Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве закансэрвуюць даўгабуд Беларуска-расейскага ўнівэрсытэту


Недабудаваны аб’ект не схаваеш білбордамі

Недабудаваны аб’ект не схаваеш білбордамі

У Магілёве празь нястачу сродкаў вырашылі закансэрваваць недабудаваны лябараторна-навучальны корпус Беларуска-расейскага ўнівэрсытэту і спарткомплекс пры ім. Прафсаюзны актывіст Аляксей Паўлоўскі дазнаўся пра гэта з адказаў, якія далі на ініцыяваны ім калектыўны зварот Міністэрства адукацыі Беларусі і рэктар унівэрсытэту. Прафсаюзьнік сабраў подпісы неабыякавых магілёўцаў, каб прысьпешыць будоўлю.

«У сувязі з абмежаванымі магчымасьцямі рэспубліканскага бюджэту дзяржаўнай інвэстыцыйнай праграмай на 2016 год, зацьверджанай указам прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, заплянавана кансэрвацыя аб’екта «Беларуска-расейскі ўнівэрсытэт навучальна-лябараторны корпус са спарткомплексам», — гаворыцца ў лісьце зь Міністэрства адукацыі Беларусі.

Гэтак выглядае даўгабуд

Гэтак выглядае даўгабуд

У 2015 годзе, паведаміў рэктар унівэрсытэту Ігар Сазонаў, «фінансаваньня будаўніцтва аб’екта не праводзілася».

«Заказчык і генпадрадчык, зацікаўленыя ў заканчэньні будоўлі, сталі закладнікамі адзінай сытуацыі — адсутнасьці фінансаваньня. Пры выдзяленьні фінансавых сродкаў будоўля адновіцца», — адпісаў Паўлоўскаму рэктар.

Пляцоўку пад лябараторна-навучальны корпус пачалі рыхтаваць у 1993 годзе. Тады заклалі падмуркі, але далей справа не пасунулася. Працы прыпыніліся амаль на пятнаццаць год. Аднавіліся ў 2009 годзе, але і потым ня раз прыпыняліся.

Тут меўся быць унівэрсытэцкі басэйн. Але толькі павысякалі кустоўе

Тут меўся быць унівэрсытэцкі басэйн. Але толькі павысякалі кустоўе

Побач — падмуркі ўнівэрсытэцкага спарткомплексу. За час будоўлі яны пасьпелі зарасьці кустоўем. Сёлета яго пазразалі, каб не вытыркалася з фундамэнту, і пакінулі ў яміне між бэтонных канструкцыяў.

Сьсечаныя кусты так і ляжаць між бэтонных канструкцыяў

Сьсечаныя кусты так і ляжаць між бэтонных канструкцыяў

Першы этап будоўлі меліся скончыць у 2014 годзе. Цяпер ніхто не бярэцца акрэсьліць пэўныя тэрміны.

Пакуль будавалі адзін аб’ект, другі пачаў разбурацца

Пакуль будавалі адзін аб’ект, другі пачаў разбурацца

Плянавалася, што па заканчэньні будоўлі цяперашні галоўны корпус унівэрсытэту зачыняць на капітальны рамонт.

Пакуль цягнуўся даўгабуд, адзін з навучальных карпусоў унівэрсытэту пачаў разбурацца.

Пабачыць даўгабуд можна ад аблвыканкаму

Пабачыць даўгабуд можна ад аблвыканкаму

Недабудаваны корпус стаіць за дзьвесьце мэтраў ад Магілёўскага аблвыканкаму.

Ва ўнівэрсытэце вучыцца больш за 10 тысяч студэнтаў. Беларуска-расейскім ён стаў у верасьні 2003 году. Тады між Беларусьсю і Расеяй ішлі моцныя інтэграцыйныя працэсы.

Навучальная ўстанова была ўтвораная ў 1961 годзе. Больш ведаюць яе як Машынабудаўнічы інстытут.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG