Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы дырэктар «Вясьнянкі» атрымаў 10 гадоў. Ці выплыве праблемнае прадпрыемства з новым кіраўніцтвам?


«Вясьнянка» пакуль працуе

«Вясьнянка» пакуль працуе

Суд Ленінскага раёну Магілёва пакараў былога дырэктара акцыянэрнага таварыства «Вясьнянка» Максіма Шнэка дзесяцьцю гадамі калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці і забаронай цягам пяці гадоў займаць кіроўныя пасады.

«Вясьнянка» — адно з самых праблемных прадпрыемстваў у Магілёве. Працаўнікі кажуць, што Шнэка наўмысна зрабілі вінаватым, каб на яго сьпісаць праблемы фабрыкі. Чыноўнікі аблвыканкаму прызнаюць, што ня ведаюць, як ратаваць прадпрыемства.

Швейная фабрыка, як называюць прадпрыемства магілёўцы, знаходзіцца ў цэнтры гораду, у трохстах мэтрах ад яе — будынак аблвыканкаму. Тэрыторыя прадпрыемства за апошнія гады істотна зьменшылася — на былой фабрычнай пляцоўцы разьмясьцілася вялікая крама «Эўраопт» з аўтастаянкай і мэблевы павільён.

Працоўныя, пераважна жанчыны, пасьля зьмены неахвотна пагаджаюцца гаварыць пра тое, як ім працуецца на прадпрыемстве.

«Наша прадпрыемства працуе ня дужа добра, больш адпачывае. Справы ў нас зусім кепскія — збыту прадукцыі няма. Заказаў няма. Наагул дзіўна, што яшчэ працуем. Пэрспэктываў, як мне падаецца, у „Вясьнянкі“ таксама няма. Зачыняць яе, альбо рэарганізуюць неяк», — выказала меркаваньне адна са сьмялейшых працаўніц.

Паводле словаў жанчыны, большасьць швачак фабрыкі працуе, бо няма куды болей падацца; хтосьці ўсё яшчэ спадзяецца, што ў прадпрыемства неяк наладзяцца. «Пра гэта нам увесь час гаворыць адміністрацыя», — дадае швачка зь «Вясьнянкі».

Пра спадзеў на хуткі выхад зь няпростай фінансавай сытуацыі казалі і прадстаўнікі адміністрацыі фабрыкі.

«У нас абсталяваньне загружанае, а гэта значыць, што прадпрыемства працуе. Галоўнае, каб калектыў бачыў, што праца ёсьць, і сам працаваў. Праблемаў на прадпрыемстве хапае, але пра іх лепей раскажа кіраўнік», — зазначыла супрацоўніца адміністрацыі «Вясьнянкі».

Кіраўніка засьпець на працоўным месцы ў пятніцу не ўдалося. У прыёмнай паведамілі, што ён на нарадзе. Сакратарка, выпытаўшы, пра што журналіст хоча пагаварыць з дырэктарам, зазначыла: «А ў нас усё добра».

На адной з аблвыканкамаўскіх нарадаў чыноўнікі прызналіся, што ня ведаюць, як ратаваць праблемнае прадпрыемства.

Некалі тут месьцілася фірмовая крама «Вясьнянкі», цяпер — тавары для садаводаў, гароднікаў

Некалі тут месьцілася фірмовая крама «Вясьнянкі», цяпер — тавары для садаводаў, гароднікаў

Фабрыка «працуе з адмоўнай рэнтабэльнасьцю больш за два гады і, па сутнасьці, неплатаздольная», казалі на нарадзе. Складзкія запасы перавышаюць трохмесячны аб’ём вытворчасьці фабрыкі. «Колькі мы будзем зь «Вясьнянкай» разьбірацца? — абураўся старшыня Магілёўскага аблвыканкаму Ўладзімер Даманеўскі.

«Я прасіў бы Камітэт дзяржкантролю абазначыць праблему, бо Легпрам (прадпрыемства падпарадкоўваецца Канцэрну лёгкай прамысловасьці. — РС) адштурхоўваецца ад яе, — даводзіў чыноўнік. — Сёньня дзяржава ідзе на дужа сур’ёзныя, адказныя палітычныя захады, закрываючы ўвоз тавараў, якія ішлі з Турэччыны, Кітаю. Калі ласка, прадавайце сваю

На першым паверсе фабрычнага будынку — крамы

На першым паверсе фабрычнага будынку — крамы

Заробкі на фабрыцы, паводле працаўніц, не дацягваюць і трох мільёнаў рублёў. «Ды й тыя выплачваюць часткамі», — зазначыла адна з іх.

Іншая работніца дадала: «Нам яшчэ за студзень ня выплацілі. Абяцаюць, чакаем. А куды пайсьці, на якое іншае прадпрыемства? Я ў фабрычным інтэрнаце жыву. Могуць выселіць».

«Вясьнянка» шые пераважна жаночае адзеньне. Якасьць самога пашыву неблагая, заўважае адна з суразмоўніц:

«І калі яны памяняюць лякалы, дык, верагодна, адзеньне „Вясьнянкі“ і будуць купляць, — выказваецца жанчына. — Прадукцыя ж недарагая. Эканом-варыянт, скажам так. Але выбару ніякага. Крой кепскі. Прымяраеш спадніцу, а яна ніяк на табе не сядзіць. Не кладзецца на фігуру. Вы ж паглядзіце на мяне: я са стандартнай фігурай, але з прадукцыі „Вясьнянкі“ выбраць сабе нічога не магу».

На былой тэрыторыі прадпрыемства — крама

На былой тэрыторыі прадпрыемства — крама

Наступная суразмоўніца больш катэгарычная. «Як жа гэта фабрыка можа ўдала працаваць, калі яна шые абы што? — заяўляе жанчына. — Адзеньне фабрыкі выйшла з моды гадоў пятнаццаць таму. Ды й купіць цяпер прадукцыю „Вясьнянкі“ няма дзе. Адзіная фірмовая крама і тая зачынілася. Цяпер, у тым памяшканьні, дзе яна была, прадаюць збанкі з зямлёю».

Адзіная крама месьцілася на першым паверху фабрычнага будынку. Цяпер на яе месцы прадаюць тавары для садаводаў і гароднікаў. Першы паверх будынка прадпрыемства аддалі пад іншыя крамы, дзе прадаецца прадукцыя, падобная да той, якую вырабляе «Вясьнянка».

Прадпрыемства летась мела намер зьвярнуцца ў гаспадарчы суд, каб яго прызналі банкрутам. Але 15 сьнежня акцыянэры большасьцю галасоў выступілі супраць такога кроку. Заявілі, што ў прадпрыемства ёсьць замовы і рэсурсы, каб разьлічвацца па рахунках і выплачваць заробкі.

Пра прысуд былому кіраўніку Максіму Шнэку працаўнікі фабрыкі ведаюць. Многія ставяцца да яго са шкадаваньнем.

«Ды зрабілі зь яго ахвярнага казла, — заяўляе адзін з працаўнікоў фабрыкі. — На Шнэка сьпісалі ўсё, што было пры ім і да яго. Тых мільярдаў, якія яму прысудзілі, не каштуе ўся фабрыка».

На больш трывалую агароджу, відаць, няма сродкаў

На больш трывалую агароджу, відаць, няма сродкаў

«Ён ведаў на якую пасаду і якога прадпрыемства пагаджаўся», — кажа наступны суразмоўца.

«Хацеў даказаць, відаць, нешта сабе і іншым. А выйшла ўсё наадварот, — разважае мужчына. — Цяперашні кіраўнік хітрэйшы. Ён часова выконвае абавязкі дырэктара. Шнэка шкада, бо малады, а дзесяць год турмы яго лепшым ня зробяць».

Ленінскі суд Магілёва прызнаў Максіма Шнэка вінаватым у злоўжываньні уладаю, крадзяжах, вымаганьні крэдыту і службовым падлогу. Паводле сьледзтва, былы кіраўнік «Вясьнянкі» нанёс шкоду прадпрыемству ў 2,5 мільярды рублёў.

Падсудны прызнаў сябе вінаватым толькі ў службовым падлогу, тлумачачы, што ён падаў палепшаныя статыстычныя зьвесткі, каб захаваць прадпрыемства. З выракам Максім Шнэк не пагадзіўся і будзе яго абскарджваць.

XS
SM
MD
LG