Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бастунец: Добра, што кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі носіць «Пагоню»


Генадзь Давыдзька падчас эфіру перадачы «Клюб рэдактароў»

Генадзь Давыдзька падчас эфіру перадачы «Клюб рэдактароў»

Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец, які ўзяў удзел у апошнім выпуску перадачы «Клюб рэдактароў», сказаў, што Давыдзька паказаў «Пагоню» на майцы, каб прадэманстраваць гатоўнасьць да дыялёгу ў грамадзтве.

Асноўнай мэтай удзелу прадстаўніка незалежнай журналісцкай супольнасьці было выказваньне ў падтрымку карэспандэнта партала Tut.by Паўла Дабравольскага.

Андрэй Бастунец

Андрэй Бастунец

«Гэтая перадача адбылася таму, што журналісты і рэдактары незалежных СМІ зьвярнуліся на БТ і папрасілі магчымасьці выказацца наконт інцыдэнту з Паўлам Дабравольскім, які адбыўся некалькі тыдняў таму. Я лічу, што гэта правільнае рашэньне — скарыстацца такой магчымасьцю. Гэта лепш, чым калі ідзе аднабаковая падача інфармацыі», — сказаў Андрэй Бастунец Свабодзе.

Ён адзначыў, што размова падчас запісу праграмы вялася ў нечаканым тоне — незалежныя СМІ не называлі антыдзяржаўнымі:

«Тон выказваньняў адрозьніваўся ад мінулых разоў. Раней незалежныя СМІ называлі антыдзяржаўнымі, казалі пра правакацыі, а гэтым разам гаворка вялася зусім у іншым тоне. Вельмі добра, што была магчымасьць выказацца і іншаму боку, прадстаўніку незалежнай журналісцкай супольнасьці, і закрануць праблему стану незалежных СМІ ў Беларусі ў кантэксьце канфлікту з журналістам парталу Tut.by, данесьці сваю пазыцыю на гэты конт».

Вельмі добра, што была магчымасьць выказацца і іншаму боку, прадстаўніку незалежнай журналісцкай супольнасьці, і закрануць праблему стану незалежных СМІ ў Беларусі ў кантэксьце канфлікту з журналістам парталу Tut.by.

У перадачы абмяркоўваліся тэмы мінулага тыдня. Падзеі разглядаліся праз прызму дзейнасьці мэдыяў.

Старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька вырашыў зрабіць пэрформанс і паказаць сваю майку, на якой з аднаго боку была «Пагоня», а дакладней герб Віцебскай вобласьці, а зь іншага — афіцыйны герб Беларусі.

«Гэта адбылося падчас таго, калі гаворка вялася пра неабходнасьць дыялёгу ў грамадзтве. Я лічу, гэта добра, што старшыня Белтэлерадыёкампаніі дэманструе герб „Пагоню“. Але зразумела і тое, што на іншым баку майкі ён прадэманстраваў афіцыйны герб», — патлумачыў Андрэй Бастунец.

Журналіст адзначыў, што вялікіх мантажных дзеяньняў над відэазапісам перадачы зроблена не было, і па вялікім рахунку, усё, што абмяркоўвалася, пайшло ў эфір:

«Да тэмы прадпрымальнікаў не дайшлі. Разглядалі тэмы паседжаньня вышэйшага дзяржаўнага савету Саюзнай дзяржавы, затрыманьне Васіля Парфянкова, які ўдзельнічаў у акцыі ў Кіеве, а таксама праблему, зьвязаную з Паўлам Дабравольскім. Інцыдэнт з апошнім адбыўся раней, але гэта была мая просьба — зьвярнуцца да гэтай тэмы, каб выказацца ў падтрымку майго калегі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG