Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Лобава — ператрус, у яго маці парвалі вопратку і забралі мабільны тэлефон


Эдуард Лобаў

Эдуард Лобаў

У менскай кватэры былога палітзьняволенага Эдуарда Лобава, які цяпер ва Ўкраіне, адбыўся ператрус.

Здарылася гэта сёньня ў 8.30 раніцы. Ператрусам кіраваў старэйшы опэрупаўнаважаны ГУБАЗ Менгарвыканкаму Раман Кіжапін.

Распавядае маці — Марына Лобава:

«Я выходзіла выгульваць сабак, каля ліфта мяне чакалі тры высокія мужчыны ў цывільным. Яны прад’явілі пастанову на ператрус, падпісаную пракурорам у сувязі з тым, што супраць Эдзіка распачатая крымінальная справа за ўдзел у ваенных дзеяньнях ва Ўкраіне.

Мяне прымусілі вярнуцца ў кватэру. Зайшлі самі і прывялі панятых. Некалькі супрацоўнікаў засталіся ахоўваць уваход у кватэру.

Падчас ператрусу забралі два ноўтбукі — мой і майго мужа. Таксама працэсар (сыстэмны блёк. — РС) ад кампутара, некалькі флэшак і кнігу пра „Малады Фронт“ і праваабарончы цэнтар „Вясна“.

У парушэньне закону сілай з маёй кішэні забралі мабільны тэлефон. Пастанова была на ператрус у кватэры, а не на асабісты агляд — таму гэта парушэньне. Я ўжо не кажу пра тое, што гэта рабілі супрацоўнікі-мужчыны, ды яшчэ з прымяненьнем фізычнай сілы.

У пратаколе я ўказала, што маю прэтэнзіі наконт мабільнага тэлефона, а таксама парванай курткі — гэта здарылася пры аглядзе мяне. Таксама запісала, што мне не дазволілі пазваніць адвакату».

Пасьля ператрусу Марына Лобава зьвязалася з адвакатам. Яна зьбіраецца падаваць скаргу на незаконнае выманьне тэлефона.

На пытаньні пра сына, пра ягоную дзейнасьць ва Ўкраіне Марына Лобава адказваць адмаўляецца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG