Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пагоня» пад пінжаком ўлады


Кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька ў футболцы з «Пагоняй».

Кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька ў футболцы з «Пагоняй».

Чаму кіраўнікі дзяржаўных СМІ рэзка зьмянілі тон у апошнім «клюбе рэдактараў» на БТ?

Тры пытаньні да трох аналітыкаў: Уладзімер Глод, Юры Дракахруст і Віталь Цыганкоў.

Дракахруст: Апошнім часам перадача «Клюб рэдактараў», якую вядзе старшыня Дзяржтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька, нагадвала «пяціхвілінкі нянавісьці» з «1984» Оруэла. Гэта была суцэльная лаянка і зьнявагі ў адрас апазыцыі, незалежных СМІ, асабліва алею ў агонь падліла гісторыя са зьбіцьцём Паўла Дабравольскага. Сам спадар Давыдзька казаў, што незалежныя журналісты — гэта як «Ісламская дзяржава», яны тэрарысты. Зразумела, гэта абурыла незалежных журналістаў. Кіраўнікі незалежных мэдыяў напісалі ліст у Дзяржтэлерадыёкампанію, што хочуць паўдзельнічаць у перадачы.

І вось у мінулыя выходныя кіраўнік Беларускай асацыяцыі журналістаў Алег Бастунец быў запрошаны на гэты «Клюб рэдактараў». Трэба сказаць, што адбылася дзіўная мэтамарфоза. Ніякіх «ісламскіх дзяржаваў», зьнявагаў, даволі ветлівая, паважлівая размова. Ніякіх «антыдзяржаўных СМІ» — ну, у вас такі пункт гледжаньня, у нас такі.

Юры Дракахруст

Юры Дракахруст

Напрыканцы адбыўся дзіўнаваты пэрфоманс, калі спадар Давыдзька зьняў пінжак і паказ, што ў яго на грудзях на адным баку дзяржаўны герб, а на другім — так бы мовіць, герб Віцебскай вобласьці. Але вядома, што на гэтым гербе Віцебскай вобласьці — выява «Пагоні». Памятаеце, летась была гісторыя з кадэтамі, яны пад вайсковай формай мелі выяву «Пагоні». У спадара Давыдзькі, як высьвятляецца — таксама. Ну і спадар Якубовіч, рэдактар «Советской Белоруссии», сказаў, што «Пагоня» — паважаны сымбаль, і выказаў пажаданьне, каб лёзунг «Жыве Беларусь» стаў агульнанацыянальным. У чым прычына такой мэтамарфозы?

Вы, Віталь, пісалі з нагоды найбольш яскравых выказваньняў спадара Давыдзькі, ці ня зьехаў ён з глузду. Насамрэч, атрымліваецца, што ніхто з глузду не зьехаў, і ўсё можна памяняць на цалкам супрацьлеглую пазыцыю. І гэта выглядала тым больш дзіўным, што санкцыі зьнялі, і заўтра іх ня вернуць. Але жэст Захаду накладае на афіцыйны Менск прынамсі псыхалягічныя абавязкі прыстойна паводзіць сябе ў адказ. Таму зараз такі «мядовы месяц», не разганяюць маніфэстантаў, інфармацыйная палітыка таксама мяняецца. Лагодныя фармулёўкі гучаць, дэманструецца мінімальная павага.

Але тут ёсьць не толькі псыхалягічныя чыньнікі. Санкцыі зьнялі, але квіток у Парыж на хлеб не намажаш. Патрэбныя грошы. Зьняцьцё санкцый — гэта шлях да «морквачак». А каб іх зарабляць, трэба сябе прыстойна паводзіць. Зараз «галубы» ва ўладзе зрабілі Лукашэнку такі падарунак, дамагліся зьняцьця санкцый, на што нямногія спадзяваліся. Хардлайнэры аказаліся адсунутыя ўбок. А чыноўнікі, Павал Якубовіч, Генадзь Давыдзька, вельмі добра адчуваюць, куды дзьме вецер.

Віталь Цыганкоў

Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: Нават чалавек, які разумее, куды дзьме вецер, ня можа за тыдзень такую мэтамарфозу перажыць. Мне здаецца, тут усё прасьцей. Большы высокі чыноўнік магчыма патлумачыў Давыдзьку, якія зараз непасрэдныя задачы стаяць перад ідэалягічным асьвятленьнем сытуацыі. Цяперашняя пазыцыя Якубовіча была уласьцівая яму і раней. Калі Давыдзька накідваўся на незалежную прэсу, то той прытрымліваўся пазыцыі «давайце жыць мірна, мы ж адна краіна».

Якраз сёньня прайшла прэс-канфэрэнцыя Міністра ўнутраных спраў Беларусі Ігара Шуневіча. Ён сказаў, што МУС некалькі зьмяніў сваё стаўленьне да несанкцыянаваных акцый. «Зьмянілася рыторыка як замежная, так і ўнутрыпалітычная, і мы знайшлі прымальны альгарытм дзеяньняў,» — заявіў Шуневіч, падаецца, з пэўным шкадаваньнем.

Цяпер, паводле міністра, акцэнт зроблены на складаньні адміністрацыйных пратаколаў і накіраваньні іх у суд. То бок у гэты гістарычны момант хапаць не будуць, а будуць біць рублём.
Усё часьцей прадстаўнікоў апазыцыі запрашаюць у розныя тэлепраграмы праграмы. Але, нагадаю, гэта было і ў 2009-м, і ў 2010-м годзе.

Дракахруст: Але ж за «Пагоню» на грудзях Давыдзькі і за словы Якубовіча пра «Пагоню» грошы ў Эўразьвязе не дадуць. Ім абыякава, што там на грудзях у беларускіх чыноўнікаў — хоць Пагоня, хоць цяперашні герб, хоць серп і молат. Іх больш цікавяць правы чалавека, а гэта — ўнутраная справа беларусаў. Чаму ў межах гэтай кампаніі паслабленьняў паказваюцца такія сымбалі?

Цыганкоў: Давыдзька — чалавек творчы, чалавек-артыст: ён разумее задачу і па-свойму яе выконвае. Гэта менавіта пэрфоманс. Маўляў, вы думалі, я такі замшэлы, а мне «не слабо Пагоню апрануць». Гэта ўжо залежыць ад характару чалавека.

Уладзімір Глод

Уладзімір Глод

Глод: Думаю, што ёсьць устаноўка Лукашэнкі — рабіць выгляд, што ў Беларусі пачалі ладзіць грамадзкі дыялёг. Я заўважыў, што апошнім часам даволі істотна зьмянілася рыторыка і ў экспэртным асяродку. Група маладых экспэртаў — тыя ж Шпілеўскі, Сівіцкі, прадстаўнікі Лібэральнага клюбу, BISS пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў (агулам іх нехта трапна назваў «маладымі ваўкамі Макея») таксама зьмянілі тон абмеркаваньняў. Дыскусіі сталі больш узважанымі, меней стала катэгарычных фармулёвак, асабістых выпадаў.

Тое ж самае адбываецца зараз і на каналах Беларускага тэлебачаньня. Нават калі адкінуць «Клюб рэдактараў», то можна бачыць, што на экране, і ня толькі на «першай кнопцы», зьяўляюцца падзабытыя для БТ постаці: Алег Трусаў, Аляксандар Класкоўскі, Валянцін Голубеў, Валерка Булгакаў, Валер Карбалевіч.

То бок, я думаю, што ёсьць агульная ўстаноўка, разьлічаная на ўспрыманьне сытуацыі Захадам — рабіць выгляд, што сытуацыя ў Беларусі зьмяняецца да лепшага. Чаму так робіцца, зразумела — санкцыі з чыноўнікаў зьнялі, трэба дамагчыся наступнага — заходніх крэдытаў. Пад гэта і ствараюцца адпаведныя «карцінкі».

Але ж словы так і застаюцца словамі. Што з таго, што той жа Якубовіч ці Давыдзька казалі ў нядзелю пра павагу да «Пагоні»? Для журналісцкай супольнасьці амаль нічога. Журналістам было б куды лепей працаваць, калі б зьмянілі шмат якія палажэньні Закону аб сродках масавай інфармацыі. Гэта была б сапраўдная палёгка. А тое, што казаў пазаўчора Давыдзька? Мы ж памятаем, хто агучваў «знакаміты» фільм «Жалезам па шклу» — Давыдзька. Учора ён рабіў адно, сёньня кажа другое. Заўтра будзе новы загад — будзе казаць яшчэ нешта новае. І што? Сутнасьць працы журналістаў ад ягоных словаў не зьмяняецца.

Ну так, Давыдзька больш не называе недзяржаўныя мэдыі антыдзяржаўнымі. Але ж назваць іх антыдзяржаўнымі — хіба гэта наагул не абуральна? Зараз рыторыка сапраўды не такая канфрантацыйная, пад выглядам плюралізму (а як жа, ад афіцыйнага Саюзу журналістаў сядзіць Гігін, ад БАЖ — Бастунец) хочуць паказаць, што нібыта адбываюцца істотныя зьмены.

Гэта, як з выбарамі. Выбарчы кодэкс прынцыпова не мяняецца, а шуму шмат: працуе экспэртная камісія, вывучае, аналізуе. А ў выніку праўкі — касмэтычныя. Пыл у вочы для Эўропы і ня болей.

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG