deutche Welle. Яны падкрэсьлілі сувязь паміж зьняцьцем заходніх санкцыяў і выкананьнем менскіх дамоўленасьцяў.

Дыпляматы выказалі зацікаўленасьць у дыялёгу з Масквой, а таксама ў выкананьні дамоўленасьцяў дзеля рашэньня праблемаў мірным шляхам. Але анэксія Крыму, як падкрэсьліваецца ў афіцыйным паведамленьні, разглядаецца «вялікай сямёркай» як парушэньне міжнароднага права.

Чакаецца, што цягам тыдня міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў прыбудзе ў Токіё для перамоваў зь японскім калегам. У кулюарах, піша Deutche Welle, можа быць закранутае пытаньне пра магчымае вяртаньне да фармату «вялікай васьмёркі» з удзелам Расеі.

«Вялікая сямёрка» — міжнародны клюб без статутаў, сакратарыяту і афіцыйных дамоваў, а таксама нефармальны форум лідэраў краінаў-удзельніц, які праходзіць раз на год. У клюб уваходзяць Вялікая Брытанія, ЗША, Італія, Канада, Нямеччына, Францыя і Японія. Ад 1994 году ў клюбе, які займеў назву «вялікай васьмёркі», брала ўдзел Расея, але пасьля анэксіі Крыму ўдзел краіны ў клюбе быў спынены — у 2014 годзе прадстаўніка Расеі не запрасілі на саміт у Брусэлі. Роўна год таму міністар замежных спраў Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер заяўляў, што шлях Расеі да вяртаньня ў «вялікую васьмёрку» ляжыць праз выкананьне менскіх дамоўленасьцяў і вырашэньне канфлікту ва Ўкраіне.

XS
SM
MD
LG