Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На радзіме Алеся Адамовіча, аўтара несавецкай «Вайны пад стрэхамі»


У пасёлку Глуша ў Бабруйскім раёне можа зьявіцца музэй пісьменьніка, публіцыста ды грамадзкага дзеяча Алеся Адамовіча. Рэпартаж Свабоды.

Адкрыты адмысловы рахунак і абвешчаны збор сродкаў на рамонт будынку, у якім плянуюць разьмясьціць музэй. Паводле спэцыялістаў, каб адрамантаваць дом, які два дзясяткі гадоў быў без гаспадара, патрабуецца блізу мільярда рублёў. Калі музэй прыме першых наведнікаў, пакуль пэўна казаць зарана.

Карэспандэнт Свабоды пабываў у родным мястэчку Алеся Адамовіча, адведаў ягоную магілу ды пагутарыў зь землякамі знанага беларуса.

Засьнежаныя глушанскія могілкі, на якіх спачывае Алесь Адамовіч, сустрэлі цішынёй. За каванай агароджаю чатыры магілы. Пасярэдзіне — магіла самога Алеся Адамовіча зь вялізным валуном і схіленым да яго ядлоўцам.

Магіла Алеся Адамовіча і ягоных блізкіх

Магіла Алеся Адамовіча і ягоных блізкіх

Зьлева: мармуровае надмагільле брата пісьменьніка — Яўгена. З краёў пахаваныя Вера Сямёнаўна, жонка аўтара несавецкай «Вайны пад стрэхамі», і Марыя Васільеўна, жонка брата. На кожную магілу кладу па цукерцы і выпраўляюся ў Глушу.

Каб адрамантаваць будынак для музэю, трэба сабраць мільярд рублёў

Мястэчка, якое стала родным для сям’і Адамовічаў, за чатыры кілямэтры ад могілак. Ідучы шашою да Глушы, дазвоньваюся да дачкі пісьменьніка Натальлі Аляксандраўны. Яна зазначае, што гаворка пра музэй Адамовіча ў Глушы вядзецца больш за дваццаць год.

У 1994 годзе на пахаваньні пісьменьніка пра музэй казалі калегі-пісьменьнікі, тыя, з кім партызаніў творца, ды ягоныя землякі.

Алесь Адамовіч з дачкой Натальляй (фота з архіву Натальлі Адамовіч, аўтар Яўген Коктыш)

Алесь Адамовіч з дачкой Натальляй (фота з архіву Натальлі Адамовіч, аўтар Яўген Коктыш)

«Ні пра якую экспазыцыю і сам музэй гаворкі пакуль няма. Адкрыцьцё рахунка, безумоўна, добрая навіна. Патрэбныя сродкі на капітальны рамонт будынка і неабходную для гэтага дакумэнтацыю. Сабраць трэба блізу мільярда рублёў. У будынку раней месьцілася аптэка. Яе зачынілі дваццаць гадоў таму і больш дом не выкарыстоўвалі. Ён у аварыйным стане. На колькі зацягнецца рамонт, казаць цяжка», — удакладняе Натальля Адамовіч.

У аптэцы ад 1931 году спачатку шараговай аптэкаркай, а потым загадчыцай працавала маці Адамовіча Ганна Мітрафанаўна. Як у Глушу прыйшлі фашысты, яна, будучы партызанскай сувязной, дамаглася ад акупацыйных уладаў дазволу на працу аптэкі. Адпрацавала мэдычная установа два гады. Адчуўшы небясьпеку выкрыцьця, Ганна Мітрафанаўна і двое ейных сыноў сышлі да партызан. Аптэку адразу зачынілі, а здымнае жытло Адамовічаў паліцаі разрабавалі.

Музэй, каб паказаць, якой была «Вайна пад стрэхамі»

«Мы хочам, каб дом захаваў сваю аўтэнтычнасьць. Застаўся такім, якім быў у 1930 гадах», — зазначае Натальля Аляксандраўна.

Алесь Адамовіч зь землякамі. На дальнім пляне аптэка (фота з архіву Натальлі Адамовіч, аўтар Яўген Коктыш)

Алесь Адамовіч зь землякамі. На дальнім пляне аптэка (фота з архіву Натальлі Адамовіч, аўтар Яўген Коктыш)

На яе думку, у музэі варта прысьвяціць асобную экспазыцыю зьніклай аптэцы.

«Яна, як і людзі, пра якіх пісаў тата, таксама гісторыя роднага для яго мястэчка і ўсёй Беларусі», — заўважае дачка пісьменьніка.

«Тата пісаў дакумэнтальную прозу, і героямі ягоных твораў былі ня выдуманыя, а рэальныя людзі, — дадае яна.— Таму музэй будзе прысьвечаны ня толькі Адамовічу, але і жыхарам Глушы ды самому пасёлку».

Алеся Адамовіча цікавілі людзі і іх адносіны ў складаных умовах, зазначае ягоная дачка.

«Фашысты ж прыйшлі ў Глушу на пятыя суткі вайны, і ніхто ня ведаў, ці надоўга яны затрымаюцца тут. Фашысцкая акупацыя доўжылася доўгія тры гады. За гэты час шмат усяго адбылося. Людзям трэба было неяк выжываць і прыстасоўвацца да зьменлівай сытуацыі. Алесь Адамовіч першым у 1961 годзе паказаў іншую, але вядомую тым, хто перажыў акупацыю, вайну — „Вайну пад стрэхамі“. Музэй мае перадаваць гэты пісьменьніцкі пасыл наведнікам», — аргумэнтуе сваё бачаньне музэю Натальля Аляксандраўна.

Цяперашняя Глуша выглядае дагледжаным пасёлкам з даволі разьвітай сацыяльна-культурнай інфраструктурай. Школа, вялікі Дом культуры, сельсавет, некалькі крамаў, сталовая.

Імем Адамовіча не дазволілі назваць цэнтральную вуліцу Глушы

Цэнтральная вуліца мястэчка Кастрычніцкая. У 1996 годзе пасялковы савет і мясцовыя жыхары прапаноўвалі перайменаваць вуліцу з савецкай назвай на вуліцу імя Адамовіча. Беларускі ПЭН-цэнтар, якім тады кіраваў Васіль Быкаў, ды Беларускі саюз пісьменьнікаў, на чале якога стаяў Уладзімер Някляеў, ініцыятыву падтрымалі. Яна, аднак, не была ўхваленая ўладаю.

Будынак аптэкі цяпер. На яго рамонт і зьбіраюць грошы

Будынак аптэкі цяпер. На яго рамонт і зьбіраюць грошы

На Кастрычніцкай і стаіць будынак аптэкі. Агледзець знутры гэты аднапавярховы дом з глуха зачыненымі аканіцамі не ўдалося. Звонку ж ён і сапраўды выглядае кінутым, але яшчэ надзіва трывалым.

Сельсавет у Глушы

Сельсавет у Глушы

Па суседзтве — сельсавет. Яго старшыня Марыя Сушчэнка прыязна вітае журналіста ў сваім службовым кабінэце. Намеры адкрыць музэй Адамовіча ў Глушы ёй даспадобы.

Ня ўсе ведаюць, дзе пахаваны Алесь Адамовіч

«Музэй — гэта наша даніна памяці Алесю Адамовічу. У ягоным творы „Вайна пад стрэхамі“ паказана жыцьцё нашай Глушы, хоць і назваў яе аўтар Лясной Сялібай. Чытаючы твор, мы пазнаём тых людзей, якія жылі ў пасёлку, і кожны дзень вайны рабілі выбар: як дзейнічаць і як выжыць у няпросты час», — зазначае старшыня сельсавету.

На ейную думку, жыхары Глушы здольныя забясьпечваць функцыянаваньне музэю. З часам у пасёлку, кажа яна, можа ўтварыцца і грамадзкая арганізацыя, якая зоймецца пытаньнямі захаваньня мясцовых гісторыка-культурных адметнасьцяў.

Алесь Адамовіч не забыты ў Глушы, зазначае суразмоўніца. На штогадовым фэсьце народнай творчасьці «Глушанскі хутарок» пісьменьніка згадваюць. Яго дачка Натальля Аляксандраўна — заўжды ганаровы госьць фэстывалю.

Пасьляваенны дом Адамовічаў з кустамі каліны на падворку

Пасьляваенны дом Адамовічаў з кустамі каліны на падворку

«Прыяжджае шмат гасьцей, і многія для сябе адкрываюць, што на Глушанскіх могілках пахаваны Алесь Адамовіч. Дэлегацыі з бабруйскіх школ прыяжджаюць менавіта сюды, каб сустрэцца з дачкой пісьменьніка. У доме культуры распрацаваныя мэтадычныя брашуры пра творчасьць Алеся Адамовіча. Жыхары Глушы ганарацца, што яны землякі славутага творца», — даводзіць Марыя Сушчэнка.

Чаму дзяржава не парупілася пра музэй Адамовіча?

Адна з вуліц у Глушы названая імем Алеся Адамовіча. Не даходзячы да яе некалькі дзясяткаў мэтраў, стаіць пасьляваенны дом роду Адамовічаў зь бярозамі на падворку. Іх неаднойчы згадваў пісьменьнік у сваіх творах. Багата ў двары каліны.

Вуліца Адамовіча знаходзіцца на ўскрайку мястэчка. На шыльдах назва вуліцы пададзеная на расейскай мове. Раней гэту вуліцу называлі Школьнай. Ад шашы асфальтаваная дарога вядзе да мясцовай школы. Па дарозе гутару зь землякамі пісьменьніка.

На шыльдзе назва вуліцы беларускага пісьменьніка пададзена на расейскай мове

На шыльдзе назва вуліцы беларускага пісьменьніка пададзена на расейскай мове

Адзін зь першых суразмоўцаў заяўляе: музэй Адамовіча мусіў быць у Глушы даўно, аднак далей пустых абяцаньняў ня зроблена нічога. Чаму, абураецца ён, дзяржава штогод ладзіць тут свае мерапрыемствы, а пра музэй дагэтуль не парупілася.

«Пра музэй гавораць даўно, але акрамя валуна на магіле пісьменьніка мала што нагадвае ў Глушы пра Адамовіча», — даводзіць сваю пазыцыю жыхар пасёлка.

«Няўжо такі вялікі чалавек, як Адамовіч, не заслужыў большага, — ня стрымліваючы эмоцыяў працягвае суразмоўца. — Чаму дзяржава ў абвешчаны Год культуры ня знойдзе сама грошы на адкрыцьцё музэю, а прапаноўвае іх зьбіраць? Хіба Адамовіч не заслужыў сваёй творчасьцю сабе месца, куды можна было б прыйсьці і пакланіцца яму і ягонай памяці? А грошы народ зьбярэ абавязкова».

Вуліца Адамовіча вядзе да школы

Вуліца Адамовіча вядзе да школы

Глуша тым і цікавая, што тут жыў Алесь Адамовіч, зазначае наступны суразмоўца. Паводле яго, жыхары пасёлка з павагаю ставяцца да пісьменьніка.

«Яны ганарацца, што таксама па-свойму спрычыніліся да творчасьці Адамовіча. У пасёлку вуліца названая імем пісьменьніка. Яго згадваюць на дзень народзінаў. З часам створыцца і музэй пісьменьніка», — аптымістычна выказваецца жыхар Глушы.

У школьнай праграме няма твораў Алеся Адамовіча

Не дайшоўшы крыху да школы, пераймаю тлумную грамаду вучняў. Пачуўшы пытаньне, хто такі Алесь Адамовіч, падлеткі разгублена расступіліся, даючы слова сьмялейшаму са сваёй кампаніі.

Глушанская школа пра якую не забываў пісьменьнік

Глушанская школа пра якую не забываў пісьменьнік

«Гэты наш зямляк. Музэя Адамовіча ў нас нібыта няма, але дом пісьменьніка, той што на пачатку вуліцы, лічыцца мясцовай славутасьцю. Зразумела, што мы ганарымся нашым земляком», — рапартуе хлопец.

На пытаньне, ці чытаў ён што з твораў Адамовіча, вінавата прызнаўся: ня памятае.

Куток з кнігамі Адамовіча ў школьнай бібліятэцы

Куток з кнігамі Адамовіча ў школьнай бібліятэцы

У Глушанскай школе расейская мова навучаньня. Школьнікаў разам зь дзетсадаўскай малечай набіраецца крыху болей за дзьве сотні. Звозяць у школу дзятву зь некалькіх суседніх вёсак. Разьлічаная навучальная ўстанова на паўтысячы чалавек. Будынак школы вялікі і дагледжаны.

Адміністрацыя школы сустрэла журналіста прыязна. Настаўнікі паказалі бібліятэку з выстаўленымі кнігамі Алеся Адамовіча. Сярод кніг чытальні нямала рарытэтаў з аўтографамі беларускіх літаратараў.

Кнігі з аўтографамі беларускіх пісьменьнікаў, якія таксама наведвалі Глушанскую школу

Кнігі з аўтографамі беларускіх пісьменьнікаў, якія таксама наведвалі Глушанскую школу

Кнігі з аўтографамі беларускіх пісьменьнікаў, якія таксама наведвалі Глушанскую школу

Кнігі з аўтографамі беларускіх пісьменьнікаў, якія таксама наведвалі Глушанскую школу

«Вучні ведаюць, што ў Глушы прайшло дзяцінства і юнацтва такога вядома чалавека як Алесь Адамовіч. На пачатку навучальнага году клясныя кіраўнікі абавязкова згадваюць яго і ягоную творчасьць. Хоць у школьнай праграме твораў Алеся Адамовіча няма, але настаўнікі для вучняў старэйшых клясах у аглядавых тэмах па сучаснай беларускай літаратуры творчасьць пісьменьніка абавязкова прыгадваюць», — зазначыла завуч школы Тацяна Фёдараўна.

Фотапартрэт Алеся Адамовіча ў школьнай чытальні

Фотапартрэт Алеся Адамовіча ў школьнай чытальні

У сваім аповедзе суразмоўніца таксама згадала фэст народнай творчасьці «Глушанскі хутарок». Вучні, паводле яе словаў, робяць на фэстываль выставу пра творчасьць Адамовіча.

Школьная бібліятэкарка Алена Ўладзімераўна памятае Алеся Адамовіча жывым. Кажа: як пісьменьнік бываў у Глушы, то не прамінаў наведваць школу і абавязкова прыносіў гасьцінцы.

«Апошні раз ён прыйшоў у школу за некалькі дзён да сьмерці, — згадвае Алена Ўладзімераўна. — Прынёс аўтарскі экзэмпляр часопісу „Полымя“ са сваім апавяданьнем „Vixi“. Старонкі часопісу былі пакрэмзаныя праўкамі аўтара. Мне дужа дарагі гэты Адамовічаў прэзэнт. Як адкрыецца музэй, абавязкова туды яго перадам».

Кантрасты Глушы — збанкрутаваны завод і дагледжаны Дом культуры

Перад тым, як зьехаць з Глушы, праходжуся вуліцай, якая ня стала Адамовічавай. У вочы кідаецца комін былога шклозаводу. Алесь Адамовіч згадваў гэтую гуту ў сваіх творах. Вакол яе і сфармавалася мястэчка. У часы сталінскіх рэпрэсіяў бальшыню спэцыялістаў, якія былі пераважна каталіцкага веравызнаньня, пазабіралі ў лягеры.

Комін старой гуты з разбуранымі цэхамі

Комін старой гуты з разбуранымі цэхамі

Па вайне з прадпрыемства жыў пасёлак. Пры канцы 1990 гадоў завод збанкрутаваў. Цяпер цэхі гуты разбураюцца. Напаўразбураныя цагляныя будыніны кантрастуюць з дагледжанымі ўстановамі культуры і гандлю на супрацьлеглым баку вуліцы Кастрычніцкай.

Насупраць закрытага шклозаводу праз шашу Дом культуры Глушы

Насупраць закрытага шклозаводу праз шашу Дом культуры Глушы

Многія, з кім давялося пагутарыць у пасёлку, прызнаваліся, што працуюць у Бабруйску. Да яго няпоўныя тры дзясяткі кілямэтраў. Багата сямей, якія працавалі на шклозаводзе, перабраліся ў іншае мястэчка — Ялізава. Там свая гута. Яна таксама перажывае ня лепшыя гады.

У родным мястэчку Алеся Адамовіча

У родным мястэчку Алеся Адамовіча

Нямала жыхароў Глушы выяжджаюць на заробкі ў Расею. Пасёлак, кажуць землякі Адамовіча, ратуе транзытная шаша, якую называюць «старой Варшаўкай».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG