Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Давыдзька ўзгадаў, што ён актор, а Якубовіч выказаўся зь піетэтам пра «Пагоню»


Павал Якубовіч, ілюстрацыйнае фота
Павал Якубовіч, ілюстрацыйнае фота

У «Клюбе рэдактараў» былі гэтым разам галоўны рэдактар «СБ — Беларусь сегодня» Павал Якубовіч, галоўны рэдактар «Комсомольской правды» в Белоруссии» Галіна Малішэўская, старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец.

Госьцем быў запрошаны вядоўца ток-шоў «Контуры» на АНТ Вадзім Гігін. Праграму вёў, як заўсёды, кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька.

Пачалі з абмеркаваньня таго, што генэральны дырэктар Wargaming Group Ltd. Віктар Кіслы стаў мільярдэрам, пажартавалі, хто гуляе ў кампутарныя гульні і ці гуляюць у гарачых кропках «у вайнушку».

Генадзь Давыдзька зачапіўся за назву артыкула ў «Народнай Волі» — «Як Пуцін прынізіў беларусаў». Гэта стала пачаткам абмеркаваньня «адказнасьці журналістаў».

Вадзім Гігін
Вадзім Гігін

«У кожнай газэты ёсьць ідэалягічная накіраванасьць», — падсумаваў Вадзім Гігін.

Перайшлі да Ўкраіны. Давыдзька заўважыў, што там пачынаецца ўжо трэці Майдан. Зачытаў цытату з «СБ — Беларусь сегодня» пра Васіля Парфянкова.

Андрэй Бастунец заўважыў, што першым пра Васіля Парфянкова, які граміў банк, паведаміла Радыё Свабода, потым «Наша Ніва». Давыдзька запытаў: «Без шкадаваньня?» — «Без шкадаваньня», — адказаў Бастунец.

Перайшлі да абмеркаваньня ролі журналістаў на Майдане. Вадзім Гігін канстатаваў, што часта «журналіст становіцца ўдзельнікам палітычнага канфлікту». І скрытыкаваў Андрэя Бастунца і Жанну Літвіну, якія некалі на «круглым стале» быццам бы абвінавачвалі дзяржаўныя СМІ ў «нэўтральнасьці» што да асьвятленьня падзей ва Ўкраіне.

«У чым розьніца паміж двума журналісцкімі саюзамі? Якая роля грамадзкіх аб’яднаньняў?» — запытаўся Давыдзька.

«Абарона правоў журналістаў, творчыя конкурсы», — адказаў Гігін.

Давыдзька запытаўся, што думае Бастунец пра зьбіцьцё журналіста Паўла Дабравольскага ў будынку суду. Бастунец адказаў, што БАЖ зьвярнуўся ў Сьледчы камітэт (які дагэтуль не адказаў), у МУС, у Вярхоўны суд, Міністэрства інфармацыі, сабраў подпісы ў абарону.

«У гэтай гісторыі шмат няяснага», — сказаў Генадзь Давыдзька. Андрэй Бастунец запярэчыў, што якраз усё зразумела.

І на заканчэньне праграмы вядоўца «Клюбу рэдактараў», як сапраўдны актор, разыграў спэктакль. Пачаў з таго, што, маўляў, у інтэрнэце было шмат інфармацыі пра чэмпіёнку па муай-тай Кацярыну Вандар’еву, якая носіць майку з «Пагоняй». Потым зачытаў цытату, што Вандар’ева абвергла, што герб Пагоня — яе сымбаль.

Генадзь Давыдзька
Генадзь Давыдзька

Урэшце Давыдзька расхінуў пінжак і прадэманстраваў майку, дзе з аднаго боку — герб Віцебскай вобласьці («Пагоня»), а з другога — афіцыйны герб Беларусі.

А Павал Якубовіч сказаў, што ён «з павагай, зь піетэтам» ставіцца да «Пагоні». І задаў рытарычнае пытаньне: чаму лёзунг «Жыве Беларусь» ня стаў аб’яднальным?

У інтэрвію Свабодзе старшыня БАЖ Андрэй Бастунец сказаў, што задаволены тым, што ў «Клюбе рэдактараў» прагучала думка прадстаўніка незалежнай журналісцкай супольнасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG