Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бізнэсовец, які судзіцца з «Газпромам»: крымінальны аўтарытэт уладаў — плюс для сярэдняга расейца


Максім Фрэйдзон у фільме «Таемнае багацьце Пуціна»
Максім Фрэйдзон у фільме «Таемнае багацьце Пуціна»

На 18 сакавіка ў нью-ёрскім судзе прызначаны разгляд апэляцыі па незвычайнай справе. Ураджэнец Пецярбурга, бізнэсмэн Максім Фрэйдзон падаў пазоў супраць «Газпрому», «Лукойлу» і іншых расейскіх кампаній, а таксама іх мэнэджэраў.

Фрэйдзон сьцьвярджае, што адказьнікі павінны выплаціць больш за 540 мільёнаў даляраў за яго долю ў нафтавай кампаніі «Совэкс», якая абслугоўвае аэрапорт Пулкава. Разам са сваім партнэрам Дзьмітрыем Скігіным, які сканаў у 2003 годзе, Фрэйдзон валодаў 29 адсоткамі акцый кампаніі «Сігма», якой належалі акцыі «Совэксу». У 2007 годзе «Совэкс» быў набыты «Лукойлам» і «Газпромам», а яшчэ раней, калі пасьля сьмерці Скігіна Фрэйдзон зацікавіўся лёсам сваіх акцый, на яго жыцьцё зрабілі замах: яго жорстка зьбілі ў Пецярбургу, пасьля чаго ён зьехаў у Ізраіль.

У нашумелым тэлефільме Бі-бі-сі «Таемнае багацьце Пуціна» Максім Фрэйдзон казаў: «Я ведаю ад свайго партнэра (Скігіна), што Пуцін запатрабаваў долі ў нашым бізнэсе. Спачатку ён хацеў 15 адсоткаў, але атрымалася зьбіць да 4 працэнтаў. Зразумела, гэта не было зарэгістравана ў якіх-небудзь афіцыйных дакумэнтах».

Раней у інтэрвію Радыё Свабода Фрэйдзон казаў пра ўдзел Уладзіміра Пуціна ў хабарніцтве ў той час, калі будучы прэзыдэнт Расеі працаваў у Санкт-Пецярбургу. Вось што Фрэйдзон кажа пра цяперашняе кіраўніцтва Расеі:

«Можа быць, я скажу непрыемную рэч, але гэтыя людзі цалкам адэкватныя. Як раз у рамках паняцьцяў і дадзяржаўнай сьвядомасці, як у Галіча ў „Каралеве матэрыка“: „Але начальнічак разумным ня можа быць, таму што — ня можа быць“. Закон — гэта нейкі грамадзкі дагавор, выкананы на пэўнай тэрыторыі. У Расеі, мабыць, таму, што ўся краіна са сталінскіх часоў праходзіла празь лягеры, „паняцьці“ зацьвердзіліся ў якасьці асноўнага права. Тут гэтыя людзі абсалютна адэкватныя, таму што яны гэтымі паняцьцямі кіруюцца і пры гэтым не выходзяць за рамкі разуменьня сярэдняга чалавека.

У нас круты пахан, а што?

Я ня думаю, што інфармацыя пра тое, што цяперашняя ўлада карумпаваная або прымала актыўны ўдзел у бандыцкім перадзеле ў Пецярбургу, кагосьці бянтэжыць у Расеі. Наадварот, крымінальная значнасьць цяперашніх уладаў у мінулым — гэта для іх камплімэнт з пункту гледжаньня іміджу для сярэдняга чалавека. У нас круты пахан, а што?

Усялякія дэмакратычныя закідоны незразумелыя, а тут зразумела: хлопцы змагаліся, усіх на калені паставілі, усё сабе забралі, шчыра падзялілі, — эпас заліхвацкай баявой дружыны, няма нуднай дэмакратычнай мудрагелістасьці. Не прымушаюць самога думаць, прымаць рашэньні, ня трэба за сябе адказваць. Трэба кланяцца татэму, жыць па паняцьцях і люта ганарыцца вялікай краінай, у якой жывеш. Дурасьць у спалучэньні зь лютасьцю дае чалавеку шчасьлівае пачуцьцё гармоніі і самадастатковасьці».

Цалкам прачытаць інтэрвію Максіма Фрэйдзона можна тут.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG