Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Топ-14 беларускіх песень пра каханьне


Свабода згадвае беларускія песьні за апошнія паўстагодзьдзя, якія прыйдуцца дарэчы да Дня ўсіх закаханых. Песьняры, мэтал і рэп — пра каханьне па-беларуску можна сьпяваць па-рознаму.

Увесь заходні сьвет адзначае 14 лютага Дзень сьвятога Валянціна. І хоць каханьне ў беларусаў хутчэй асэнсоўваецца ў беларусаў з Купальскай ноччу, Свабода прапануе згадаць на Дзень усіх закаханых песьні пра каханьне, выкананыя па-беларуску.​

Песьня Лявона Вольскага, што выступіла ў якасьці саўндтрэку фільма «Жыве Беларусь!», набыла самастойную папулярнасьць з выхадам альбому «Грамадазнаўства». Кліп на яе здымаўся ў літоўскай Нідзе, у тым ліку на беразе мора, пяшчаныя дзюны якога былі прызнаныя аб’ектам Сусьветнай спадчыны ЮНЭСКА.

Гурт Navi, кажуць, чаруе слухачоў найперш сваёй шчырасьцю і простымі словамі. Праўда, вакаліст гурту Арцём Лук’яненка неяк згадваў забаўны выпадак: простае для беларусаў слова «абдымі» на выступе ў Маскве было ўспрынятае некаторымі расейцымі як «обдыми», «обкури».

Тэму каханьня немагчыма было абысьці ў самым мірным і добрым жанры сучаснай музыкі — рэгі. І адзіная беларускамоўная песьня самых вядомых беларусаў, якія граюць у гэтым жанры, проста так і завецца — «Каханьне».

Больш складаны і цяжкі па гучаньні падыход да тэмы каханьня ў берасьцейцаў Sciana ў іхным колішнім гіце. Гэтая «Калыханка» зусім не падобная да звычайных калыханак, на ноч яе не пасьпяваеш, ды і тэма каханьня ў ёй фармулюецца досыць складана і нетыпова: «Ты будзеш небам, я буду ў небе госьць. Шкада, што неба ёсьць».

Зусім брутальны падыход да песень пра каханьне мае пэган-мэтал гурт Znich. Сярод фанатаў ходзіць легенда: лідэр гурту падарыў кліп сваёй нявесьце на вясельле. Тая, цяпер ягоная жонка Алеся Таболіч, дарэчы, прысутнічае ў кліпе ў адной з галоўных роляў.

Яшчэ адзін незвычайны стыль для песьняў пра каханьне — рэп. У сьвежым альбоме «Вір» Vinsent прапанаваў ход апавяданьня — ад цёплых успамінаў да недаверу і злосьці. Далей абыйдземся бяз спойлераў.

І зусім не беларускую гісторыю пра Тоні, Хуаніту, карыду і мафію прапануе IQ48. Гісторыя зь іншага канца Эўропы даволі магла б паўтарыцца ў Беларусі, ды да быкоў у нас ставяцца больш літасна.

Значна больш простую, зусім юнацкую гісторыю каханьня апавядаюць панкі Amaroka — па-дзіцячы наіўную, але драматычную і шчымлівую. І такую, пад якую, як ні дзіва, можна весела скочыць.

Кожная песьня J:mors трошкі пра каханьне. Вось як «Маё сонца» — невядома, да чаго там правайдары, але адчуваецца, што да моцных пачуцьцяў. Ня дзіва, што свой дзявяты альбом, «Паветра», яны прадставілі якраз напярэдадні Дня ўсіх закаханых.

У сьпісе песень пра каханьне нельга не згадаць Тацяну Беланогую. Хай нават у яе песьнях больш расставаньня, чым уласна каханьня.

За дзясяткі год сваёй кар’еры Зьміцер Вайцюшкевіч пасьпеў пабываць у мноствах вобразаў і прасьпяваць песьні мноства народаў, ды нязьменным засталася палкая рэакцыя на яго выступы людзей усіх узростаў. Ды чаканьне на выступах такіх песень як «Вясновы дзень» з «Паравозу каханьня», што цалкам складзены зь песень на вершы Рыгора Барадуліна.

Каханьне беларусаў дзіўное: вось што сказаць пра народ, у якога адна з самых рамантычных песень усіх часоў пачынаецца са словаў "Кіну цябе назаўсёды, забуду імя…"?

Ля-ля-ля-ля-ля-ля, ля-ля. Ля-ля-ля-ля-ля-ля, ля-ля. Ля-ля-ля-ля-ля-ля, ля-ля. Ля-ля-ля-ля-ля-ля... ля! Ля! Ля! Ля-ля-ля! ЛЯ! ЛЯ! ЛЯЯЯЯЯЯ!!!

14-й песьняй у сьпісе: не забывайце, што і адна з самых вядомых у сьвеце песень па-беларуску не пра касцоў ці касінераў, а таксама пра каханьне!

Яшчэ на гэтую тэму

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG