Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Belaroots: тры рэпэры дасьледуюць беларускія карані. АЎДЫЁ


Angst, Zeman i Kontra рыхтуюць да выданьня альбом «Аднакарэнныя», у якім кожны ў песьнях рэпрэзэнтуе сваю частку Беларусі і сваю стыхію.

Тры беларускія рэпэры, вядомыя як Angst, Zeman i Kontra, аб’ядналіся ў праект Belaroots і прадставілі на Tuzin.fm дэбютны трэк «Тры келіхі». Праект плянуе сёлета выдаць поўны альбом.


Як распавёў Свабодзе Zeman, праект быў ягонай ідэяй і ініцыятывай:

«Увогуле спачатку зьявілася назва, неяк так зьнянацку, — згадвае ён. — У мяне не было мэты нешта такое вынаходзіць, папросту думкі ў галаве перабіраў. I тут раптам — бац! Гульня словаў! ! Пазьней, дарэчы, загугліў і пабачыў, што хтосьцi за мяжой, распавядаючы пра свае беларускiя каранi, да такога ж прыйшоў, але на той момант гэта было ваў! Я нават твіт пакінуў, як да гэтага дайшоў. Але потым была цішыня — я папросту ня ведаў, што з гэтым словам рабіць. Можна б было так свой альбом беларускамоўны назваць, але ж толькі-толькi выйшла „Коска“ (перадапошні на сёньня альбом Zeman-а. — РС). Ну й адклаў да лепшых часоў.

А потым ужо, праз год дзесьці, маючы гэтую назву, прапанаваў супрацоўніцтва Алесю і Віталю (Angst-у і Kontra. — РС). З Алесем мы былі знаёмыя даўно, гадоў 10 прынамсі, зь Вiталём пазнаёмілася па выданьні „Коскi“. Але, мяркую, мы ўсе сачылi адзiн за адным — i такое аб’яднаньне не было неспадзяванкай».

Zeman сьцьвярджае, што Belaroots ня мае прадусара, у яго не падбіраліся выканаўцы, якія «падыходзяць» пад песьні ці стылістыку праекту:

«Тут варта разумець адну рэч — Belaroots называецца праектам толькі таму, што гэта такая рэпрэзэнтацыя, зборная, але гэта не праект у бізнэс разуменьні, гэта — гурт, творчае аб’яднаньне. I ніякі прадусар нам не патрэбны, у нас няма мэты штосьці прадаваць. Да таго ж, кожны з нас і паасобку займаецца творчасьцю, і толькі ў маiм выпадку рэп — адзiны творчы занятак. Вiталь — літаратар і перакладчык, а Алесь займаецца стрыт-артам у складзе каманды «Тактак». Ну, калi бачылi сiпуху на Калiнiна, то гэта ягоная праца».

Маюнак сіпухі ў Менску. Фота: vulica-brasil.by

Маюнак сіпухі ў Менску. Фота: vulica-brasil.by



Што тычыцца песень, то пiшуцца яны адмыслова для Belaroots. Ня толькi альбом «Аднакарэнныя», але i сам праект мае канцэпцыю. Кожны з нас рэпрэзэнтуе сваю родную частку Беларусi i, адпаведна, стыхiю.

Сказаць мы хочам шмат чаго, нават, кожны з нас напэўна хоча данесьцi да слухача штосьцi сваё. Але галоўная думка — пераемнасьць традыцый, сувязь часоў i сумяшчальнасьць мінулага i сучаснага. То бок, хiп-хоп-культура i нашае нацыянальнае, беларускае не супярэчыць адное адному. Ну i асабiстае, канешне. Увогуле, найлепшы рэп — ён асабiсты, шчыры».



Пакуль, як кажа Zeman, усе думкi i намаганьнi трыё накiраваныя на запiс i выданьне альбому, з 11 песень гатовыя чатыры. Што тычыцца прэзэнтацыi, супольных выступаў ці магчымага туру, то пра гэта гурт будзе думаць пазьней.

XS
SM
MD
LG