Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алеся Чаркашына ўзнагародзілі ордэнам «Народны герой Украіны». У Кіеве адкрыюць помнік беларускім героям


Алесь Чаркашын быў пасьмяротна ўзнагароджаны ордэнам «Народны герой Украіны». Недзяржаўную ўзнагароду атрымалі ў Чарнаўцах сябры Алеся Чаркашына, якія прыехалі зь Беларусі на цырымонію ўганараваньня. Ордэн яны зьбіраюцца перадаць бацькам «сябра Тараса» — такую мянушку меў Алесь Чаркашын сярод аднапалчанаў.

33-гадовы берасьцеец Алесь Чаркашын ваяваў у тактычнай групе «Беларусь» добраахвотніцкага ўкраінскага корпусу «Правы сэктар» і загінуў у баі пад Старагнатаўкай 10 жніўня 2015 году.

Ордэн «Народны герой Украіны» — недзяржаўны. «Як вядома, мала хто з тых замежнікаў, хто прыехаў дапамагаць нам абараніць сваю зямлю, атрымаў грамадзянства Ўкраіны. Ня кажучы ўжо аб статусе ўдзельніка баявых дзеяньняў. — піша выданьне Цензор.НЕТ. — Грамадзяне іншых дзяржаваў не атрымліваюць і ўзнагародаў ад Украіны за свае подзьвігі. Гэтую несправядлівасьць спрабуюць выправіць валянтэры».

На цырымонію ўганараваньня прыехалі сябры Алеся Чаркашына Аляксандра Алёшына, Вольга Галчанка і Аляксей Скобля. Імпрэза адбылася ў Чарнавецкай абласной філярмоніі. Акрамя Алеся Чаркашына, ордэнамі былі ўзнагароджаныя 15 байцоў, 2 лекара, 5 валянтэраў і капэлян.

А 28 сакавіка ў Кіеве адбудзецца ўрачыстае адкрыцьцё помніка беларусам, якія загінулі за Ўкраіну, на Майдане падчас Рэвалюцыі Годнасьці ды ў зоне АТА — Міхаілу Жызьнеўскаму, Алесю Чаркашыну ды Віталю Ціліжэнку. Пачатак цырымоніі заплянаваны на 12:00 на вуліцы Беларускай, 22, у Кіеве.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG