Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вар’яцкае чаяваньне з аднарогам


"Аднарог", фрэска Дамэніка Зампіеры, 1602 г.
"Аднарог", фрэска Дамэніка Зампіеры, 1602 г.

Калядныя канікулы я прабавіла за дзьвюма кнігамі, якія зрабіліся для мяне своеасаблівым падсумаваньнем 2015 году і далі нагоду паразважаць пра тое, што мяне ў тым годзе цікавіла найбольш. Першая з гэтых кніг — раман Альгерда Бахарэвіча «Белая муха, забойца мужчын», прэзэнтацыя якога адбылася 28 сьнежня ў кнігарні «Галіяфы», другая — раман Сяргея Балахонава «Інфанта і аднарог», які я выпадкова знайшла на сайце Smashwords — набыць там гэтую кнігу ў электронным фармаце можна за 2 даляры. Два гэтыя раманы-антыподы, прачытаныя адзін пасьля другога, здольныя давесьці да вар’яцтва. Ці, наадварот, вярнуць у рэальнасьць, калі нехта пасьпеў зь яе выпасьці.

«Мая кніга — пра беларускую гісторыю, якая ня мае жаночага голасу. Гэта раман пра сучаснасьць, у якой жанчын не заўважаюць, пра Краіну Замкаў, напалоханую Часам» — расказаў Радыё Свабода пра свой раман Альгерд Бахарэвіч. Яго гераіні — незалежныя суб’екты гісторыі, што маюць права голасу і выбару, рухальная сіла раману. Жанчыны ў рамане Балахонава таксама выходзяць з-пад кантролю, але толькі для таго, каб увасобіць у сабе ўсе магчымыя гендэрныя стэрэатыпы. Роля значнай часткі жаночых пэрсанажаў раману — падвышаць статус галоўнага яго героя, ад імя якога вядзецца аповед: «— Ты, канечне, малайчына. Такі расхэйдус ім наладзіў, няма спасу, — захопленасьць Рагнеды ў адрозьненьне ад значэньня функцыі, ад тлумачэньня якой настаўніца яшчэ не астыла, ня мела межаў. — Нават я мала кіпнем не сікнула, калі пачула, як ты іх чыхвосьціш».

«Інфанта і аднарог» — трэцяя кніга Сяргея Балахонава, які дагэтуль ужо выдаў раман «Імя грушы» (2005), што выклікаў бурную палеміку вакол «маральнасьці» постмадэрнісцкіх прыёмаў, і зборнік нарысаў з паралельнай гісторыі Беларусі «Зямля пад крыламі Фэнікса» (2012), які трапіў у шорт-ліст прэміі Гедройця 2013 году. Раман «Інфанта і аднарог», перш чым зьявіцца ў электроннай вэрсіі, друкаваўся ўрыўкамі (ці сэрыямі — бо раман мае сэрыяльную структуру) на сайце http://lohvinau.by/, але наколькі я змагла разабрацца ў навігацыі сайту, раман там зьмешчаны ня цалкам. Літаратурны сэрыял — ідэальнае вызначэньне для такой грымучай сумесі любоўнага, прыгодніцкага, містычнага і іранічнага школьнага раманаў, калі досыць мірныя эпізоды пра школьныя будні чаргуюцца з поўнымі нечаканак сцэнамі ў паралельных рэчаіснасьцях — і ўсё гэта на фоне любоўных перажываньняў галоўнага героя.

Усім вядома, што Сяргей Балахонаў практыкуе постмадэрнізм — як іншыя аддаюцца служэньню вуду ці, напрыклад, зьбіраньню марак. Раман «Інфанта і аднарог» пабудаваны з дасканалым веданьнем мэтараманных тэхнік і постмадэрнісцкіх прыёмаў: аўтар прымушае сваіх пэрсанажаў і чытачоў скакаць з рэальнасьці ў рэальнасьць, мы амаль бачым, як ён канструюе свой выштукаваны сьвет, падсоўваючы нам прадмову да раману ад рэдакцыі, датаваную 2077 годам, і быццам мімаходзь устаўляючы ў тэкст згадкі пра напісаную галоўным героем кнігу «Залатыя дулі Геспэрыд» — «авантурна-фантастычны раман пра біяробата, які выпадкова даведаўся, што ён не чалавек» — так, што чытач ужо нават і не ўпэўнены, а што ж ён, уласна, чытае. З апантанасьцю калекцыянэра зьбіраючы пад адной вокладкай постмадэрнісцкія тэмы і прыёмы, аўтар прымушае нас адчуць сябе наведнікамі тэматычнага музэю, дзе кожны экспанат выклікае мноства асацыяцый, ператвараючы залю ў стракаты калаж. Гэта пародыя на «Мага» Фаўлза, некалькі разоў падчас чытаньня кнігі падумалася мне, але ўрэшце я вырашыла спыніцца на думцы, што гэта пародыя на ўласнае захапленьне аўтара постмадэрнісцкай эстэтыкай, пародыя, якая ўжо мусіць не цьвяліць чытача, а паставіць нейкія апошнія кропкі над апошнімі «і», лягічнае завяршэньне фармальных пошукаў, што адбываліся ў першых дзьвюх кнігах пісьменьніка.

І ўсё ж — што рабіць з усім гэтым, калі маеш справу з творам, галоўны герой якога, настаўнік беларускай школы, ладную частку твора адбіваецца ад заляцаньняў супрацоўніц, школьніц і іншых выпадковых і невыпадковых жанчын? Усе цёткі — ідыёткі, і толькі мая каханая дзяўчына — малайчына, прыкладна так можна акрэсьліць агульны фон заблытаных стасункаў пэрсанажа, які спыняе каня ў галёпе, уваходзіць у ахопленую пажарам хату і ратуе жыцьцё ўсім пакрыўджаным і слабым.

Вымаляваны аўтарам супэрмэн Эрнэст Скіргайлавіч Баластоўскі, які марыць пра ціхае сямейнае шчасьце з вучаніцай адзінаццатай клясы і пры гэтым мусіць ратаваць сваю цнатлівасьць ад шматлікіх замахаў з боку спрытных каляжанак — гэта нават не герой коміксу, Капітан Беларусь, а досыць плоскі пэрсанаж «мужчынскага» любоўнага раману. У нейкі момант мне захацелася вызначыць гэты раман як падлеткавы — дзяўчынкам можа быць прыемна атаясаміць сябе з каханай вучаніцай маладога настаўніка, а пагатоў разумніцай і выдатніцай, зацікаўленай у фізыцы. Аднак, па-першае, у кнізе занадта шмат эпізодаў, зьвязаных з «падшэўкай» настаўніцкага жыцьця, а таму раман хутчэй настаўніцкі. Па-другое, большасьць жаночых вобразаў — і настаўніц, і старшаклясьніц, якія настойліва ліпнуць да галоўная героя, — інакш яе жанчынаневісьніцкімі не назавеш. Апісаньне нездаровай канкурэнцыі паміж жанчынамі за асобу героя-апавядальніка, якой аўтар прысьвячае не адзін эпізод, культывуе найгоршыя гендэрныя стэрэатыпы, што існуюць у нашым грамадзтве.

Магчыма, калі б я прачытала «Інфанту і аднарога» да таго, як узяла ў рукі «Белую муху, забойцу мужчын», магчыма, ніякага вар’яцтва не было б. Але Альгерд Бахарэвіч задаў у беларускай літаратуры новую плянку. Пасьля яго гісторыі пра жанчын, што ўзялі ў аблогу Замак, балахонаўская гісторыя пра жанчын, што трымаюць у аблозе галоўнага героя, здаецца калі не анахранізмам, то сумнеўнай спробай прасьпяваць бульварны раман на новы лад — нават нягледзячы на тое, што ў рамане выкарыстаныя ўсе магчымыя постмадэрнісцкія прыёмы і аўтар прапануе чытачу квіток у паралельны сьвет па ільготным тарыфе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG