Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як і чаму Мацкевіч перамог Шуневіча?


Уладзімер Мацкевіч
Уладзімер Мацкевіч

Чаму міністар МУС Ігар Шуневіч прызнаў памылку міліцыі ў справе філёзафа Ўладзімера Мацкевіча?

Карбалевіч: Нагадаю гісторыю. 15 сакавіка філёзафа і грамадзкага дзеяча Ўладзімера Мацкевіча судзілі ў Цэнтральным раённым судзе Менску за ўдзел у акцыі пратэсту прадпрымальнікаў, якая прайшла 15 лютага. Сьведкамі выступілі міліцыянты, якія даводзілі ў судзе, што бачылі там Мацкевіча з плякатам. Аднак у ходзе працэсу высьветлілася, што Мацкевіч у гэты дзень быў у Варшаве, што пацьвярджаюць штампы ў пашпарце аб выезьдзе і ўезьдзе ў краіну і квіткі на самалёт.

І вось міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч, адказваючы на пытаньні журналістаў у Палаце прадстаўнікоў, прызнаў, што супрацоўнікі міліцыі зрабілі памылку пры ідэнтыфікацыі асобы чалавека і ідзе разбор.

Дасюль улады дзейнічалі паводле прынцыпу: нашы органы не памыляюцца. Любыя факты і сьведчаньні пра незаконныя дзеяньні міліцыі і іншых праваахоўных органаў адмяталіся з парога. Як, напрыклад, у справе зьбіцьця журналіста Паўла Дабравольскага ці па фактах грубага стаўленьня міліцыянтаў да футбольных заўзятараў. Нават афіцыйныя асобы, дзяржаўныя мэдыі казалі, што нібыта апанэнты распачалі кампанію шальмаваньня міліцыі.

Магчыма, колькасьць скандалаў перайшла ў якасьць, і перад міністрам паставілі пытаньне пра адказнасьць.

А вось цяпер міністар прызнае, што міліцыянты памыліліся. Таму што факт ужо вельмі відавочны? Але і ў іншых выпадках факты былі ня менш відавочныя. Напрыклад, мэдычная даведка аб сьлядах зьбіцьця на целе Паўла Дабравольскага. І скандал тады быў ня меншы. І ўвогуле, паводле нармальнай лёгікі, біць нявіннага чалавека — большае злачынства, чым ілжэсьведчыць.

Тут можна вылучаць толькі вэрсіі. Магчыма, колькасьць скандалаў перайшла ў якасьць, і перад міністрам паставілі пытаньне пра адказнасьць. Магчыма, у гэтым выпадку была нэгатыўная рэакцыя на самым версе. Магчыма, згаданая сытуацыя была зьвязаная з паездкай Мацкевіча ў Варшаву, а адносіны з ЭЗ цяпер важныя.

А магчыма, тут якасна іншая сытуацыя. Грубасьць беларускіх міліцыянтаў — гэта іх родавая якасьць, зьмяніць якую немагчыма і, можа, нават ня варта гэтага рабіць. А вось арганізацыя суду над Мацкевічам — гэта цэлая спэцапэрацыя, у якой задзейнічаны шэраг супрацоўнікаў. І няўменьне праводзіць загадзя падрыхтаваныя апэрацыі — вось гэтага дараваць міліцыі палітычнае кіраўніцтва ня можа. Таму міністар і атрымаў моцны наганяй і вымушаны быў прызнаць памылку.

Дракахруст: На мой погляд, тут сышліся два моманты. Першы — гэта абсалютна бясспрэчны характар фальсыфікацыі. Ну вось сытуацыя з Дабравольскім. Зьбіцьцё даказанае, але якая вэрсія міліцыі? — Ён супраціўляўся. Хто супраць гэтага гаворыць? Сам Дабравольскі, сьведкі — гэта нібыта ня ёсьць бясспрэчны доказ: можа, яны зацікаўленыя, можа, гэта яны хлусяць. Часта ў сытуацыях, якія нам з вамі падаюцца бясспрэчнымі, ёсьць момант «верыш — ня верыш». Калі б Мацкевіч сказаў на судзе: «Я насамрэч быў дома, і ў мяне мільён сьведак, якія мяне там бачылі», — ніякіх выбачэньняў не было б. А тут рэдкі выпадак. Прычым бясспрэчны доказ, забясьпечаны сыстэмай беларускай улады! Пашпарт, на якім стаіць пячатка, пастаўленая беларускім дзяржаўным службоўцам. Такім самым, як гэтыя міліцыянты. А другі момант — статус самога Ўладзімера Мацкевіча. Бо мы памятаем абсалютна бясспрэчныя сытуацыі, калі асуджалі аднарукага чалавека за воплескі, нямога — за антыдзяржаўныя воклічы. Але гэта невядомыя людзі, а Мацкевіч — чалавек у Беларусі вядомы. Да ягонай думкі прыслухоўваюцца, і калі ён пачаў пра гэта пісаць, шмат хто падхапіў, і шум, які ўзьняўся вакол гэтай справы, уладам быў нявыгадны.

Цыганкоў: Так, гэта такая справа, дзе не было як адкруціцца. Усё дакумэнтальна пацьверджана, і ў супрацоўнікаў міліцыі не было ніякіх доказаў сваёй вэрсіі.

Але я б не лічыў гэта нейкім знакам. Гэта адзінкавы выпадак, зьвязаны з тым, што Мацкевіч — даволі вядомы чалавек, і з тым, што надта відавочныя былі доказы ягонай рацыі.

Ілжэсьведчаньне міліцыянтаў — гэта ня грубасьць, а сьвядомая палітыка. Яны выконваюць загад зьверху, прытым ведаючы, што парушаюць закон, нават сваю прысягу.

Ілжэсьведчаньне міліцыянтаў — гэта ня грубасьць, а сьвядомая палітыка. Яны выконваюць загад зьверху, прытым ведаючы, што парушаюць закон, нават сваю прысягу. Гэта адбываецца гадамі, гэта наладжаная сыстэма, і ці не адзіны раз яна напаролася на такі выпадак, што чалавек змог прадставіць дакумэнт, што ён там ня быў. Гэта сапраўды ўнікальны выпадак — усё ж звычайна затрымліваюць людзей, якія былі на акцыі, і сьведчаць супраць рэальных удзельнікаў. Здаецца, упершыню такі пракол атрымаўся, калі, як выказаўся сам міністар Шуневіч, «проста яны абазналіся па зьнешнім выглядзе». Мы ў інтэрнэце бачылі, што быў такі ўдзельнік акцыі, чалавек ва ўзросьце, таксама сівы, і ў пэўным сэнсе мог нагадваць Мацкевіча. І вось якое сярэдняе кіраўніцтва міліцыі прыйшло да высновы, што гэта быў ён і яго трэба судзіць. Дай божа, каб яны пасьля гэтага праколу ставіліся больш асьцярожна да гэтага мэханізму судоў, ілжэсьведчаньня. Але я ні ў якім разе не лічу, што гэтая практыка спыніцца. Прагучала слова «выбачэньні» — выбачэньняў няма і не было. Шуневіч проста прызнаў памылку, але ніякія выбачэньні ні самому Мацкевічу, ні грамадзкасьці не былі прынесеныя. Больш за тое, магу спрагназаваць, што ніхто зь міліцыянтаў ня будзе пакараны за наўмыснае ілжэсьведчаньне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG