Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У экс-прэзыдэнта Ўкраіны Юшчанкі пэнсія менш за 300 даляраў, у былога прэзыдэнта Малдовы Вароніна каля 450 даляраў, экс-прэзыдэнт Армэніі Качаран ня ведае, якая ў яго пэнсія.

У Беларусі няма былых прэзыдэнтаў, як няма і закону, які рэгулюе налічэньне пэнсіі былым прэзыдэнтам. А якія пэнсіі ў былых лідэраў у постсавецкіх краінах, дзе ёсьць былыя прэзыдэнты? Расказваюць удзельнікі праекту «Расея і я».



Другі прэзыдэнт Армэніі Робэрт Качаран: Ня ведаю, якая мая пэнсія. Расходую па картцы


Ганна Соўсь: Закон аб былых прэзыдэнтах у Армэніі быў прыняты паводле ўзору падобных законаў краінаў Эўразьвязу. Што мае ў Армэніі былы прэзыдэнт?

Робэрт Качаран: Офіс, ахова, дом... Гэты закон быў прыняты да мяне, я да яго нічога не дадаў, ніякіх ільготаў, нічога не павялічыў. Закон быў прыняты яшчэ да мяне, у пэрыяд першага прэзыдэнта Армэніі. Я думаю, гэта стандартны падыход, які адаптаваны для многіх краінаў. Транспарт, ахова, што там яшчэ ёсьць... Пэнсія — гэта працэнт ад заробку дзейнага прэзыдэнта.

Ганна Соўсь: Цяпер гэта прыблізна колькі?

Робэрт Качаран: Ня ведаю. Яны пералічваюць гэта на мой асабісты рахунак, расходую па картцы. Гэта 70% ад заробку дзейнага прэзыдэнта, у раёне 70% прынамсі.


Першы прэзыдэнт Украіны Леанід Краўчук: У нас, як і ў Беларусі, не ўсталявалі прэзыдэнтам пэнсіі


Леанід Краўчук: Зараз, увогуле, мы перагледзелі многія льготы, якія былі раней, цяпер іх адмянілі. У мяне фактычна ўжо нічога, ніякіх ільгот няма. Пэнсія. Нават не прэзыдэнцкая пэнсія ў мяне, а дэпутата Вярхоўнага Савету. У нас, як і ў вас у Беларусі, не ўсталявалі прэзыдэнтам пэнсіі. Я кожнаму новаму прэзыдэнту кажу, што справа ня ў тым што, як лічаць, гэта вялікая пэнсія ...

Ганна Соўсь: А якая ваша пэнсія ў пераліку на даляры?

Леанід Краўчук: Я ня ведаю, колькі прэзыдэнцкая пэнсія, яе няма проста. А дэпутацкая была 18 тысяч грыўняў, зараз, здаецца, 14 тысяч грыўняў. Цяпер памяншаецца да 6 тысяч... Я казаў: «Вы лічыце, што гэта высокая пэнсія? Ну прызначце не 18, а 5 тысяч грыўняў, але каб гэта была прэзыдэнцкая пэнсія, і калі журналіст ў мяне будзе пытацца, якая ў мяне прэзыдэнцкая пэнсія, то я скажу: 5 тысяч». Сёньня я не магу так сказаць. Няма ў мяне прэзыдэнцкай пэнсіі. Я атрымліваю пэнсію дэпутата Вярхоўнага Савету.

Ганна Соўсь: А вы самі ў свой час не маглі такі закон прыняць?

Леанід Краўчук: Не, вядома... : Пытаньне ў іншым. Сорамна. Украіне павінна быць сорамна. Гэта ж не мільён прэзыдэнтаў, якім трэба плаціць нейкую найвялікшую пэнсію. Чатыры прэзыдэнты, чатыры чалавекі. Вызначце ім пэнсію. Я буду ведаць: вось гэта мая пэнсія, я буду разьлічваць на гэтую пэнсію, жыць я буду толькі за пэнсію або за нешта іншае, гэта ўжо маё пытаньне. Але дзяржава павінна несьці адказнасьць. Дзяржаве, ня мне, павінна быць сорамна, яна павінна быць чырвоная, і прэзыдэнт Парашэнка павінен быць чырвоным кожны дзень, што ён да гэтага часу ня можа вырашыць гэтае простае пытаньне... У прынцыпе сорамна дзяржаве павінна быць за тое, што яна не вызначыла пэнсію для адной, адзінай катэгорыі людзей ва Ўкраіне. Усе маюць акрамя прэзыдэнта... Я пра гэта казаў Кучму, казаў Юшчанку, казаў Януковічу, казаў Парашэнку, а воз і цяпер там. Таму што нешта ім перашкаджае ўзяць галаву ў рукі і сказаць: ну давайце ня будзем ганьбіцца перад сьветам, ды і перад сваімі людзьмі. Ну што, гэта ворагі ўкраінскага народу, што мы ім нават пэнсію ня можам вызначыць? Узровень культуры, узровень мысьленьня, узровень наогул разуменьня палітычных, духоўна-эканамічных працэсаў... Усё разглядаюць Украіну і сваё крэсла праз прызму сваіх уласных інтарэсаў, сваіх уласных актываў. Пра гэта яны думаюць дзень і ноч. Я бачу, што ня толькі думаюць, а і дзейнічаюць адпаведна. А вырашыць дзяржаўнае пытаньне, гэта не асабістае Краўчука пытаньне ... Шушкевіч жыве без пэнсіі? Жыве. І я пражыву.



Трэці прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка: Не камэнтую тое, што я атрымліваю менш за трыста даляраў


Ганна Соўсь: Вы расказвалі пра жанчыну з усходу Ўкраіны, якая страціла свой дом, прыйшла да вас, і вы аддалі ёй сваю пэнсію. Калі я гутарыла з прэзыдэнтам Леанідам Краўчуком, то ён казаў, што ў яго няма прэзыдэнцкай пэнсіі, ён атрымлівае пэнсію як дэпутат. А якую пэнсію атрымлівае прэзыдэнт Юшчанка?

Віктар Юшчанка: Я разумею ўсё, што адбываецца. Якія могуць быць прэтэнзіі да дзяржавы, калі нам дрэнна, цяжка? Нават неяк не камэнтую тое, што я атрымліваю менш за трыста даляраў...

Ганна Соўсь: Гэта дэпутацкая пэнсія?

Віктар Юшчанка: Я думаю, так.

Ганна Соўсь: Што вы маеце ад дзяржавы як былы прэзыдэнт?

Віктар Юшчанка: Я выкарыстоўваю свае машыны. Мне даюць, здаецца, 5 літраў бэнзіну на дзень. Ёсьць дзяржаўная ахова, якую я прытуліў у сваім доме, на прыватныя, так бы мовіць, выдаткі. Ёсьць сыстэма мэдычнага абслугоўваньня, я магу пад’ехаць да дзяржаўнага лекара, і ён нешта можа зрабіць, калі гэта ў яго сілах. Але гэтых сілаў вельмі мала. Я не знайшоў магчымасьці вылечыць ва Ўкраіне наступствы атручваньня, і таму я гэтымі паслугамі ўвогуле моцна не карыстаюся.


Першы кіраўнік Літвы Вітаўтас Ландсбергіс: Зь мяне таксама часам зьдзекуюцца, але я не хачу пра гэта гаварыць

Ганна Соўсь: Спадар Ландсбергіс, у літоўскім Сойме знаходзіцца на разглядзе дакумэнт, у якім прапанавана, каб вам як першаму кіраўніку літоўскай дзяржавы быў нададзены статус прэзыдэнта. Які ваш статус цяпер у Літве? Наколькі запатрабаваны ваш вопыт?

Вітаўтас Ландсбергіс: Тут шмат пытаньняў. І не зусім прыемна, не зусім належыць тут паглыбляцца. Гэта не мая справа. Гэта справа тых людзей, якія вырашаюць нешта ад імя дзяржавы. Калі яны вырашаюць нявартым чынам — гэта іх справа.

Ганна Соўсь: А што вы маеце ад дзяржавы?

Вітаўтас Ландсбергіс: Што я маю? Можна сказаць, ахову — аднаго афіцэра, калі я ў Літве ... Аднойчы паслалі яго са мной, калі я ехаў ва Ўкраіну. А калі я ежджу па Эўропе або лячу ў Амэрыку, ніхто мяне не суправаджае.

Ганна Соўсь: А пэнсія? У вашага калегі, старшыні Вярхоўнага Савету Беларусі Станіслава Шушкевіча пэнсія была менш за адзін даляр.

Вітаўтас Ландсбергіс: Гэта зьдзек, разумееце. Тут няма пра што нават казаць. Зь мяне таксама часам зьдзекуюцца, але я таксама не хачу пра гэта гаварыць. Гэта на сумленьні тых людзей, якія так робяць, як і з Шушкевічам.


Былы прэзыдэнт Літвы Раландас Паксас: У мяне ёсьць толькі званьне прэзыдэнта і ордэн

Ганна Соўсь: А што вы маеце ад літоўскай дзяржавы як былы прэзыдэнт?

Раландас Паксас: Ад літоўскай ўлады, не ад дзяржавы, гэта будзе больш дакладна. Улада або тыя людзі, якія мелі адносіны да падзей, якія адбываліся 11 гадоў таму, даволі старанна падрыхтаваліся да таго, што будзе пасьля імпічмэнту. І ў законах зьявіліся такія словы: прэзыдэнт, які скончыў кадэнцыю... Ёсьць тыя, якія скончылі кадэнцыю, і тыя, якія ня скончылі. У мяне ёсьць толькі званьне прэзыдэнта і ордэн, які ўручаецца тады, калі ты становісься прэзыдэнтам. Гэта ўсё.

Ганна Соўсь: Ані пэнсіі, ані рэзыдэнцыі, ані аховы, ані недатыкальнасьці?

Раландас Паксас: Нічога.



Другі прэзыдэнт Малдовы Пэтру Лучынскі: Я маю пэнсію, мэдычнае абслугоўваньне, дыпляматычны пашпарт

Пэтру Лучынскі: Калі першы прэзыдэнт Мірча Сьнегур сышоў, быў прыняты закон пра прэзыдэнцтва. Мы мелі самае элемэнтарнае — абслугоўваньне машыны, ахова, нейкі офіс. А потым прыйшлі камуністы і больш жорстка зрабілі... Таму што, вядома, што калі вывесьці на плошчу і павесіць 100 чалавек, так будуць апладзіраваць, вы ж ведаеце цяпер настроі пры цяжкім жыцьці... Таму адзін раз памянялі, іншы раз памянялі... А зараз я маю пэнсію, мэдычнае абслугоўваньне, дыпляматычны пашпарт. Ўсё. Пэнсія — 70% ад дзейнага заробку кіраўніка дзяржавы. Па-мойму, дзесьці 600 або 700 даляраў.

Трэці прэзыдэнт Малдовы Ўладзімір Варонін: Я маю пэнсію 400-450 даляраў

Ганна Соўсь: Што мае ад малдаўскай дзяржавы былы прэзыдэнт паводле закону?

Уладзімір Варонін: Пэнсію. Калі перавесьці на даляры, то 400-450 даляраў.

Ганна Соўсь: Аўтамабіль, рэзыдэнцыя?

Уладзімір Варонін: Не. Ёсьць ахова і недатыкальнасьць. І нічога больш. Ніякіх рэзыдэнцый. Кватэра на пятым паверсе, у якой я жыў 25 гадоў таму, так нічога і не зьмянілася. І будучы прэзыдэнтам, я не памяняў нічога.

  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG