Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Бахарэвіч: «Мая кніга — пра беларускую гісторыю, якая ня мае жаночага голасу»


У панядзелак у менскай кнігарні «Галіяфы» адбылася прэзэнтацыя новай кнігі Альгерда Бахарэвіча «Белая муха, забойца мужчын». Раман выйшаў у выдавецтве «Галіяфы».

Пра раман, закранутыя ў ім праблемы і саму прэзэнтацыю на просьбу Радыё Свабода расказаў сам аўтар, Альгерд Бахарэвіч:

«Сталася так, што прэзэнтацыя «Белай мухі, забойцы мужчын» адбывалася ў часе навагодніх карпаратываў — фуршэтаў, гулянак і п’янак, якія так любяць беларусы.

Пакуль я прэзэнтаваў кніжку, тысячы жанчын у розных гарадах краіны займаліся гатаваньнем пачастунку — проста на сваіх ссунутых разам працоўных сталах. У рамане закранаецца гэтая тэма — вельмі злосна і іранічна. Таму спэцыяльна для імпрэзы я прыдумаў пэрформанс «Не мужчынская гэта справа»: надзеў клятчасты фартух, сеў за свой аўтарскі стол і пачаў наразаць і намазваць бутэрброды.

Хацелася правесьці свайго кшталту публічны экспэрымэнт: ці перастану я быць мужчынам, цягам дзьвюх гадзін займаючыся гэтай чыста «жаночай» справай. На шчасьце, ніякай жахлівай мэтамарфозы не адбылося — ні з маім полам, ні з гендэрам, ні з узроўнем тэстастэрону. Нават нарэзаўшы каля паўсотні бутэрбродаў, я застаўся белым, гетэрасэксуальным, упэўненым у сабе мужчынам.

Вельмі хацелася, каб на маёй прэзэнтацыі выступілі выдатныя жанчыны-творцы, якіх у Беларусі так шмат і якіх так часта ігнаруюць нашыя мэдыі, бо існуе неабвешчаны закон: жаночая творчасьць — гэта апрыёры творчасьць ніжэйшай якасьці, не такая важная і не такая сур’ёзная.

Я вельмі ўдзячны ўсім, хто выступіў на імпрэзе: філёзафцы Вользе Шпаразе, паэтцы і перакладчыцы Юлі Цімафеевай, паэтцы Сабіне Брыло, перакладчыцы Марыне Шодзе, перакладчыцы і крытыку Ганьне Янкуце. Прэзэнтацыя адбывалася пад музыку, якую выконвала Юля Юніцкая (клявішы).

Мы з Адамам Глобусам, адзіныя мужчыны-выступоўцы, таксама, здаецца, выглядалі годна. Уразіла тая заварожанасьць, зь якой публіка слухала літаратурна-музычную кампазыцыю, створаную Сяргеем Шупам (рэдактарам рамана) і Веснай Касэрэс: Сяргей выдатна прачытаў верш з раману, а Весна прыдумала музычныя тэмы. Наогул, людзей прыйшло шмат — прыемна было бачыць такую колькасьць чытачоў у новай кнігарні «Галіяфы» на Старавіленскай. Гэтаму месцу патрэбная падтрымка.

Апошнім часам для мяне зрабілася вельмі важнай такая рэч, як прытомнасьць. Чалавечая прытомнасьць, якая перамагае тупы фанатызм, нездаровы нацыяналізм і адданасьць нейкім сумнеўным ідэалам і ідалам.

Мне падаецца, што прытомны сучасны чалавек ня можа не падзяляць ідэй жаночай палітычнай і сацыяльнай роўнасьці, ён проста ня можа быць дрымучым сэксістам і шавіністам. Прытомны чалавек — заўжды антыпатрыярхальны, заўжды ў нечым фэмініст. Так атрымліваецца. Калі нехта адпрэчвае асноўныя каштоўнасці фэмінізму або лічыць яго злом і змовай супраць сьветаўладкаваньня — значыць, ён проста адстаў ад часу, проста «не даганяе».

Сьвет імкліва зьмяняецца, і прытомны чалавек зьмяняецца разам зь ім. А непрытомны можа далей бубнець пра традыцыі, «сьвятыя для кожнага беларуса рэчы» і «жаночае месца». Я спрабую прымірыць нацыяналізм і жаночую роўнасьць, нацыяналізм і антыпатрыярхальнасьць, то бок я за прытомны нацыяналізм, супраць манаполіі на яго з боку паўмёртвых сілаў, якія не пасьпяваюць за часам.

Мая кніга — пра беларускую гісторыю, якая ня мае жаночага голасу. Гэта раман пра сучаснасьць, у якой жанчын не заўважаюць, пра Краіну Замкаў, напалоханую Часам. «Яны захапілі Замак. Наш Замак, мужчынскае вынаходніцтва, Замак, у якім жанчыны заўжды былі або каштоўным скарбам, або госьцямі, або разьменнай манэтай. Але ніколі — гаспадарамі». Магчыма, гэтая цытата з кнігі магла б як найлепш перадаць яе галоўную ідэю.

Што далей? Праз тыдзень мы з жонкай выпраўляемся ў Парыж, дзе я атрымаў трохмесячную пісьменьніцкую стыпэндыю. Хачу напісаць там з тузін апавяданьняў. Зьбіраюся пачаць кнігу нон-фікшн, у якой паспрабую знайсьці прывідныя масты паміж Беларусьсю і Францыяй, паміж нашымі такімі не падобнымі культурамі. Але і Парыж, і Менск, і Ашмяны, і Шабаны, і Ніца зь Ліёнам — усё гэта мая вялікая і шматаблічная Эўропа, якой я ганаруся. Хочацца, каб яна заставалася прытомнай, вольнай і разнастайнай».

Верш "Глюмдалькліч", які прагучаў на прэзэнтацыі. Музыка: Весна Касэрэс, чытае: Сяргей Шупа:

Арганізатары прэзэнтацыі гэтым разам зусім ня дбалі пра «гендэрны балянс». На імпрэзе амаль выключна выступалі жанчыны. Мы пагаварылі зь некаторымі ўдзельніцамі і госьцямі.

Перакладчыца, выкладчыца БДУ Марына Шода:

Марына Шода

Марына Шода

«Ніякага гендэрнага балянсу. Сярод выступоўцаў (ці выступовак, калі менавіта так правільна ўтвараецца адпаведны фэмінітыў) — толькі жанчыны. Ну, амаль. Адзіны прадстаўнік альтэрнатыўнага роду чалавецтва — Адам Глобус — павінен быў крытыкаваць фэмінізм, але ўбачыў назву і, паводле мэтаду вольных асацыяцыяў, пераканаўча расказаў пра крутасьць скульптаркі Веры Мухінай. Вольга Шпарага паабяцала абавязкова дасьледаваць новы твор Альгерда з гледзішча ўсемагчымых і ўсемагутных фэміністычных канцэпцыяў. Ганна Янкута, адна зь нешматлікіх прысутных, што ўжо азнаёміліся з творам, нічога пра яго не расказала, каб ня спойлерыць, затое вырашыла ўключыць яго ў артыкул, прысьвечаны беларускай жаночай літаратуры апошніх гадоў.

Паколькі сам Альгерд — творца, схільны да іроніі, прэзэнтацыя атрымалася таксама іранічнай ды амбівалентнай. Аўтар вельмі стараўся паказаць сябе зацятым адэптам фэмінізму, пабыць добрай гаспадынькай на сваёй вечарыне, надзеўшы хвартушок ды акуратна накройваючы кілбаску ды агурочкі, але пэрыядычна намякаў, што патрыярхальных традыцыяў выракацца не жадае.

Таксама ва ўтульнай зале кнігарні „Галіяфы“ луналі музыка ад Юліі Юніцкай, музычна-літаратурныя вітаньні з Прагі ад Весны Касэрэс і Сяргея Шупы, вершы ад Юлі Цімафеевай і Сабіны Брыло і пах агуркоў. Музыка была сур’ёзнай, паэзія актуальнай, а агуркі сьвежымі :) ».

Перакладчыца, супрацоўніца Гётэ-Інстытуту ў Менску Вера Дзядок:

Вера Дзядок

Вера Дзядок

«Наведнікі ўчорашняй прэзэнтацыі, калі б яны ня ведалі, што такое фэміністычны раман, вынесьлі б перакананьне, што гэта твор, напісаны мужчынам, але натхнёны многімі жанчынамі (як нефэміністычна!). Па-першае, ён стаў пабочным вынікам магістарскай працы натхняльніцы і жонкі Юліі Цімафеевай, а таксама шматгадзінных дыскусій і абмеркаваньняў фэмінізму і фэміністычнай крытыкі.

Учора кожнае дзеяньне пэрформэра абвяргала яго словы. Сьцьвярджаючы, што сам ён наскрозь патрыярхальны, аўтар павязаў элеганцкі фартушок і пачаў наразаць канапкі. Фартушок, як высьветлілася, зусім не рэквізітны, а цалкам працоўны, бо Альгерд гатуе ня толькі на прэзэнтацыі, але і ў хаце. На гэты крок па пераразьмеркаваньні роляў у сям’і Альгерд увесь час падштурхоўваў слухачоў, намякаючы, што Новы год — самы слушны для гэтага час і што літаратура можа зьмяняць жыцьцё. То бок, зрабіў пад НГ падарунак беларускім жэншчынам!»

Філёзафка, супрацоўніца Цэнтру эўрапейскіх дасьледаваньняў Вольга Шпарага:

«Адным з ключавых словаў прэзэнтацыі кнігі аказалася слова фэмінізм.

Вольга Шпарага

Вольга Шпарага

Яго прамаўляў і сам пісьменьнік, і выступоўцы. Маё знаёмства з фрагмэнтамі кнігі пацьвярджае значнасьць гэтай адсылкі — кніга робіць магчымым у іранічна-крытычным ключы зірнуць на звыклае жыцьцё ў Беларусі, калі мужчыны Ствараюць гісторыю, а жанчыны наразаюць бутэрброды^; і калі сэксізм, непрыстойныя жарты і дамаганьні з боку мужчын прыкрываюцца словамі аб Вечнай жаноцкасьці або Прыгажосьці.

Юля Цімафеева адзначыла, што ў кнізе ідзе гаворка пра палітыку, але не пра тую, якая раўназначная выбарам і палітычным лёзунгам, а пра тую, якая тычыцца адстойваньня сваіх праваў і магчымасьці супраціўляцца гвалту і дыскрымінацыі. Ці абавязкова такі супраціў завяршаецца сыходам жанчын у Замкі або магчымыя і іншыя стратэгіі — застаецца пытаньнем, зь якім я пачала чытаць гэты раман, і якое, як я спадзяюся, захопіць і іншых чытачоў».

Фота: Юлія Цімафеева

Юля Яніцкая

Юля Яніцкая

Адам Глобус

Адам Глобус

Ганна Янкута

Ганна Янкута

Вольга Шпарага

Вольга Шпарага

Марына Шода

Марына Шода

Сабіна Брыло

Сабіна Брыло

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG