Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржсакратар ЗША ўпершыню наведаў Хірасіму


У Японіі працягваецца сустрэча міністраў замежных спраў «Вялікай сямёркі».

Дзяржсакратар ЗША Джон Керы і іншыя міністры замежных спраў краінаў «Вялікай сямёркі» ў панядзелак наведалі Мэмарыяльны парк міру ў Хірасіме, створаны ў памяць пра падзеі Другой сусьветнай вайны.

Японскія школьнікі махалі сьцяжкамі, вітаючы Керы і іншых высокапастаўленых гасьцей на мэмарыяле, часткай якога зьяўляюцца рэшткі будынка, сур’ёзна пашкоджанага ў выніку выбуху атамнай бомбы ў 1945 годзе.

Прэзыдэнт ЗША Барак Абама і Керы выступаюць за недапушчэньне распаўсюджваньня ядзернай зброі.

«Кожны чалавек у сьвеце павінен убачыць і адчуць моц гэтага мэмарыяла», — напісаў Керы ў кнізе для гасьцей Музэя міру.

«Гэта недвухсэнсоўны, суровы і пераканаўчы напамін ня толькі пра нашыя абавязальніцтвы пакончыць з пагрозай ядзернай зброі, але і прыкласьці ўсе намаганьні, каб пазьбегнуць самой вайны», — дадаў ён.

Атамнае бамбаваньне Хірасімы Злучанымі Штатамі прывяло да заканчэньня вайны, але забрала жыцьці каля 140 тысяч чалавек. Яшчэ 70 тысяч загінулі праз тры дні, калі ЗША скінулі атамную бомбу на горад Нагасакі.

Напярэдадні наведваньня парку дзяржсакратаром Керы высокапастаўлены прадстаўнік Дзярждэпартамэнту заявіў, што кіраўнік амэрыканскай дыпляматыі ня будзе прасіць прабачэньня за рашэньне ЗША скінуць бомбу на Хірасіму.

«Ні жыхары, ні ўлады Хірасімы, ні ўрад Японіі не дамагаюцца выбачэньняў ад ЗША», — адказаў ён на адпаведнае пытаньне журналіста.

Па словах дыплямата, ЗША і Японія «выразна сфакусаваныя на сапраўды важных рэчах», а менавіта на сваёй будучыні і магчымасьцях дасягненьня гэтай будучыні праз сумесную працу.

Прыезд Керы ў Японію таксама павінен падрыхтаваць глебу для травеньскага візыту прэзыдэнта Барака Абамы ў гэтую краіну для ўдзелу ў саміце лідэраў «Вялікай сямёркі».

Прэзыдэнт Абама заяўляў, што «палічыць за гонар» наведаць Хірасіму, але так і не пабываў у гэтым горадзе, хоць на працягу свайго прэзыдэнцтва ўжо некалькі разоў прыяжджаў у Японію зь візытам.

Адной з галоўных тэмаў двухдзённай нарады Керы і міністраў замежных спраў краінаў «Вялікай сямёркі», якая адкрылася ў нядзелю, зьяўляюцца праблемы глябальнай бясьпекі. У «Вялікую сямёрку» ўваходзяць ЗША, Вялікабрытанія, Канада, Францыя, Нямеччына, Італія і Японія.

Сустрэча міністраў праходзіць у пэрыяд, калі многія эўрапейскія краіны спрабуюць даць рады наступствам нядаўніх тэрактаў у Брусэлі і Парыжы.

Якія дадатковыя крокі могуць распачаць краіны «сямёркі», каб абараніць сябе ад такіх груповак, як «Ісламская дзяржава»? Адказваючы на гэтае пытаньне, аналітык Інстытута Брукінгса Рычард Буш кажа: «Неабходна забясьпечыць адэкватную абарону межаў, мець здольную і агрэсіўна дзейную выведку, а таксама скараціць шанцы на тое, што „Ісламская дзяржава“ скарыстаецца слабымі месцамі».

Падчас перамоваў міністры таксама абмяркоўваюць крызіс з уцекачамі на Блізкім Усходзе і ў Эўропе, палітычную нестабільнасьць і правакацыі з боку Паўночнай Карэі.

Керы прыехаў у Хірасіму з Аўганістана. Падчас свайго тыднёвага турнэ ён таксама наведаў Ірак і Бахрэйн.

У аўторак ён прыме ўдзел у мерапрыемстве па пытаньнях гандлю ў Каліфорніі. Дзярждэпартамэнт падкрэсьліў, што ён будзе казаць пра «магчымасьці ў сфэры нацыянальнай бясьпекі», якія адкрывае Трансціхаакіянскае партнэрства.

XS
SM
MD
LG