Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Партыя БНФ плянуе вылучыць на парлямэнцкія выбары 55 кандыдатаў


У папярэдні сьпіс кандыдатаў у дэпутаты на парлямэнцкіх выбарах, якія адбудуцца не пазьней за 11 верасьня 2016 года, ад Партыі БНФ уключана 55 чалавек. Пра гэта было заяўлена 30 студзеня на пасяджэньні Сойму арганізацыі.

Як патлумачыў БелаПАН старшыня партыі Аляксей Янукевіч, гэты сьпіс неканчатковы і ў ім могуць зьявіцца новыя імёны.

На наступным пасяджэньні Сойму Партыя БНФ плянуе зацьвердзіць партыйную плятформу, зь якой яе актывісты пойдуць на выбары. Паводле слоў Янукевіча, плятформа будзе мець два асноўныя разьдзелы, якія тычацца абароны незалежнасьці і эканамічных рэформаў.

«Што тычыцца абароны незалежнасьці, то гэта прадугледжвае выхад з розных міждзяржаўных утварэньняў з удзелам Расеі, такіх як АДКБ, Саюзная дзяржава, ЕАЭС. Таксама нашы кандыдаты будуць выступаць за падтрымку беларускай мовы і культуры, беларускай нацыянальнай сымболікі, больш цеснае рэгіянальнае супрацоўніцтва», — паведаміў Янукевіч.

У другім разьдзеле плятформы будуць утрымлівацца заклікі да правядзеньня рынкавых рэформаў. «Мы выступаем за тое, каб закон меў вяршэнства, што зьяўляецца істотным інструмэнтам прыцягненьня замежных інвэстыцый, безь якіх беларускую эканоміку сёньня не падняць. Эканамічны патэнцыял у Беларусі ёсць, але яго трэба рэалізаваць», — сказаў Янукевіч.

Яшчэ ў мінулым годзе сойм Партыі БНФ прыняў рашэнне аб тым, што арганізацыя ідзе на выбары са сваім сьпісам кандыдатаў у дэпутаты і ўласным пасланьнем.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG