Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да дня барацьбы супраць раку ў сацсетках пройдзе акцыя #МоваРук


4 лютага, ва Ўсясьветны дзень барацьбы супраць раку, у Беларусі стартуе міжнародная кампанія «Мы можам. Я магу».

Пад такім слоганам Міжнародны проціракавы саюз (UICC) абвяшчае трохгадовую кампанію — з 2016 па 2018 гады — каб прыцягнуць як мага больш людзей да канкрэтных дзеяньняў па прадухіленьні анкалягічных захворваньняў і барацьбе з ракам. У 2014 годзе тэма аналягічнай кампаніі была «Разьвянчаем міт пра рак», у 2015 годзе — «Гэта нам пад сілу», распавяла кіраўніца Цэнтру падтрымкі анкапацыентаў «У імя жыцьця» Ірына Жыхар, якая сама двойчы перамагла каварную хваробу.

Кіраўніца інфармацыйнай службы Цэнтру падтрымкі анкапацыентаў «У імя жыцьця» Натальля Халанская тлумачыць сэнс новай акцыі, якая стартуе 4 лютага:

«Чаму „Мы можам“, „Я магу“? Што маюць на ўвазе Міжнародны супрацьракавы саюз і Ўсясьветная арганізацыя аховы здароўя?

„Мы можам“ — гэта зварот да пэўных супольнасьцяў, арганізацыяў, кампаніяў, да самой дзяржавы — што яны могуць зрабіць у барацьбе з анкалягічнымі захворваньнямі: натхняць на дзеяньні і дзейнічаць самім, прадухіляць узьнікненьне анкалёгіі, мяняць успрыняцьце ў грамадзтве і гэтак далей. Прычым кожная кампанія, супольнасьць можа дадаваць нешта сваё. Але ўнёсак кожнага з нас таксама будзе вельмі важны.

Другі пасыл — „Я магу!“ Што сёньня я магу як просты чалавек, каб уключыцца ў барацьбу з ракам? Гэта, зноў жа, 10 ключавых пасылаў, якія прапаноўвае міжнародная супольнасьць: зразумець, што раньняя дыягностыка можа выратаваць жыцьцё, прасіць аб дапамозе і гэтак далей. Але кожны з нас можа дадаваць штосьці сваё.

На сайце worldcancerday.org ёсьць вялікая інтэрактыўная мапа. Можна сказаць, што гэта зводка ўсёй інфармацыі, усяго назапашанага вопыту з усяго сьвету. Сёньня кожны ахвотны можа туды зайсьці і дадаць нешта сваё: інфармацыю пра канфэрэнцыі, трэнінгі, сустрэчы — усё, што адбываецца офлайн. Гэта можа быць онлайн-падтрымка, калі вы робіце нейкія публікацыі, матэрыялы ў СМІ, калі вы ведзяце нешта ў сацыяльных сетках, — таксама гэта можаце дадаваць туды. Вось і сёньня на гэтай мапе зьявілася ўжо першая інфармацыя пра прэзэнтацыю кампаніі „Мы можам. Я магу“ (We can. I can) #МыМожамЯМагу #МоваРук у Беларусі», — апавяла кіраўніца інфармацыйнай службы Цэнтру падтрымкі анкапацыентаў «У імя жыцьця» Натальля Халанская.

«МоваРук» (Talking Hands) — гэта ўсясьветная акцыя, якая пройдзе ў сацыяльных сетках. Чалавек зьмяшчае фотаздымак сваіх рук з напісаным пасланьнем, што менавіта ён можа сказаць пра анкалягічныя захворваньні, і ставіць хэштэг. Дзякуючы хэштэгу фотаздымак трапляе на сайт.

«Гэта можа быць самая простая рэч. Да прыкладу, вы пішаце на далоні: «Я хачу прымусіць сваю маці прайсьці мамаграфію». То бок мэта акцыі — прыцягнуць як мага больш людзей на сайт кампаніі. Паколькі сайт пакуль ангельскамоўны, сацыяльна-асьветніцкая ўстанова «Цэнтар падтрымкі анкапацыентаў „У імя жыцьця“ вырашыла зрабіць акцыю больш эфэктыўнай. Мы просім усіх, хто будзе браць удзел у гэтай акцыі, даваць ня толькі хэштэг і фатаграфію з паведамленьнем, але і карысную спасылку. Чаму гэта важна? Таму што недакладнай інфармацыі пра рак у інтэрнэце надзвычай шмат. Мы ўжо разьмясьцілі шмат карысных спасылак на сайце oncopatient.by. Мы проста заклікаем распаўсюджваць дакладную, годную веры інфармацыю.

Мы спадзяёмся, што акцыю падтрымае як мага больш людзей, таму што быццам бы тэма хвалюе ўсіх, але пра яе мала гавораць і мала пішуць. Дзейнічайце, каб прадухіліць і перамагчы рак. Дзяліцеся ключавымі ідэямі ў сацсетках», — раіць адмыслоўца ў галіне рэклямы Юлія Ляшкевіч.

Як гэта працуе?

1. Напішыце на руцэ словы падтрымкі, выкарыстоўваючы фразы «Мы можам» альбо «Я магу».
2. Сфатаграфуйце руку з надпісам.
3. Падзяліцеся фотаздымкам у сацсетках, выкарыстоўваючы хэштэгі.
#МоваРук
#www.WorldCancerDay
#МыМожамЯмагу
#ДзеньСупрацьРаку

Зайдзіце на сайтworldcancerday.org — і ваша фота ўжо на сьцяне падтрымкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG