Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сыход расейскіх войскаў з Сырыі — гэта страшная страта твару», — маскоўскі экспэрт


Вылет першай групы самалётаў паветрана-касьмічных сілаў РФ з авіябазы Хмэймім назад, на радзіму. 15 сакавіка 2016 году

Вылет першай групы самалётаў паветрана-касьмічных сілаў РФ з авіябазы Хмэймім назад, на радзіму. 15 сакавіка 2016 году

Заява Ўладзімера Пуціна аб тым, што расейская авіягрупа ў Сырыі выканала тыя задачы, якія перад ёй былі пастаўленыя, — гэта тыповая для расейскага прэзыдэнта спроба выдаць жаданае за сапраўднае.

Па словах экспэрта па праблемах міжнароднай бясьпекі Юрыя Фёдарава, без расейскай авіяцыйнай падтрымкі пазыцыі Асада ў ваенным пляне будуць сур’ёзна аслабленыя. Акрамя таго, зьяўляюцца паведамленьні, што і Тэгеран можа вывесьці з Сырыі свае падразьдзяленьні — іранскі Корпус Вартавых Ісламскай Рэвалюцыі і цэлы шэраг розных атрадаў наймітаў.

«Атрымліваецца, што калі Пуцін сапраўды выведзе значную частку баявой авіяцыі з Сырыі, то становішча Асада можа вярнуцца да таго, якое было ў канцы лета мінулага году», — кажа экспэрт.

Юры Фёдараў лічыць, што сыход расейскіх войскаў з Сырыі цягне за сабой вялікія рэпутацыйныя страты для Пуціна.

«Я думаю, што гэта страшная страта твару. Таму што спыненьне ўдзелу ў вайне без дасягненьня перамогі — гэта, і не без падстаў, разглядаецца часта як параза. А для лідэраў і для грамадзкай думкі дзяржаваў Блізкага і Сярэдняга Ўсходу, наагул для традыцыйных супольнасьцяў, такі сыход безь перамогі проста азначае „Пуцін ня здолеў“, што ён і яго асяродзьдзе не далі рады тым задачам, якія яны самі перад сабой паставілі. А калі так, то мець зь імі справы проста становіцца ўжо бессэнсоўным. І прычым ня толькі з эмацыйнага пункту гледжаньня, але і з асабліва прагматычнага. Пуцін абяцаў Асаду поўную ваенную падтрымку да сур’ёзнай перамогі ў грамадзянскай вайне, а цяпер гэта абяцаньне ня выкананае, і Пуцін сыходзіць са сваімі самалётамі, адпаведна, навошта зь ім мець справу?» — кажа экспэрт.

Урачыстая цырымонія пачатку вываду расейскай авіяцыйнай групы з Сырыі. 15 сакавіка 2016 году

Урачыстая цырымонія пачатку вываду расейскай авіяцыйнай групы з Сырыі. 15 сакавіка 2016 году

Фёдараў не выключае, што Пуцін можа цяпер узмацніць ціск на Ўкраіну, у тым ліку ціск ваенны.

«Паведамленьні, якія прыходзяць з Украіны, у тым ліку з Данбасу, сьведчаць аб тым, што сытуацыя там абвастраецца, і ня выключаны паўтор, у той ці іншай форме, больш-менш вялікіх па тамтэйшых маштабах баявых апэрацыяў з боку непрызнаных рэспублік ДНР і ЛНР. Другая акалічнасьць палягае ў тым, што, сыходзячы з Сырыі, Пуцін як бы пасылае сыгнал вядучым дзяржавам і палітыкам Захаду: „Вы былі незадаволеным маім удзелам у Сырыі? Добра, я сыходжу, але тады падтрымайце мяне па ўкраінскай праблематыцы“.

Я, вядома, ня думаю, што Захад можа пайсьці насустрач Пуціну ў гэтых адносінах, таму што гэта будзе азначаць сур’ёзныя зьмены заходняй пазыцыі па Ўкраіне, прычым пазыцыі прынцыповай. Але тым ня менш, такі разьлік у Крамлі можа быць», — мяркуе экспэрт.

Цалкам матэрыял чытайце на сайце расейскай службы Радыё Свабода

Ключавыя словы: Сырыя, Пуцін, Фёдараў, Асад, Тэгэран, Україна, ДНР, ЛНР

XS
SM
MD
LG