Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея зноў забракавала беларускія малочныя прадукты


Прыпыненае дзеяньне дэклярацый аб адпаведнасьці на малочную прадукцыю 10 беларускіх прадпрыемстваў. Рассельгаснагляд прызнаў яе «недабраякаснай і небясьпечнай».

Рашэньні прынятыя паводле матэрыялаў упраўленьня Рассельгаснагляду па Бранскай і Смаленскай абласьцях. Як заяўляе расейскае ведамства, лябараторна ўстаноўленая неадпаведнасьць малочнай прадукцыі патрабаваньням тэхнічных рэглямэнтаў Мытнага саюзу. Так, устаноўленае перавышэньне масавай долі кансэрванту (натрый азотнакіслы) у шэрагу сыроў вытворчасьці акцыянэрнага таварыства «Белавескія сыры», капыльскага філіялу Слуцкага сыраробнага камбінату, Баранавіцкага малочнага камбінату, браслаўскага філіялу Глыбоцкага малочнакансэрвавага камбінату, вытворчага цэху «Скідаль» ад «Малочнага сьвету», прадпрыемстваў «Мілкавіта», «Рагачоўскі малочнакансэрвавы камбінат», бярэзінскага філіялу «Здравушка-мілк», любанскага філіялу Слуцкага сыраробнага камбінату, шчучынскага масласырзаводу, малочнай кампаніі «Навагрудзкія дары».

У сухім абястлушчаным малацэ з Капыля і Любані (філіялы Слуцкага сыраробнага камбінату) выяўлены мэтранідазол. Вэтэрынарная форма гэтага прэпарату ўжываецца для лячэньня трыханамадаў і іншых паразытарных інфэкцый у буйной рагатай жывёлы. Паводле ўхваленых інструкцый малако, атрыманае ў часе лячэньня кароў, забараняецца выкарыстоўваць у ежу.

Знаходжаньне мэтранідазолу ў малочнай прадукцыі не адпавядае правілам Мытнага саюзу. Рассельгаснагляд лічыць, што на беларускіх малочных прадпрыемствах вядзецца недастатковы лябараторны кантроль.

Расея мае пастаянныя прэтэнзіі да беларускіх малочных прадуктаў. Пры тым адпаведная расейская прадукцыя не нашмат лепшая, але даражэйшая. Як пісала «Независимая газета», расейскае малако нашмат даражэйшае, чым у Эўразьвязе. Цяпер імпарт малака ў Расею адтуль адтуль прыпынены санкцыямі. Аднак расейскіх вытворцаў непакоіць таннае малако зь Беларусі — яны нават заклікалі Мінсельхарч Расеі выключыць беларускае сухое малако і сухую малочную сыроватку з пераліку прадуктаў, якія дазваляецца ўвозіць зь Беларусі.

XS
SM
MD
LG