Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шушкевіч атрымаў «чалавечую» пэнсію — упершыню пасьля 1997 году


Станіслаў Шушкевіч

Станіслаў Шушкевіч

Першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч нарэшце атрымаў пэнсію, як усе — у эквіваленце больш за 200 даляраў. Ад сярэдзіны 1990-х, згодна з распараджэньнем Аляксандра Лукашэнкі, пэнсія экс-старшыні Вярхоўнага Савету была замарожаная і ўрэшце ператварылася ў некалькі дзясяткаў цэнтаў.

Станіслаў Станіслававіч у інтэрвію Свабодзе апавёў, што не зьбіраўся «прыніжацца перад уладай», якая яго мэтанакіравана ігнаруе. Але зьмірыцца з такім становішчам не захацела ягоная жонка Ірына. Па словах навукоўца і грамадзкага дзеяча, менавіта яна выбіла ад сацыяльных службаў мужу пэнсію паводле ўзросту — агулам больш за 4 мільёны рублёў:

«Грошы ўжо нават атрымаў. Праўда, сам нікуды не хадзіў, усім займаецца жонка: я ёй напісаў генэральную даверанасьць, у яе цяпер картка, на якую тыя грошы пераводзяць. То бок яна ўсё трымае на кантролі, я займаюся сваёй справай, як і раней».

У 1997 годзе прэзыдэнт Лукашэнка адмяніў пастанову Вярхоўнага Савету, якая гарантавала былому кіраўніку парлямэнту і былому прэм’ер-міністру пажыцьцёвае матэрыяльнае забесьпячэньне ў памеры 75% ад акладу дзейных чыноўнікаў такога ж рангу. Такім чынам, Станіславу Шушкевічу, а таксама Георгію Таразевічу, Сямёну Шарэцкаму, Мечыславу Грыбу і Міхаілу Чыгіру памер пэнсіі быў пакінуты такі, які быў на час падпісаньня дэкрэту. Паводле стану на 1997 год сума крыху перавышала 3 мільёны рублёў.

Аднак ужо праз два гады ў выніку чарговай дэнамінацыі ад тых мільёнаў засталіся ўсяго 3200 рублёў. І калі іншыя фігуранты «чорнага сьпісу» свае фінансавыя праблемы так ці інакш вырашылі, то пэнсія Станіслава Шушкевіча «замарозілася» на ранейшым узроўні і на момант перагляду складала меней за 20 цэнтаў у эквіваленце.

Зрэшты, цяперашняя пэнсія налічана без уліку рэгаліяў спадара Шушкевіча як дзяржаўнага дзеяча і ўганараванага навукоўца. Нагадаем, Станіслаў Шушкевіч — доктар фізыка-матэматычных навук, прафэсар, заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі БССР, член-карэспандэнт Акадэміі навук, ляўрэат Дзяржаўнай прэміі:

«Там ніякія рэгаліі ня ўлічваюцца. Як мне потым жонка расказала — калі ўсё стала рэальнасьцю — ёй у сацыяльных службах пацьвердзілі: пэнсію можна падняць. То бок з улікам ранейшых заслугаў яна можа як мінімум падвоіцца. Але паколькі ўсё залежыць ад той асобы, якая да мяне вельмі пагана ставіцца — зрэшты, я да яе стаўлюся гэтаксама, таму што яна непрыстойная па сваёй прыродзе, гэта такая мая суб’ектыўная думка — наўрад ці што атрымаецца. Адпаведна, на большае разьлічваць не выпадае. Так што гэта звычайная ардынарная пэнсія за стаж, за гады працы».

Карэспандэнт: «То бок каб была налічана пэрсанальная пэнсія, трэба, што называецца, ісьці на паклон?».

«Так, бо фактычна „зарубленая“ і адна, і другая. У мяне па сукупнасьці павінна быць вялікая пэнсія, але ёсьць што ёсьць. З голаду, як кажуць не памру, але ня дзякуючы пэнсіі, а калі буду здаровы. Я ўсё ж працягваю працаваць, хоць апошнім часам з-за хваробы і былі пэўныя збоі. Але вось 25 лістапада лячу ў Екацерынбург, дзе будуць пэўныя справы, ад 3 да 6 сьнежня буду ў Варшаве. Такім чынам, пачынаю аднаўляць свой „прафэсарскі бізнэс“, зь якога я быў выбіты хваробай».

Можна толькі ўявіць, колькі дзяржава зэканоміла амаль за два дзясяткі гадоў, прымушаючы першага кіраўніка дзяржавы шукаць уласныя спосабы заробку. Зрэшты, Станіслаў Станіслававіч ня скардзіцца і кажа, што пасьля рэабілітацыі зноў распачынае «прафэсарскі бізнэс»:

«Нічога, ведаеце, мы з жонкай на жыцьцё ня скардзімся. Хоць мая цешча ўсё роўна атрымлівае пэнсію большую, чым я (сьмяецца). Усё нармальна. Ня гэта галоўнае, бо я нешта набыў таксама, больш каштоўнае, чым грошы. Скажу шчыра: з таго, як пазытыўна, прыстойна і чула ставіліся да мяне лекары на ўсіх этапах маіх хірургічных, кардыялягічных і іншых спраў, я зразумеў, што ў мяне вельмі шмат сяброў. Прычым там, дзе я не чакаў, у той галіне, зь якой я раней практычна не кантактаваў. Такіх адносінаў, прызнаюся, проста не чакаў. Ва ўсіх клініках, дзе мне давялося кантавацца, ад усіх лекараў я меў выключна спагаду і добразычлівасьць. Я толькі пасьля даведаўся, што са мной працавалі найлепшыя спэцыялісты. Калі разгарнулі гісторыю хваробы, пабачыў прозьвішчы сьвяцілаў нашай мэдыцыны. Не пасьпеў нават яшчэ ўсім падзякаваць...»

На пачатку 2000-х Станіслаў Шушкевіч рабіў спробу праз суд дамагчыся выплаты пэнсіі, але атрымаў адмову на свой пазоў. Прайшоў па ўсёй герархіі ажно да Вярхоўнага суду, і ўрэшце яго праінфармавалі, што 3200 рублёў выплочваюцца былому сьпікеру парлямэнту «паводле закону».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG