Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прагноз надвор’я на пяць год: пацяплее


За тэмпэратурнымі рэкордамі 2015 года будуць новыя, сьцьвярджаюць ангельскія мэтэаролягі. Тым часам беларускія гарады фіксуюць першыя тэмпэратурныя рэкорды 2016-га.

Мэтэаралягічны офіс Вялікабрытаніі склаў прыблізны прагноз на бліжэйшыя пяць год, паводле якога тэндэнцыя да падвышэньня тэмпэратураў на плянэце працягнецца, перадае The Guardian. У канцы 2015 года вялася гаворка пра тое, што год можа стаць самым сьпякотным за гісторыю назіраньняў, хаця ў выніку ён стаў толькі трэцім ад пачатку спадарожнікавай фіксацыі сярэдніх тэмпэратураў у 1979 годзе, саступіўшы па сьпёцы 1998 і 2010 гадам.

Ды 2016 год мае ўсе шанцы стаць самым цёплым за гісторыю назіраньняў, кажа экспэрт Мэтэаралягічнага офісу Даўг Сміт. Ён заяўляе, што прадказаць, наколькі дакладна пацяплее ў бліжэйшыя годы, цяжка, але агульная тэндэнцыя да пацяпленьня захаваецца праз рост канцэнтрацыі ў атмасфэры парніковых газаў і мэтэаралягічную анамалію, вядомую як Эль-Ніньнё . У 2017 годзе мае назірацца падзеньне сярэдняй тэмпэратуры, але затым у 2018, 2019 і 2020 гадах — зноў рост, пры чым адзін з гэтых гадоў можа перабіць нават меркаваны рэкорд 2016-га.

Тым часам беларускія гарады фіксуюць першыя ў 2016 годзе тэмпэратурныя рэкорды.

Так, у Менску 30 студзеня быў пабіты тэмпэратурны максымум 1995 года: зафіксавана +4,2 градусы вышэй за нуль, калі рэкорд 21-гадовай даўніны склаў +3,8 градусы. Самы цёплы дзень у студзені быў 28-м — +5,4 градусы, але гэта на 1,6 градусы меней за рэкорд таго ж дня 33 гады таму.

У Віцебску рэкорды былі пабітыя 29 студзеня (+3,3 градусы супраць +3,2 градусы 2002 года) і 30 студзеня (+4,9 супраць +3 у 1995-м), у Магілёве — 30 студзеня (+3,7 супраць +3,3 у 1995-м). Паўтораныя тэмпэратурныя рэкорды 28 студзеня ў Віцебску (+4,1, як 33 гады таму) і Магілёве (+4,3 у 1990-м) і 30-га ў Гародні (+6,5, як у 2002-м). Сьнежнае покрыва практычна сышло ў Берасьцейскай і Гарадзенскай абласьцях, на паўночным захадзе Менскай і захадзе Віцебскай абласьцей.

У канцы 2015 года на Парыскай канфэрэнцыі па клімаце краіны сьвету папярэдне пагадзіліся рабіць высілкі па тым, каб утрымаць глябальнае пацяпленьне на ўзроўні 2 градусаў паводле Цэльсію.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG