Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь зрабіла сайт для прасоўваньня беларускіх тавараў за мяжой. Па-расейску і без тавараў


ByExport.com павінен прасоўваць тавары «на пяці кантынэнтах». Але мае толькі расейскамоўную вэрсію і практычна пусты каталёг.

У Беларусі запусьцілі ўласны праект ByExport.com, «новы для краінаў СНД партал, асноўная мэта якога — анлайн-прасоўваньне тавараў беларускіх вытворцаў за мяжой», паведамляе БЕЛТА, дадаючы, што праект яшчэ на стадыі запуску «падтрымалі найбуйнейшыя холдынгі нашай краіны», яго ацанілі як «эфэктыўны і неабходны інструмэнт сучаснага маркетынгу».

Пакуль сайт «падтрымалі» толькі 15 дзяржаўных кампаніяў. Некаторыя зь іх выставілі дзясяткі тавараў, а некаторыя — толькі адзін ці ніводнага. Так, «Камунарка» пакуль прапанавала на экспарт толькі шакалядку «Любімая Алёнка», а «Атлант», «Мілавіца», «Савушкін прадукт» і «Спартак» — ніводнага. Агулам прадстаўленыя 217 тавараў, большасьць зь якіх — розныя віды плястыкавай тары. Большасьць катэгорыяў экспартных тавараў, ад «аксэсуараў для валасоў» да «тэлефонаў і аксэсуараў», пустуюць.

Сам сайт прапануе «эфэктыўныя мэтады сучаснага маркетынгу, што вядуць да павелічэньня продажаў», «сетку прадстаўнікоў па ўсім сьвеце, якая хутка расьце», і «прадстаўленьне прадукцыі на найбуйнейшых міжнародных выставах». Пакуль усё абмяжоўваецца формай для сувязі на старонцы тавару, дзе трэба ўвесьці імя, пошту, тэлефон і паведамленьне. Каму будзе адаслана паведамленьне, не гаворыцца.

Таварам абяцаюць прадстаўленьне на найбольш папулярных мовах, але пакуль даступная толькі расейская вэрсія, «у распрацоўцы» ангельская і кітайская. Для мабільных прыладаў сайт аніяк не адаптаваны. Ня мае ён прадстаўніцтваў і ў сацсетках, хоць таварам абяцаюць «сацыяльны трафік», а на рэклямных выявах згадваюцца сацсетка Facebook, пошукавікі Google і Yandex, а таксама відэахостынг Youtube і паштовы сэрвіс Mail.ru.

Таварам таксама прапануюць CEO-прасоўваньне (маецца на ўвазе, верагодна, SEO — пошукавая аптымізацыя) — але пры пошуку ў Google, Yandex і Bing прысутныя на сайце тавары знаходзяцца найперш на іншых сайтах. Так, ByExport.com па запыце «Часы 728360181» (такі тавар прысутнічае на сайце) апынаецца толькі на чацьвёртай старонцы выдачы Google.

Сама ідэя прасоўваньня тавараў у інтэрнэце — даволі прыбытковая. Сусьветны лідэр у інтэрнэт-продажах, кітайская Alibaba Group ацэньваецца ў больш як 200 мільярдаў даляраў, продажы на сайтах групы за адзін дзень (калі ладзіцца распродаж) могуць дасягнуць 14 млрд. Раней намесьніца міністра гандлю Ірына Наркевіч распавядала, што Беларусь працуе над прасоўваньнем айчынных тавараў на найбуйнейшыя пляцоўкі онлайн-гандлю — Alibaba і AliExpress.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG