Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стваральнік 1863x.com у СІЗА аднаго з расейскіх гарадоў — Юхневіч


Некалькі дзён таму зьявілася інфармацыя, што стваральнік сайта 1863x. com, вядомы пад нікам Джон Сыльвер затрыманы ў Расеі.

Некалькі дзён таму зьявілася інфармацыя, што стваральнік сайта 1863x. com, вядомы пад нікам Джон Сыльвэр затрыманы ў Расеі. Увечары 25 студзеня на сайце зьявілася публікацыя, якая гэта пацьвярджае. Актывіст Павал Юхневіч, які кажа, што асабіста знаёмы са стваральнікам сайту, пагадзіўся адказаць на пытаньні Радыё Свабода, датычныя сытуацыі з Джонам Сыльвэрам.

— Ці вядома, дзе яго затрымалі?

— У адным з расейскіх гарадоў, пакуль пра гэта не магу сказаць.

— Чаму ён паехаў у Расею? (пасьля крымінальнага перасьледу ў Беларусі Джон Сыльвер парушыў падпіску пра нявыезд і выехаў ва Ўкраіну, дзе хацеў атрымаць палітычны прытулак — РС.)

— На жаль, гэта невядома, мне самому хацелася б гэта ведаць.

— Але ён ведаў, што на тэрыторыі Расеі яго могуць затрымаць па запыце Беларусі?

— Магчыма, ён наіўна меркаваў, што яшчэ ня час, бо зьехаў ён зь Беларусі недзе ў сярэдзіне восені. Безумоўна, гэта была вельмі грубая ягоная памылка, але я ня ведаў пра гэта. Мне падаецца, што гэта сытуацыя выглядае правакацыяй, і вялікае пытаньне выклікаюць тыя людзі, зь якімі ён ехаў на сустрэчу.

— Яго нехта выклікаў?

— Па нейкай інфармацыі, так. Але чаму гэтыя людзі не маглі прыехаць ва Ўкраіну, мне дзіўна.

— Пасьля таго, як ён пераехаў ва Ўкраіну, беларускія праваахоўныя органы праяўлялі да яго цікавасьць? Ведалі, што ён там знаходзіцца?

— Наколькі я ведаю, выклікалі на размовы ці на допыты ягоных родных.

— Ці можа быць, што расейскія спэцслужбы зацікавіліся гэтым чалавекам і адмыслова выклікалі яго на тэрыторыю Расеі?

— Я нічога ня буду адмаўляць, бо ўсё выглядае вельмі дзіўна.

— Што зь ім адбываецца цяпер і што будзе адбывацца далей?

— Зараз ён мусіць знаходзіцца ў СІЗА аднаго з гарадоў Расеі і чакаць экстрадыцыі ў Беларусь.

— Ці ёсьць у яго юрыдычная дапамога?

— Хутчэй за ўсё — не.

— А кантакт зь ім ёсьць?

— Не.

— Нават ягоная жонка ня мае зь ім кантакту?

— Абсалютна ніхто ня мае. Гэта самае цяжкое ў гэтай сытуацыі.

— Колькі можа заняць працэс экстрадыцыі?

— У межах двух месяцаў. Хацелася б, каб гэта было хутчэй. Як бы цынічна гэта не гучала, для ўсіх будзе лепш, калі Джон будзе ў Беларусі, хаця, вядома, трэба, каб ён быў на волі.

— У чым менавіта яго падазраюць у Беларусі?

— Наколькі я ведаю, першапачаткова адна са справаў была за публікацыю на ягоным сайце. А другая ўзьнікла ўжо ў працэсе разгортваньня першай. Сьледчы знайшоў на сайце карцінку, якую ён палічыў парнаграфіяй, хаця гэта была ілюстрацыя аднаго з антыбеларускіх паблікаў. І гэта палічылася за «распаўсюд парнаграфіі». Такім чынам, дзьве крымінальныя справы.

— Ці ёсьць у Беларусі людзі, якія ведаюць, хто такі Джон Сыльвер?

— Як па пашпарце яго зваць? Я ня ведаю, як ягонае прозьвішча. Навошта? За чалавека мусіць казаць не імя, а ягоныя справы. Я лічу, што сваімі справамі ён даказаў, што ён да чагосьці здольны. Ён адзіны прыклад у Беларусі за шмат гадоў, калі чалавек бяз грошай, бяз грантаў, без падтрымкі палітычнай сілы зь любога боку, проста ўзяў і зрабіў пасьпяховы праект, які зьвярнуў на сябе ўвагу. Гэта першы выпадак за шмат гадоў.

— Мне здаецца, дзіўная сытуацыя, калі чалавек так доўга захоўвае ананімнасьць перад людзьмі, якія насамрэч яго падтрымліваюць і давяраюць ягонаму меркаваньню, а ў той жа час праваахоўныя органы і спэцслужбы ведаюць ягонае імя. Навошта гэта?

— Мы сустракаліся ў офлайне, і я не хаваю, што я зь ім знаёмы асабіста. Мне гэта вельмі прыемна, для мяне дык гэта гонар. Ягоная ананімнасьць для яго была прынцыповым пытаньнем, бо гэта дазволіла выйсьці за межы гэтага апазыцыйна-змагарскага гета і зьвярнуць на сябе ўвагу большага кола людзей. Усе, хто цікавіўся, хто такі Джон Сыльвэр, мелі розныя вэрсіі. Шмат хто лічыў, што гэта я. Мне гэта вельмі імпанавала, гэта сур’ёзная адзнака, я вельмі ўдзячны. Але ўсе расчараваліся і зразумелі, што гэта не Юхневіч і ня нехта іншы. Проста такі хлопец, які раней ня быў у апазыцыі, а проста ўзяў і зрабіў. Неістотна, хто ён, істотна, што ён робіць. Па сутнасьці, гэта зараз адзіны рэсурс, які адкрыта супрацьстаіць расейскай інфармацыйнай экспансіі.

Сайт 1863х публікуе востра палітычныя тэксты, у якіх крытыкуюцца цяперашнія рэжымы ў Беларусі і Расеі. Аўтарам праекту называюць чалавека, які хаваецца пад псэўданімам Джон Сыльвэр.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG